Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стануць лекі таньней?


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які тычыцца ўсіх беларусаў, незалежна ад прафэсіі ці ўзросту. Хварэюць, як вядома, усе – і багатыя, і бедныя, і маладыя, і пажылыя. Называецца дакумэнт “Аб фармаваньні цэнаў на лекавыя сродкі, вырабы мэдычнага прызначэньня і мэдыцынскую тэхніку”. Ці прывядзе гэта да зьніжэньня цэнаў на лекі?

Cутнасьць Указу – максымальна зьнізіць гандлёвыя надбаўкі на лекі. Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб з 1 верасьня дарагія заморскія прэпараты значна патаньнелі, незалежна ад таго, у якой аптэцы яны прадаюцца, у дзяржаўнай ці прыватнай.

Проста на беларускія лекі кошты жорска рэгулююцца, айчынныя лекі даволі танныя (прынамсі, у параўнаньні зь імпартнымі). А з зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі 5 тысячаў лекавых прэпаратаў у нашай краіне вырабляюць прыкладна 500. То бок – 10 адсоткаў. Што да якасьці і асартымэнту айчынных прэпаратаў, то дырэктар адной зь вялікіх фармацэўтычных фірмаў сказаў так:

(Дырэктар фармацэўтычнай фірмы: ) “Усё, што выпускаюць беларускія заводы – анальгін, асьпірын, цытрамон, валер’янка, пустырнік, – называюць”чаеўпаковачныя фабрыкі”. Гэта тое, што не зьяўляецца лекамі ў тым выглядзе, у якім лекі павінны сапраўды лячыць. Усе сур’ёзныя лекі – імпартныя. Ні адныя беларускія лекі – нават “Джэнэрык”, які вырабляецца беларускімі заводамі – не працуюць. Гэта ўсё – туман у вочы, усё гэта няпраўда. Таму ўсё, што яны выпускаюць, і барацьба за беларускі асартымэнт вялікага сэнсу, акрамя палітычнага, ня мае. Усё адно, лекі, якія лечаць людзей, – імпартныя”.

Новы Указ вызначае максымальныя памеры аптовых і гандлёвых надбавак у залежнасьці ад цаны лекаў, і цяпер яны будуць значна меншыя за тыя, якія існуюць сёньня. На лекі, якія фірма закупае, да прыкладу, па цане 10 даляраў, надбаўка магла дасягаць 35%, а цяпер вызначаны максымум – 21%. А вось на вельмі дарагія прэпараты, якія фірмы-вытворцы адпускаюць па цане 50-100 даляраў, згодна з новым указам, можна “накруціць” толькі 2% (было да 6). Праўда, дырэктар фармацэўтычнай фірмы, зь якім я размаўляла, сьцьвярджае, што лекі – адзіная ў Беларусі галіна гандлю, розьнічнай рэалізацыі, якая ў цану не ўключае нічога, акрамя мыта. Калі, да прыкладу, у цану на каўбасу альбо чаравікі можна ўключыць транспарт, арэнду, зарплату, рэнтабэльнасьць, то ў лекі – нічога, толькі мыта 10%. Акрамя таго, мясцовыя ўлады ўвялі яшчэ і свой, мясцовы падатак з аптэк. Таму гэта, натуральна, уплывае на кош лекаў. Замест таго, каб зьменшыць падаткі, усё робіцца адміністратыўна, Указам. Што з гэтага атрымаецца, прадказаць цяжка. Але пакуль дарэктар фармацэўтычнай фірмы выказаў такое меркаваньне:

(Дырэктар фармацэўтычнай фірмы: ) “Адбудзецца закрыцьцё аддаленых аптэк, аптэк у раённых цэнтрах, гэта адназначна. А ў Менску будзе істотнае скарачэньне аптэчнай сеткі. Адсоткаў 40-50 атпэчных установаў новыя надбаўкі вывядуць у мінус, аптэкі будуць стратныя. Натуральна, мы чакалі гэты ўказ, ведалі пра яго даўно. Але калі ўбачылі лічбы – ва ўсіх шок, і ён яшчэ не прайшоў зь пятніцы да сёньня. Дагэтуль незразумела, чым гэтыя лічбы абгрунтоўваліся. Да таго ж, намесьнік міністра аховы здароўя сп. Рудэнка па тэлевізары ўсёй краіне назваў зусім іншыя лічбы. Ён сказаў, што зьніжэньне з 45 да 41 адсотка. Ва ўсіх паніка. Хаця, паводле Указу, да 30% зьмяншаецца нацэнка агульная, якая ўключае і аптовую, і розьнічную. Што тут камэнтаваць? Шок, больш нічога”

А ў прыватнай гутарцы, не для запісу, фармацэўт сказаў, што наўрад ці лекі патаньнеюць. Проста будзе павышацца ўвозная цана на столькі, на колькі дзяржава зьмяншае гандлёвую надбаўку. Альбо імпартныя дарагія лекі наагул зьнікнуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG