Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Пачобут: сьпіс "неўязных" у Польшчу пашырыўся яшчэ на 13 асобаў


RFE/RL Рэдактар гарадзенскага часопісу “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут заявіў, што трынаццаці сябрам Рады саюзу палякаў, якія, паводле ініцыятывы ўладаў, ўдзельнічалі 27 ліпеня ў Шчучыне ў паседжаньні, якое прызначыла правядзеньне паўторнага 6-ага зьезду арганізацыі – забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

У Міністэрстве замежных спраў Польшчы, куды мы зьвярнуліся па камэнтар, заявілі, што нічога ня ведаюць пра такую забарону.

Мы пацікавіліся ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы, ці сапраўды чарговым 13 сябрам Саюзу Палякаў забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы. Прэсавы сакратар МЗС Тамаш Сэроціч сказаў:

(Сэроціч: ) "На гэтак сфармуляванае пытаньне я не магу адказаць. Магу толькі пацьвердзіць, што існуе сьпіс асобаў, якіх ня пусьцяць на тэрыторыю Польшчы. Гэты сьпіс складзены для ўнутранага, службовага карыстаньня адпаведных органаў: МЗС, памежнай службы. Сьпіс у залежнасьці ад абставінаў дапаўняецца чарговымі прозьвішчамі, але, зразумейце мяне, я не магу іх назваць. Людзі, якія знайшліся ў гэтым сьпісе самі даведаецца ад кампэтэнтных органаў, што яны ня маюць права ўезду на тэрыторыю Польшчы.

Паўтараю, ёсьць сьпіс, які сыстэматычна пашыраецца ў залежнасьці ад патрэбы і зьвестак, якія мы атрымліваем зь Беларусі".

Такім чынам прэсавы сакратар польскага МЗС пацьвредзіў толькі тое, што сьпіс, якім забаронены ўезд на тэрыторыі Польшчы папаўняецца новымі прозьвішчамі, але адмовіўся іх назваць.

На тэлефоннай сувязі – рэдактар гарадзенскага часопісу “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) "Спасылацца на нейкую афіцыйную крыніцу, адкуль я ведаю такую інфармацыю, я не магу. Папросту я ня маю права. Але гэта інфармацыя дакладная – усе трынаццаць удзельнікаў паседжаньня Рады ў Шчучыне атрымалі забарону на ўезд ў Польшчу. Больш таго, тое, што афіцыйна Польшча гэта не пацьвярджае – дык гэтак было ў дачыненьні і да тых асобаў з Саюзу палякаў, якім першым забаранілі ўезд у Польшчу. Тады забарону атрымалі Кручкоўскі, Трацяк і іншыя. Афіцыйны бок тады таксама ніяк не пацьвярджаў, але калі яны паспрабавалі ўехаць у Польшчу – іх не пусьцілі".

Рэдактар гарадзенскага часопісу “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут таксама сьцьвярджае, што забарона на ўезд ў Польшчу можа быць прымененая і да усіх удзельнікаў паўторнага 6-ага зьезду Саюзу палякаў, які мае адбыцца 27-га жніўня ў Ваўкавыску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG