Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае Купальле на возеры Ісык-Куль


Ганна Сурмач, Прага (Этэр 16.08.2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнікі: Дзяхцярык Павал, Юля Руцкая (Кыргызстан). Сёлетняй вясною адна з краінаў Сярэдняй Азіі – Рэспубліка Кыргызстан прыцягнула да сябе ўвагу сьвету палітычнымі катаклізмамі, у выніку якіх у краіне зьмянілася ўлада, а былы прэзыдэнт Аскар Акаеў увогуле пакінуў краіну. Гэтыя рэвалюцыйныя падзеі давялося перажыць і беларусам, якія стала жывуць у Кыргызстане. Беларусы зь Бішкеку – госьці чарговага выпуску перадачы “Беларусы за мяжою”.

У былую савецкую рэспубліку Кіргізію беларусы траплялі рознымі шляхамі. Найбольш тыповыя зь іх – выезд або накіраваньне на працу, сямейныя абставіны ці служба ў савецкім войску. Да гэтай апошняй катэгорыі належыць спадар Павал Дзяхцярык. Ён нарадзіўся ў Івацэвіцкім раёне на Берасьцейшчыне, у Кіргізіі жыве ад 1983 году.

(Дзяхцярык: ) "Трапіў служыць, мне вельмі спадабалася і прырода, і людзі. Асабліва возера Ісык-Куль, яно – пэрліна гэтага краю. Я служыў на Ісык-Кулі, Ісык-Куль мяне і паланіў. Сустрэў тут сваю палавінку (яна – ўкраінка), і застаўся тут.

Калі мяне пытаюцца, чаму я тут, я жартам кажу, што мяне тут прывабілі дзьве жонкі і зараз я маю дзьве жонкі – адна, зь якою жыву, а другая, яна мяне толькі ўлетку прымае – гэта возера Ісык-Куль".

Спадар Павал, вы зьяўляецеся намесьнікам старшыні Грамадзкага аб’яднаньня беларусаў Кыргызстана “Сьвітанак”, калі яно стварылася і колькі беларусаў сёньня жыве ў гэтай краіне?

(Дзяхцярык: ) "Суполка стварылася ў 1993 годзе. Цяпер на тэрыторыі Кыргызстана жыве каля 3 тысячы беларусаў, у Бішкеку недзе 1100 чалавек. Суполка аб''ядноўвае каля 500 чалавек.

Ва ўсіх дзяржаўных мерапрыемствах, якія ладзяцца кіргізскімі ўладамі, мы ўдзельнічаем. Паказваем наш беларускі калярыт, наш фальклор. У нас ёсьць вакальны калектыў, таксама ёсьць танцавальная група – гэта наша моладзь.

Мы арганізавалі студыю прыкладнога мастацтва "Чараўніца".

Усе нашыя беларускія сьвяты сьвяткуем – Каляды, Дзяды адзначаем, увосень будзем Дажынкі сьвяткаваць.

У мінулым годзе мы сьвяткавалі Купальле на возеры Ісык-Куль.

Мы рабілі такія невялікія плоцікі, на іх запальвалі маленькія вогнішчы, вяночкі клалі і на возера пускалі. А на беразе раскладалі вялікае вогнішча, Купалінка ў нас была, усё, як належыць”.

Сёньня, як і шмат дзе ў замежжы, беларуская грамада ў Кыргызстане падзялілася на дзьве часткі, так што ў Бішкеку цяпер існуе ня толькі “Сьвітанак”, але і Беларускі цэнтар “Крыніца”.

***

Да маладзейшага пакаленьня беларусаў у Кыргызстане належыць 24-гадовая Юля Руцкая. Яна нарадзілася ў Віцебску, калі дзяўчынцы было 5 гадоў бацькі пераехалі ў Кіргізію, і яна вырастала ўжо ў Бішкеку. Цяпер гэтая краіна стала для яе другой радзімаю. Але і Беларусь наведвае час ад часу.

(Руцкая: ) "Можна сказаць, што ў мяне дзьве радзімы – Беларусь і Кіргізія. Канечне, я прывыкла тут, я тут вырасла, тут усе мае сябры, Але, усё роўна мая ўся радня ў Беларусі, мае дзяды і бабулі там. Самыя лепшыя мае дзіцячыя ўспаміны зьвязаныя зь лясамі, з грыбамі, з усім тым, што ёсьць толькі ў Беларусі і зусім няма ў Кіргізіі”.

Юля па спэцыяльнасьці палітоляг, яна вучылася на факультэце міжнародных адносінаў Амэрыканскага ўнівэрсытэту Цэнтральнай Азіі, які знаходзіцца ў Бішкеку.

Пасьля вучобы працавала трохі больш за два гады ў газэце "Время Центральной Азіі". Аднак, усё больш часу стала аддаваць свайму захапленьню музыкаю і сьпевамі.

(Руцкая: ) "Паралельна з вучобаю і працаю я ўсе гады выступала на сцэне, як эстрадная сьпявачка. Я скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна "на выдатна", піяністка. Ва ўнівэрсытэце я ўжо стала больш сур''ёзна займацца вакалам. Спачатку гэта было як хобі, а потым ужо гэта стала часткова і прафэсіяй. У мінулым годзе я на многіх фэстывалях і конкурсах прадстаўляла Кыргызстан, як прафэсійная выканаўца".

На якой мове сьпяваеце?

(Руцкая: ) "Сьпяваю на шмат якіх мовах, гэтыя мовы я ўсе вывучала – ангельская, гішпанская, турэцкая, кіргізская. расейская і адну песьню спэцыяльна для "Славянскага базару" падрыхтавала на беларускай мове – "Мой родны кут" [сьпявае].

У мінулым годзе я прасьпявала гэтую песьню на "Славянскім базары", дзе прадстаўляла Кыргызстан. На радыё і на тэлебачаньні гаварылі, што ўраджэнка Беларусі будзе прадстаўляць Кыргызстан”.

А па– кіргізскі Вы там сьпявалі?

(Руцкая: ) "На кіргізскай мове я таксама адну песьню прасьпявала".

Так што цяпер, як журналістка, ці палітоляг Вы ўжо не працуеце?

(Руцкая: ) "Цяпер я ізноў пачала займацца журналісцкай працай. Я працую ў адной з кампаній рэдактарам аднаго з навінавых парталаў па Цэнтральнай Азіі, рэдактарам сайту”.

А сьпяваць працягваеце?

(Руцкая: ) "Так, канечне, у мінулым годзе пасьля "Славянскага базару" я выступала ў Алма-Аты, потым ў Маскве прадстаўляла Кыргызстан на фэстывалі, я адзіная там прадстаўляла Кыргызстан”. [сьпявае кіргізскую песьню].

Юля, Вы ўсё ж палітоляг па адукацыі і хочацца задаць Вам некалькі пытаньняў адносна палітычнай сытуацыі ў Кыргызстане. Вы, пэўна былі непасрэднай сьведкаю нядаўняй рэвалюцыі ў гэтай краіне?

(Руцкая: ) "Я пайшла вучыцца на гэтую спэцыяльнасьць менавіта таму, што мяне гэта цікавіла заўсёды. Калі адбываліся гэтыя падзеі, да мяне званілі мае сябры і пыталіся, што ў нас адбываецца, яны хваляваліся за мяне. І ў гэтай сытуацыі я ўжо мусіла цікавіцца падзеямі. Да таго ж, я жыву ў цэнтры горада і гэтыя падзеі адбываліся практычна на маіх вачах".

А Вы самі не ўдзельнічалі?

(Руцкая: ) "Не, адназначна не. Я не была ўпэўненая, што гэта сапраўды тое, што патрэбна зараз краіне. Вядома, што былі сутычкі, было шмат раненых. Я вырашыла, што для мяне і маёй сям''і будзе так бясьпечней.

На жаль, мне давялося назіраць за тым, што адбывалася са свайго вакна і з балкона. У цэнтры гораду бегалі натоўпы мужчынаў з дубінкамі, з камянямі, літаральна пад маім балконам.

Мне было вельмі крыўдна, бо ўсё ж гэта мая другая Радзіма. Мне было крыўдна за тое, што народ дазволіў прынізіць сябе да такога ўзроўню. Найперш, тое, што адбылося ў тую ноч рэвалюцыі – марадзёрства. Тады не было ні міліцыі, нікога, на вуліцы не было сьвятла.

Пад маім балконам жанчыны, маленькія дзеці, школьнікі, мужчыны, калі раскрадалі крамы, цягнулі пакеты з адзеньнем, манэкены валаклі, пральныя машыны, ложкі жанчыны на сабе цягнулі. Шчыра кажучы, для мяне і для многіх жыхароў гэта было сапраўдным шокам.

Потым казалі, што гэтым займаліся прыежджыя з Поўдня і бяднейшыя людзі. Але я не магу пацьвердзіць, што толькі бедныя гэтыя рабілі. Я бачыла з балкона, як на сваіх аўтамабілях везьлі тыя ж пральныя машыны, кампутары – усё, што можна было.

Мая першая рэакцыя на ўсё гэта – я пабегла званіць у міліцыю, але ніхто там не адказваў. Я зразумела, што ў міліцыі ў тую ноч увогуле нікога не было, яны спалохаліся і разьбегліся, пакінулі горад на рабаваньне.

Усё рабавалі, я стаяла каля вакна і мне было страшна, у мяне цяклі сьлёзы, мне было крыўдна і, шчыра кажучы, сорамна”.

Вядома, што кожная рэвалюцыя мае і свой адмоўны бок. Але ў краіне адбыліся зьмены, якія як бы сьведчаць пра тое, што яна будзе разьвівацца ў дэмакратычным накірунку. Як лічыце, ці ўдасца новаму кіраўніцтву ісьці далей па гэтаму шляху?

(Руцкая: ) "Ведаеце, з майго пункту гледжаньня, як пачынаючага палітоляга, у Цэнтральнай Азіі такая дэмакратыя ня можа і не павінна быць".

Вы маеце на ўвазе эўрапейскага ўзору?

(Руцкая: ) "Так, так, тут свая мэнтальнасьць і традыцыі. Канечне, з аднаго боку добра, што тут зьявілася зараз шмат структураў міжнародных арганізацый, шмат грамадзкіх арганізацый, гэта ўсё зараз тут вельмі папулярна і гэта спрыяе фармаваньню эўрапеізаваных поглядаў на жыцьцё.

Але з другога боку ўсё роўна грамадзтва выхоўвалася ў іншай культуры і проста ўзяць аўтаматычна перанесьці тыя дэмакратычныя ўзоры, якія есьць ў Амэрыцы ці Эўропе, гэта немагчыма. Можа быць толькі нейкія элемэнты, але ня поўнасьцю.

У прынцыпе, я не магу сказаць, што пры Аскару Акаеву ў нас быў аўтарытарны рэжым, якраз не. Я б сказала, што краіна была дастаткова дэмакратычнаю ў параўнаньні зь іншымі краінамі Цэнтральнай Азіі. Я праглядаю ўсю прэсу Цэнтральнай Азіі, гэта зараз мая праца, і я бачу, што адбываецца ў іншых краінах, што там пішуць пра палітыку і пра ўлады і тое, што дазваляецца пісаць у нас. Гэта вялікая розьніца.

У нас, напрыклад, праўладныя выданьні могуць пахваліць палітыку дзяржавы, прэзыдэнта, але паралельна ў нас ёсьць і другі бок, другая думка. І хаця гаварылі, што Аскар Акаеў абмяжоўвае правы прэсы, у некаторай ступені гэта сапраўды было, але гэта не было так распаўсюджана, як у іншых краінах Цэнтральнай Азіі".

У такой сытуацыі чаму ўсё ж адбылася гэтая рэвалюцыя?

(Руцкая: ) "Аскар Акаеў ужо вельмі доўга затрымаўся ва ўладзе, 15 гадоў, ён ужо павінен быў пайсьці раней. Гэта адна прычына, а другая, я думаю, нават больш значная, гэта тое, што людзей найбольш усхвалявала, што ягоны палітычны шлях пайшлі працягваць сын і дачка. Яны абодва балятаваліся ў дэпутаты і былі абраныя, ужо былі гатовыя, можна сказаць пераняць уладу ад бацькі. Менавіта пасьля гэтага і пачаліся хваляваньні, найперш на Поўдні краіны.

Я б не сказала, што ўсё насельніцтва падтрымлівала гэта, шмат каго задавальняла былая ўлада. Прэзыдэнт пакінуў краіну ў самы цяжкі момант і ўсё пайшло як пайшло”.

А новая ўлада, адчуваецца што стала лепш?

(Руцкая: ) "На сёньняшні дзень складана гаварыць, прайшло яшчэ замала часу, пакуль што нічога радыкальна не зьмянілася. Можна сказаць, што эканоміка ў нас зараз проста адсутнічае, вельмі шмат беспрацоўных. На сёньня ўсе прадпрыемствы прыватызаваныя. Тут разьвіваецца бізнэс прадпрымальнікаў з Турцыі, з Карэі, Кітаю, з Расеі і нават зь Беларусі”.

***

Беларусы ў Бішкеку нэўтральна ставіліся да тых рэвалюцыйных падзеяў, якія адбываліся ў краіне, стараліся не ўмешвацца, як ужо сказала Юля Руцкая. Але ж наш першы суразмоўца спадар Дзяхцярык у той час пацярпеў ад наступстваў тых падзеяў, якія часам набывалі крымінальны характар.

(Дзяхцярык: ) "Пад час тых падзеяў па ўсім горадзе ўлёткі былі раскіданыя з папярэджваньнямі, каб расейскамоўнае насельніцтва, людзі славянскага паходжаньня, ад''яжджалі з Кіргізіі.

Тут у горадзе заставалася яшчэ вельмі шмат людзей, якія прыехалі з Поўдня пад час рэвалюцыі, яны рабілі розныя правакацыі. Увечары я ехаў дамоў, у "маршрутцы" два хлопцы-кіргізы прыставалі да дзяўчыны, яна была, здаецца, нейкай каўкаскай нацыянальнасьці. Я зрабіў ім заўвагу, ім гэта не спадабалася, яны прыпынілі машыну і накінуліся на мяне”.

Пасьля атакі і атрыманых пабояў спадару Паўлу давялося месяц лячыцца ў шпіталі.

Няма жаданьня ў Вас вярнуцца на Бацькаўшчыну?

(Дзяхцярык: ) "Жаданьне ехаць дахаты заўсёды ёсьць, вельмі хочацца, але ж тут ёсьць справы, якія трымаюць. Ну як пакінуць нашых суайчыньнікаў? Зьедзем толькі тады, калі апошні беларус ад''едзе".

Людзі хацелі ад''яжджаць?

(Дзяхцярук: ) "Канечне, пад час сакавіцкіх падзеяў вельмі шмат нашых беларусаў да нас прыходзілі і прасілі дапамогі, каб зьехаць адсюль, недзе каля сямі знаёмых сямей ад''ехалі. Такія падзеі былі, цяпер ужо няма, спакойна, усё добра. Сытуацыя стабілізавалася, думаем, што далей будзе лепш".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG