Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы не кантралюем сайту "Мультклюбу" – у нас забралі ўсю тэхніку і доступ"


Любоў Лунёва, Менск КДБ распачаў крымінальную справу супраць сяброў мультклюбу “Трэці шлях”. Стваральнікаў кароткіх мультфільмаў, якія распаўсюджваліся ў інтэрнэце, падазраюць у абразе Аляксандра Лукашэнкі. Супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус у кватэрах некаторых сяброў клюбу, забралі кампутары й усе электронныя носьбіты інфармацыі. Сайт "Мультклюбу" з раніцы быў заблякаваны.

Сябры мультклюбу з гумарам аднесьліся да гэтай сытуацыі, нягледзячы на тое, што займацца сваім хобі яны цяпер ня маюць магчымасьці. А ўсё ж яны ня вераць, што КДБ у часе сьледзтва зьвінаваціць іх у абразе Аляксандра Лукашэнкі. У Андрэя Абозава, які займаўся тэхнічнымі пытаньнямі, супрацоўнікі КДБ забралі адзінаццаць кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Потым яго дапытваў сьледчы Генадзь Несьцяровіч і цікавіўся дзейнасьцю "Мультклюбу". Пасьля гэтага яшчэ менш за суткі сайт працаваў, і наведнікі маглі паглядзець мультфільмы. Цяпер жа ён заблякаваны. Андрэй Абозаў так камэнтуе гэтую сытуацыю.

svaboda.org(Абозаў: ) “Пакуль мы не кантралюем сайту. У нас забралі ўсю тэхніку, усе дадзеныя — усё, што трэба для кіраваньня сайтам і доступу да яго. У выніку мы нават не ўяўляем, што зь ім адбываецца. У нас няма магчымасьці атрымаць кантролю за ім. Магчыма, гэта спрацавалі нашы “органы”, магчыма, — сам правайдэр вырашыў перастрахавацца й на нейкі час перакрыў доступ да сайту. Пакуль ня стане дакладна вядома, што ж адбываецца. Я думаю, што ўсё будзе нармальна. Мы адновім сайт — і ўсё будзе працаваць, бліжэйшым часам. Сытуацыя папросту анэкдатычная. Мультыкі клясу “Масяні”, вядомыя ў Расеі, у Беларусі абвешчаны па-за законам. Анэкдатычна, што такая моцная арганізацыя, як КДБ, пусьцілася ў пагоню за мульцяшкамі. Хаця такое ўражаньне, што КДБ — толькі інструмэнт у руках іншых людзей. А мы папросту трапіліся ім на дарозе”.

Цягам апошняга тыдня чатыры разы былі атакаваны сайты АГП, “Праваабарончага альянсу”, кіраўніком якога зьяўляецца Людміла Гразнова, а таксама сайт Маладога Фронту. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што ў часе выбарчай кампаніі гэта будзе пасьлядоўна адбывацца з інтэрнэт-сайтамі ўсіх незалежных выданьняў і грамадзкіх арганізацый.

Кацярына Ткачэнка — выканаўца абавязкаў кіраўніка прэс-службы АГП — паведаміла Радыё Свабода, што ў КДБ створаны адпаведны аддзел, на працу ў які запрасілі лепшых праграмістаў. Кацярына ўпэўнена, што яны будуць адсочваць непажаданую ўладам інфармацыю й блякаваць сайты.

КДБ стварыў прэцэдэнт. Упершыню ў постсавецкай краіне распачалі крымінальную справу за мультфільмы ў інтэрнэце.

Украінскія стваральнікі мультфільмаў на студыі “Дзіва прадакшн” не выключаюць, што ў выпадку рэпрэсіяў супраць іхных беларускіх калег пачнецца акцыя салідарнасьці, і мультыкі зьявяцца на ўкраінскіх і расейскіх сайтах.

Пасьля абеду сайт зноў запрацаваў.

УКДБ сытуацыі пакуль не камэнтуе.

***

У ХVІІ стагодзьдзі палітычная карыкатура зьявілася адразу ў Вялікай Брытаніі, Францыі і Галяндыі. Імпэратар Напалеон здолеў ацаніць выгады ад палітычнай карыкатуры і нават спрыяў таму, каб мастакі малявалі зьедлівыя карыкатуры на яго, што толькі спрыяла ягонай папулярнасьці. Францускі прэзыдэнт Шарль Дэ Голь нават зьбіраў калекцыю карыкатураў на яго. Летась брытанская тэлебачаньне паказала мультфільм пра знакамітых Сымпсанаў, у якім у камічным выглядзе фігураваў прэм''ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр. Цікава адзначыць, што агучыў пародыю... сам Тоні Блэр.

Існуе зразумела і іншая традыцыя. Папулярная праграма “Лялькі” на расейскім НТВ была зачыненая некалькі гадоў таму пасьля саркастычнай перадачы пра Пуціна.

Што тычыцца цяперашняй беларускай гісторыі з мульцікамі пра Лукашэнку, то прыгадваецца анэкдот савецкіх часоў. “Леанід Ільіч Брэжнеў зьбірае анэкдоты пра сябе. Ужо два лягеры назьбіраў”.

Гл. таксама • У КДБ выклікаюць студэнтаў, якіх падазраюць у стварэньні палітычных флэш-мультоў • КДБ учыніў ператрус на кватэрах студэнтаў, якіх падазрае ў стварэньні мультоў

Зьнешнія спасылкі: • mult.3dway.org -- сайт "Мультклюбу" • mult.batke.net -- альтэрнатыўная копія сайту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG