Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні беларусы правялі акцыю пратэсту (фота)


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Вільні моладзь з дэмакратычных арганізацыяў зь Беларусі разам з украінскімі і літоўскімі калегамі зладзілі тэатралізаваную акцыю пратэсту “За свабодную Беларусь”.

Акцыю ініцыявала моладзевая арганізацыя "Рух маладых цэнтрыстаў Літвы". Паводле старшыні гэтай арганізацыі, Юліі Лісоўскай, акцыя ладзілася з мэтай зьвярнуць увагу Літвы і Эўразьвязу на адсутнасьць свабоды ў Беларусі і перасьлед дэмакратычных палітычных сілаў. Гэта таксама праява салідарнасьці моладзі трох краінаў, якія адпачываюць тут у летніку і, паводле іхных словаў, зладзілі акцыю спантанна, падрыхтаваўшы ўсё за некалькі гадзінаў.

У амбасаду ўдзельнікі несанкцыянаванай акцыі перадалі дэклярацыю з пратэстамі супраць уціску ўладаў на сем''і актывістаў, зьнікненьня палітыкаў у Беларусі і парушэньняў дэмакратычных прынцыпаў. Як патлумачыў Алег Мяцеліца, які прадстаўляе моладзевы рух “Зубр”, у дэклярацыі адлюстраваныя многія актуальныя праблемы сёньняшняй Беларусі:

(Мяцеліца: ) “Такія праблемы, як правы чалавека. Тое, што ў Беларусі ёсьць палітычныя вязьні. Тое, што ў Беларусі зьнікаюць вядомыя палітыкі, тое, што Беларусь апынаецца ва ўсё большай ізаляцыі. Мы заклікаем эўрапейскія краіны, у прыватнасьці Літву, не супрацоўнічаць з фашыстоўскім рэжымам Лукашэнкі.”

Моладзь з заклеенымі вуснамі і рукамі, зьвязанымі адной вяроўкай, з плякатамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшла ад будынку амбасады Беларусі да віленскай Ратушы. У акцыі бралі ўдзел прыкладна 70 чалавек, паводле іншых падлікаў – прыкладна 90 чалавек. Першая, маўклівая частка акцыі сымбалічна дэманстравала беларускія рэаліі. Пры будынку Ратушы хлопцы і дзяўчаты разьвязалі рукі, – гэта сымбалізавала жаданьне беларускай моладзі зьмяніць існуючую сытуацыю. Каб паказаць, што далей яны маўчаць ня будуць, удзельнікі акцыі адклеілі стужкі з вуснаў і хорам крычалі “Жыве Беларусь!”.

(А. Мяцеліца: ) “Магчыма, актывісты, якія цяпер вернуцца ў Беларусь, – таксама будуць нейкія наступствы. Магчыма, іх арыштуюць. Але, як мы кажам, мы больш баімся таго, што будзе з будучыняй нашай дзяржавы, што будзе з будучыняй нашых сем''яў. Я не хачу, каб мая сям''я, мае дзеці працягвалі жыць пры фашыстоўскім рэжыме.”

Калі моладзь сабралася пры будынку амбасады, адтуль выбег адзін з супрацоўнікоў, спраўдзіў, ці добра зачыненая брама і зьнік у будынку. Паліцыянту – ахоўніку амбасады, які прасіў моладзь разысьціся, хлопцы і дзяўчаты адказалі, што яны заўзятары футбольнай каманды Беларусі і “хварэць” за сваю каманду не забаронена. Гэты паліцыянт таксама зьдзівіў літоўскіх журналістаў тым, што запатрабаваў ад іх дазволу фільмаваць і спрабаваў сабраць журналісцкія пасьведчаньні ўсіх прысутных журналістаў, “бо яму так загадалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG