Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна 14 гадоў таму ГКЧП спрабаваў зрабіць дзяржаўны пераварот у СССР


Уладзімер Глод, Менск Група высокапастаўленых асобаў на чале зь віцэ-прэзыдэнтам СССР Генадзем Янаевым ўтварыла так званы ГКЧП – Дзяржаўны камітэт надзвычайнага становішча. Яны спрабвалі адхіліць ад улады першага прэзыдэнта краіны Міхаіла Гарбачова. Аднак на шляху путчыстаў сталі дэмакратычныя сілы. Маскоўскія падзеі мелі адпаведную рэакцыю і ў Беларусі.

Я тады працаваў у тэлеграфным агенцтве БелТА. Хаця афіцыйна яно лічылася ўрадавым, насамрэч усе інструкцыі і загады да нас прыходзілі перадусім з ЦК КПБ. У той дзень кіраўніцтва агенцтва ніяк не магло атрымаць указаньняў з ЦК, што перадаваць для мэдыяў, а што прытрымаць. Была вялікая разгубленасьць, супрацоўнікі зьбіраліся ў пакоях, дзе не выключаліся тэлевізары, на экранах якіх аднак доўгі час без усялякага перапынку трансляваўся балет Чайкоўскага "Лебядзінае возера". У пэўным сэнсе той дзень стаў выпрабавальным для мноства людзей. Бальшыня, наколькі я памятаю, прыціхла, адмаўлялася камэнтаваць маскоўскія падзеі, людзі проста чакалі, хто возьме верх. І толькі вельмі нямногія адважыліся адкрыта выказацца "супраць" ці "за" ГКЧП. І яшчэ адзін эпізод дагэтуль захоўваецца ў памяці. Мне патрабавалася нешта набыць у ЦУМе, і калі забег туды дзесьці а шостай вечару, ля адзелу, дзе прадаваліся радыёпрымачы, было як ніколі шматлюдна – прымачы з кароткахвалёвым дыяпазонам ішлі нарасхват. Людзі спадзяваліся даведацца праўду пра маскоўскія падзеі з замежных станцыяў.

Я папрасіў узгадаць дні путчу тагачасных дэпутатаў Станіслава Шушкевіча і Алега Трусава. Я прапаную цяпер паслухаць іхныя ўспаміны:

(Шушкевіч: ) "Я быў на лецішчы, паколькі былі парлямэнцкія канікулы. Поўную інфармацыю пра маскоўскія падзеі я пачуў з радыё "Свабода" і адразу паехаў у Менск. Прыйшоў да Дземянцея. А ён кажа: усё гэта добра, я ўжо тэлефанаваў Лук''янаву (тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету СССР)... Я кажу: ГКЧП – гэта дрэнная справа, трэба склікаць сэсію. А ён адказвае: “Не, ня будзем”. На наступны дзень зь Зянонам Пазьняком зрабілі заяву ў друку: трэба склікаць сэсію Вярхоўнага Савету, справа ідзе да разбурэньня дэмакратычных пачаткаў. Сэсія пачалася толькі 26-га, многія дэпутаты былі ў адпачынку, ды і Дземянцей супраціўляўся ўвесь час. І толькі калі стала ясна, у чым справа, тады ён ужо ня мог не пагадзіцца. Фактычна, ўжо ўсе "наехалі" на яго..."

Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "У ноч з 18 на 19 я з жонкай рабіў рамонт у кватэры, клеіў шпалеры. І таму лёг спаць вельмі позна, у тры гадзіны ночы. А 6-й раніцы ананімны званок: хавайся ў бульбу, ГКЧП! Я, шчыра кажучы, не паверыў і кажу: каб гэта было насамрэч, дык я б ужо дома не начаваў, прыехалі б ды забралі. І лёг спаць далей. Прачынаюся дзесьці а 8-й, уключаю тэлевізар, а там "Танец маленькіх лебядзей". Думаю, трэба ехаць у Вярхоўны Савет, бо, па ідэі, павінны, як мінімум, арыштаваць, а як максымум, растраляць. Дарэчы, расстрэльныя сьпісы былі, і вагоны я бачыў з кратамі, якія прыгналі, каб нас забраць. Так што ўсё гэта было вельмі сур’ёзна. Адны, асабліва дробныя чыноўнікі, вельмі радаваліся. Адзін чыноўнік (ня буду называць прозьвішча) прыбег да мяне – ну, усё, хана бэнээфаўцам! Некаторыя схаваліся. Некаторыя былі за ГКЧП, але баяліся адкрыта пра гэта казаць. Але частка дэпутатаў, як Камай ці Малафееў, адразу сталі на бок ГКЧП, а частка чакала – хто пераможа".

Паўстае пытаньне – што было б, каб ГКЧП у жніўні 1991 году перамог? Я прапаную зноў паслухаць Станіслава Шушкевіча і Алега Трусава, а таксама яшчэ і Сяргея Калякіна, які на той час узначальваў камуністаў Савецкага раёну Менску:

(Шушкевіч: ) "Ня мог ГКЧП дамагчыся перамогі. Магло б быць больш крыві. А перамогі путчыстаў быць не магло. Затое перамог беларускі ГКЧП у адной асобе з хаўрусьнікамі, якія далучыліся пасьля".

(Трусаў: ) "Мелі б тое, што ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, яшчэ горш. Былі б масавыя арышты, высылкі, былі б і расстрэлы. Так што мы б мелі звычайную для дыктатуры сытуацыю, прыкладам, як у Чылі пры Піначэту. Мелі б шмат крыві. Усё роўна Савецкі Саюз разваліўся б. Але магла б быць грамадзянская вайна вельмі моцная. А тут ядзерная зброя. Магчыма, мелі б і трэцюю ўсясьветную вайну".

(Калякін: ) "Нельга было зьмяніць рух гісторыі такім чынам. Усё роўна не было б Савецкага Саюзу. Беларусь была б незалежнай дзяржавай. Аб''ектыўна сытуацыя была такой, што ўвесь народ хацеў зьменаў, хацеў дэмакратыі. І ўсё роўна гісторыя разьвівалася так, як яна разьвіваецца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG