Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Скрабца перавялі з "Валадаркі" ў турэмны шпіталь


Уладзімер Глод, Менск Кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, вядомага апазыцыйнага палітыка Сяргея Скрабца сёньня перавезьлі ў турэмны шпіталь па вуліцы Апанскага ў Менску. Пра гэта нашаму радыё паведаміла жонка былога дэпутата Аляксандра Скрабец

Аляксандра Скрабец распавяла, што ейны муж, які апошні месяц знаходзіўся ў сьледчым ізалятары часовага ўтрыманьня па вуліцы Валадарскага ў Менску, на гэтым тыдні адчуваў сябе кепска — пра гэта ён пісаў у лістох да яе й маці.

(Аляксандра Скрабец: ) “У яго праблемы з ныркамі. Я яму ўжо й лекі перадавала. Муж напісаў, каб перадачаў не прыносілі (мы дамаўляліся прынесьці ў панядзелак 22 жніўня), бо яго пераводзяць у шпіталь на Апанскага. Ён зьвярнуўся да доктара, і таму яго пераводзяць...”

Малодшы брат Сяргея Скрабца — Аляксандр вельмі ўсхваляваны гэтымі зьвесткамі. Ён гаворыць, што раней Сяргей ніколі ня скардзіўся на здароўе маці — заўжды шкадаваў і аберагаў яе. Тое, што ён паведаміў пра хваробу, можа азначаць, што ягоны стан сапраўды сур’ёзна пагоршыўся.

(Аляксандр Скрабец:) “Маці перажывае, што Сяргея пераводзяць у шпіталь. А мне незразумела, чаму ён да гэтага часу ня быў у шпіталі. Трымаць чалавека (пасьля 40 дзён бязь ежы) не ў шпіталі ў Берасьці чамусьці лічылася нармальным. Я думаю, што на добры толк мусілі зрабіць так: прыяжджае чалавек, які правёў такую даўгую галадоўку, і, калі нават ён ня скардзіцца на здароў''е, дактары мусілі яго агледзець, зрабіць аналізы. І адразу перавесьці на Апанскага, каб паставіць кропельніцу, аднавіць абмен рэчываў... Гэта ж відочна”.

Жонка былога дэпутата падкрэсьлівае, што ў мужа склаліся добрыя адносіны з сукамэрнікамі.

(Аляксандра Скрабец: ) “Людзі тут добрыя. Узаемаразуменьне ёсьць. Кантакты нармальныя. Я так разумею, што яны й харчуюцца разам, калі нехта зь іх атрымлівае перадачу з волі”.

Экс-парлямэнтар Скрабец быў затрыманы сёлета 15 траўня каля свайго дому ў Менску. У той жа дзень яго адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту спадар Скрабец абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб''яднала дзьве справы былога дэпутата — выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару — у адну, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавезьці арыштанта ў Менск.

Улетку 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне падавала, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта, для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG