Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым гістарычныя ўрокі маскоўскага путчу ГКЧП?


Ігар Карней, Менск Сёньня — 14-я гадавіна жнівеньскага путчу ў Маскве й стварэньня так званага ГКЧП — Дзяржаўнага камітэту ў надзвычайным становішчы. Спробы перавароту актыўна падтрымала тагачаснае камуністычнае кіраўніцтва Беларусі. Ці мелі плён урокі гісторыі?

Праз тыдзень пасьля няўдалай спробы перавароту Вярхоўны Савет Беларусі стварыў адмысловую камісію. Дэпутаты мусілі даць прававую ацэнку беларускім уладам, якія актыўна падтрымалі спробу путчу. Узначаліў камісію дэпутат Ігар Пырх — супрацоўнік праваахоўных органаў з Гомелю (некалькі гадоў таму ён заўчасна памёр).

Расказвае дэпутат Лявон Дзейка, які тады выконваў асаблівыя даручэньні камісіі.

(Дзейка: ) “У камісію ўваходзілі дэпутаты розных палітычных кірункаў. Вынікам іхняе працы стаў даволі аб’ёмісты даклад, у якім указваліся пэўныя дзеяньні службовых асобаў, накіраваныя на выкананьне рашэньняў ГКЧП. Але, на мой погляд, яскравых фактаў практычна ўстанавіць не ўдалося. У многіх структурах усё было даволі добра прыхавана — падменены многія дакумэнты й г.д.”

(Карэспандэнт: ) “Інакш кажучы, відавочнага плёну ад працы камісіі не было?”

(Дзейка: ) “Так, але сэнс у гэтым, безумоўна, быў. Таму што вынікам правалу путчу была ліквідацыя кампартыі. І гэта — асноўны плён. А што да канкрэтных службовых асобаў… Многія зь іх у той час былі чыста партыйнымі функцыянэрамі высокага рангу, і, як-ніяк, уплыў партыйных органаў яшчэ заставаўся. Яны ўплывалі і на дзейнасьць Савету міністраў, і на дзейнасьць Вярхоўнага Савету — у асобе Дземянцея. Многія зь іх былі членамі ЦК КПБ, некаторыя ўваходзілі ў бюро ЦК кампартыі. І асноўны плён такі — памянёная галіна кіраваньня краінай была анулявана”.

Амаль зь першых гадзін супрацьстаяньня ў Маскве рэпартажы з барыкад перадавалі ў Менск журналісты газэты “Знамя юности”. Фотакарэспандэнт выданьня Ігар Макаловіч згадвае падзеі 20 жніўня.

(Макаловіч: ) “Страшна было, калі па Калінінскім праспэкце пайшлі танкі, пачалася страляніна (тады загінулі тры чалавекі). Народ пачаў разьбягацца, ратаваліся, хто як мог. Тады было вельмі нават страшна. У той жа час гонар перапаўняў за людзей, якія ішлі; за тых жа бабуль, што варылі бульбу й несьлі тым, хто стаяў на барыкадах. Адчувалася вялікае яднаньне народу за ідэю. Вялізную колькасьць вядомых людзей можна было ўбачыць на барыкадах — яны стаялі разам з простым народам”.

Як удакладняе Ігар Макаловіч, своеасаблівым штабам супраціву ГКЧП стала рэдакцыя газэты “Московский комсомолец”.

(Макаловіч: ) “У рэдакцыі “Московского комсомольца” мы бачылі, як працавалі журналісты. Гаспаран тэлефанаваў Пугачовай, каб тая словам выступіла на абарону дэмакратыі. Рэдакцыя была наагул як штаб, як ідэйны цэнтар. Там жа друкаваліся ўлёткі. І мы — з іншымі журналістамі — езьдзілі ў мэтро, раздавалі ўлёткі, расклейвалі іх на вуліцах. Іншымі словамі, бралі сьціплы ўдзел ува ўсім гэтым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG