Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ заклікаў да байкоту ўсяго нямецкага


Уладзімер Глод, Менск Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ зьвярнуўся з адкрытым лістом да грамадзянаў Беларусі. У ім прапануецца пачаць байкот нямецкіх тавараў, фірмаў, турыстаў і ўсіх нямецкіх ініцыятываў. Галоўны лёзунг гэтай кампаніі: “НЕМЦАМ – БАЙКОТ!”.

Усё пачалося з таго, што сойм КХП БНФ разглядаў пытаньне аб палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. І вось што зафіксавана ў прынятых дакумэнтах: "Паўнамоцныя прадстаўнікі Эўразьвязу... ня хочуць прызнаваць відавочнае, што нацыянальны ўціск прамаскоўскага лукашэнкаўскага рэжыму і душэньне беларускай мовы ёсьць галоўнае і самае грубае парушэньне правоў чалавека і жыцьцёвага права беларускай нацыі. Гэтакая пазыцыя непрызнаваньня выяўлена ў рашэньні Эўракамісіі даручыць вяшчаньне на Беларусь тэлерадыёстанцыі “Нямецкая хваля” на… расейскай мове..." Далей удзельнікі сойму заклікалі беларускіх грамадзянаў – цытую: "...пачаць байкот нямецкіх тавараў, нямецкіх фірмаў, нямецкіх турыстаў і ўсіх нямецкіх ініцыятываў. Лёзунг: “НЕМЦАМ – БАЙКОТ!”

Перадусім я зьвярнуўся менавіта да прадстаўнікоў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ з просьбаю патлумачыць такія незвычайныя захады. Адзін зь лідэраў арганізацыі Валеры Буйвал зьвяртае ўвагу на тое, што "беларуская мова – галоўная каштоўнасьць беларускай нацыі і першасная ўмова дэмакратыі ў Беларусі".

(Буйвал: ) "Мы бачым ня проста элемэнты, а суцэльны палітычны экстрэмізм, які праяўляюць менавіта нямецкі бок, нямецкія палітыкі, нямецкае кіраўніцтва, нямецкая дамінанта ў Эўрапейскім Зьвязе. Гэта ёсьць экстрэмізм, можна сказаць, эўрапейскі экстрэмізм у адносінах да беларускага народу, да нашых традыцыяў, да нашай дзяржавы. Гэта ёсьць зьнявага, на якую трэба рэагаваць рэзка і адэкватна".

Палітычныя аглядальнікі лічаць, што заклік да байкоту ўсяго нямецкага ня ёсьць адэкватнай рэакцыяй. Так, яны пагаджаюцца, што трэба дамагацца, каб "Нямецкая хваля" вяла свае перадачы на беларускай мове, але рабіць гэта неабходны зь большым палітычным тактам. І я прапаную паслухаць думку доктара філязёфскіх навук, намесьніка галоўнага рэдактара газэты "Народная воля" Вячаслава Оргіша:

(Оргіш: ) "Ставіць пытаньне аб тым, каб трансьляцыі ладзіліся па-беларуску, безумоўна трэба. Гэта пытаньне, на мой погляд, не падлягае абмеркаваньню. Але пытаньне трэба ставіць абсалютна карэктна, дыпляматычна, ставіць так, каб потым не было сорамна. Бо пасьля сваркі цяжка чакаць дапамогі. Формы пратэсту павінны мець месца, але яны павінны быць больш дыпляматычныя, больш тактоўныя, таму што мы ня можам сварыцца з усім сьветам, у дадзеным выпадку з тымі ж нямецкімі сябрамі, якія хочуць дапамагаць усталяваньню дэмакратыі ў Беларусі. Трэба тлумачыць, трэба рабіць заявы, але заклікаць да байкоту ўсяго нямецкага... Мне здаецца, перахлёст тут ёсьць".

Учора ўвечары я размаўляў з кіраўніцай расейскай рэдакцыі "Нямецкай хвалі" Карнэліяй Рабітц. І вось як яна адрэагавала на згаданую заяву:

(Рабітц: ) ”Ведаеце, я нічога не магу сказаць наконт гэтай акцыі. Гэта справа тых людзей, якія мяркуюць, што яны робяць правільна, заклікаючы да такога байкоту. Я нічога не магу на гэты конт сказаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG