Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рашэньне "Нямецкай хвалі" разбурыла адзінства незалежнага грамадзтва"


Алесь Дашчынскі, Менск Адказваючы на пытаньне “Свабоды” наконт пратэстаў беларускай грамадзкасьці ў сувязі з рашэньнем “Нямецкай хвалі” трансьляваць на Беларусь расейскамоўныя перадачы, амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хэкер заявіў, што ягоная амбасада й фэдэральны ўрад ня маюць ніякага ўплыву на тое, што трансьлюе "Нямецкая хваля", на якой мове й у які час выходзяць ейныя праграмы.

На імя амбасадара Нямеччыны ў Беларусі прыходзяць лісты ад грамадзян Беларусі з пратэстам супраць арганізацыі перадач радыёстанцыі "Нямецкая хваля" па беларускай тэматыцы на расейскай мове. Амбасадар Марцін Хэкер не камэнтуе зьместу гэтых лістоў, а таксама колькасьць іх. І невядома, ці даходзяць яны да "Нямецкай хвалі", да фэдэральнага ўраду й Эўрапейскай камісіі.

У зьвязку з гэтым амбасадар адзначыў, што "ў рамках назіраньня, якое вядзецца ў краіне знаходжаньня, амбасаду цікавіць грамадзкая думка ў гэтай краіне”. Далей Амбасадар Хэкер даводзіць: “Аргумэнты ня робяцца лепшымі ад таго, што іх дасылаюць у калектыўных лістох. Таксама й у якасьці сродку вывучэньня грамадзкай думкі такія лісты падыходзяць, бадай што, меней, чым апытаньні, якія праводзяць у Беларусі аўтарытэтныя незалежныя інстытуты вывучэньня грамадзкай думкі, якія, спадзяюся, могуць вызначаць, наколькі вялікая патрэба ў альтэрнатыўнай інфармацыі на абедзьвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь і якая аўдыторыя можа быць ахоплена перадачамі на кожнай з гэтых моваў”.

Амбасадара Нямеччыны зьдзіўляе пазыцыя некаторых грамадзян Беларусі, якія цьвердзяць, што зацікаўленыя ў альтэрнатыўнай інфармацыі пра Беларусь, але не на расейскай мове. “Гэты пункт гледжаньня зьдзіўляе таму, што іншыя грамадзяне Беларусі кажуць: яны з большай ахвотай слухалі б інфармацыю пра Беларусь на расейскай, а не на беларускай мове. Няўжо гэтыя грамадзяне не павінны мець свабоды выбару?" — пытаецца Марцін Хэкер.

Што да плянаў "Нямецкай хвалі", — у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды амбасадар Марцін Хэкер падкрэсьліў (па-расейску).

(Хэкер: ) “Радыёстанцыя ў нас працуе свабодна, і яны вырашаюць, што яны робяць. І я не камэнтую гэтага".

Паводле кіраўніцы расейскай службы "Нямецкай хвалі" Карнэліі Рабітц, пляны аб стварэньні расейскамоўнай праграмы не памяняліся, і яна выйдзе ў эфір на пачатку кастрычніка.

Сацыёляг Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў спасылаецца на дасьледаваньне, праведзенае ў траўні гэтага году. На пытаньне, якой мовай карыстаецца насельніцтва ў побыце, ня больш за 5 адсоткаў рэспандэнтаў назвалі беларускую й амаль 60 адсоткаў — расейскую.

(Сасноў: ) “Гэта тое, што адбылося за 200 гадоў. Гэта тое, што Расея зрабіла мэтанакіравана. Таму цяпер трэба сыходзіць не з таго, што хочацца, а з таго, што ёсьць”.

Паводле рэдактара газэты "Наша ніва" Андрэя Дынько, сваім праектам "Нямецкая хваля" падкінула беларускай апазыцыі дыскусію.

(Дынько: ) “Рашэньне пра расейскую мову "Нямецкай хвалі" разбурыла адзінства незалежнага грамадзтва, якое зь цяжкасьцю было дасягнута. Для мяне досыць, каб гэтае рашэньне было перагледжана, і ўсё астатняе —адступае. Таму я спадзяюся, што ўсё ж "Нямецкая хваля" перагледзіць гэтае рашэньне. Многія сёньня крытыкуюць Нямеччыну. Па-мойму, у гэтым канфлікце больш вінаватая не Нямеччына, а некалькі людзей зь Беларусі, якія лабіравалі рашэньне аб расейскай мове "Нямецкай хвалі". Менавіта яны нясуць адказнасьць за раскол у незалежным грамадзтве, выкліканы памянёным рашэньнем".

Якія наступствы для апазыцыі будзе мець разьвязаная дыскусія вакол мовы радыёпраграмы "Нямецкай хвалі"? Пытаньне да палітоляга Аляксандра Фядуты.

(Фядута: ) “Вынік будзе адзін: бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў дыскусія скончыцца. Дзякуй Богу, што яна пачалася цяпер, а не за паўгоду да выбараў. Таму што тады ніякіх перамоваў паміж дзьвюма сапраўды існымі часткамі нашага грамадзтва не было б”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG