Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браніслаў Герэмак: “Трэба ізаляваць сатрапа і ягоную адміністрацыю, але нельга дапусьціць, каб пацярпеў беларускі народ"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Госьць Свабоды – Браніслаў Герэмак, выбітны навуковец-гісторык, выпускнік Варшаўскага і Сарбонскага ўнівэрсытэтаў. Адзін зь лідэраў “Салідарнасьці”, палітычны вязень, а пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму міністар замежных справаў Польшчы, “архітэктар далучэньня Польшчы да НАТО” і кіраўнік АБСЭ. Цяпер дэпутат Эўрапейскага парлямэнту і адзін зь лідэраў польскай Дэмакратычнай партыі. Пра сытуацыю, якая склалася ў польска-беларускіх дачыненьнях з Браніславам Герэмкам размаўляў наш карэспандэнт.

Прафэсар Браніслаў Герэмак лічыць, што Польшча зрабіла даволі шмат, каб праблема “ўсходняга кірунку” заняла належнае месца ў палітыцы Эўрапейскага Зьвязу. Паводле ягоных словаў, гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.

(Герэмак: ) “З боку польскай дзяржавы, польскага ураду, зроблена шмат, каб увесьці ідэю “ўсходняга кірунку” Эўразьвязу ў парадак дня ўсіх магчымых эўрапейскіх паседжаньняў і абмеркаваньняў, каб у Эўропе зразумелі, што дачыненьні, дыялёг з усходнімі суседзямі павінны стаць адным з галоўных кірункаў вонкавай палітыкі Эўразьвязу. Гэта тычыцца таксама і Менску. Але, як вядома, каб танчыць танга, трэба пара. Менск павінен хацець браць удзел у такім дыялёгу”.

Пасьля таго, як пачаўся канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі, у Польшчы зацікаўленасьць беларускімі падзеямі значна ўзрасла. Цяжка прыгадаць, калі апошні раз вядучыя тэлеканалы, радыёстанцыі і газэты надавалі столькі ўвагі таму, што адбываецца ў Беларусі. Нічога падобнага не было ні ў часе апошніх парлямэнцкіх ці прэзыдэнцкіх выбараў, рэфэрэндуму. У Польшчы адбываюцца пікеты каля беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў, дэманстрацыі ў падтрымку дэмакратычных пераменаў у Беларусі. У сувязі з гэтым нярэдка можна пачуць, што Польшча толькі цяпер, калі беларускія ўлады пачалі перасьлед Саюзу палякаў, зьвярнула ўвагу на Беларусь. Я запытаўся ў спадара Герэмка, ці згодны ён з такім меркаваньнем.

(Герэмак: ) “Мне падаецца, што ва ўсіх захадах польскага ўраду, грамадзянскай супольнасьці, увага ўвесь час была накіраваная на Беларусь. Напрыканцы 1990-х, я як кіраўнік АБСЭ наведаў Беларусь і сустракаўся як з прадстаўнікамі ўраду, так і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. Я добра памятаю, якое цудоўнае ўражаньне ў мяне засталося ад сустрэчаў з маладымі беларусамі, якія расказвалі пра сваё супрацоўніцтва з польскімі недзяржаўнымі арганізацыямі, пра розныя сумесныя пляны. У гэтым сэнсе я лічу палітыку Польшчы лягічнай”.

Браніслаў Герэмак – адзін з аўтараў “10 правілаў польскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі”, якія запрапанавала польская Дэмакратычная партыя. Паводле Герэмка, партнэрскае і зычлівае супрацоўніцтва паміж польскім і беларускім народамі гэта рэч натуральная і вынікае як зь геаграфічнага суседзтва, так і з супольнай мінуўшчыны палякаў і беларусаў. Браніслаў Герэмак лічыць, што дэмакратычная і незалежная Беларусь павінна далучыцца да ўсіх вядучых эўрапейскіх арганізацыяў, у якія цяпер ўваходзіць Польшча. Таму, паводле Герэмка, цяперашняя сытуацыя ў Беларусі павінна актыўна разглядацца ў Эўропе.

(Герэмак: ) “Рэпрэсіўная палітыка рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць сваіх уласных грамадзянаў, гэта не праблема якога-кольвечы польска-беларускага канфлікту. Гэта агульнаэўрапейская і міжнародная праблема. Тут з польскай ініцыятывы, павінны рабіць захады міжнародныя арганізацыі – Эўразьвяз, АБСЭ, Рада Эўропы, ААН. Тут хачу падкрэсьліць, што калі мы зьвяртаемся ў справах Беларусі да міжнародных арганізацыяў, у дадзеным выпадку я маю на ўвазе перадусім праваабарончыя арганізацыі, дык трэба, каб гэтыя звароты тычыліся грамадзянскіх правоў ня толькі актывістаў Саюзу палякаў, але ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія змагаюцца за дэмакратычныя зьмены ў сваёй краіне. Каб яны мелі юрыдычную дапамогу і ведалі, што іх не пакінулі саміх ў іх барацьбе”

Між тым рэакцыя эўрапейскіх арганізацыяў на сытуацыю вакол Саюзу палякаў Беларусі не была настолькі хуткай і рашучай, як на гэта спадзяваліся ў Варшаве. Некаторыя публіцысты, асабліва ў беларускіх дзяржаўных мэдыях, адзначаюць, што гэта ў пэўным сэнсе магла быць помста за праамэрыканскую пазыцыю Польшчы. Я запытаўся ў Браніслава Герэмка ці ёсьць, на ягоную думку, рацыя ў такім падыходзе?

(Герэмак: ) “Зьвярніце ўвагу на тое, што польскі ўрад змог, і гэта ягоны посьпех, змог надаць таму, што адбываецца ў Беларусі міжнародны характар. Гэта ня польска-беларускі канфлікт. Эўрапейская камісія ўпершыню, голасам спадарыні камісара у справах зьнешняй палітыкі Бэніты Фэрэры-Вальднэр, заявіла, што займае адназначную пазыцыю ў гэтай справе. Таксама адназначную пазыцыю, асудзіўшы захады беларускіх уладаў, заняло і брытанскае старшынства Эўразьвязу. Заяву Лёндану падтрымалі нават тыя эўрапейскія краіны, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, хаця яны за гэта патрапілі пад агонь крытыкі афіцыйнага Менску. Усё гэта, разам з заявай Дзярждэпартамэнту ЗША, сьведчыць аб тым, што да беларускіх справаў ставяцца, як да справаў важных. Тое, што гаворыць прапаганда афіцыйнага Менску быццам бы Варшаве помсьцяць за тое, што гэта найбліжэйшы саюзьнік ЗША ў Эўропе, гэта глупства. На гэты момант да Польшчы ставяцца як да голасу Эўропы ў справе Беларусі. Я лічу, што гэта вельмі важна, таксама для будучыні”.

У сувязі з сытуацыяй вакол Саюзу палякаў Беларусі, у Польшчы шэраг палітыкаў запрапанавалі зьвярнуцца да вядучых міжнародных арганізацыяў з заклікам ізаляваць Беларусь ад вонкавага сьвету, увесьці эмбарга на беларускія тавары, пазбавіць Менск гандлёвых прывілеяў у гандлі з Эўразьвязам. Вось што пра гэта думае Браніслаў Герэмак:

(Герэмак: ) “Ізаляваць трэба сатрапа і ягоную адміністрацыю. Нельга дапусьціць, каб пацярпеў беларускі народ. Вельмі важна дапамагчы Беларусі стаць краінай, адкрытай для сьвету, каб пашыраліся кантакты беларусаў з замежжам. Тут гаворка ідзе таксама і пра гандаль, турызм, культурны абмен. Быць адкрытай для сьвету – гэта ў інтарэсах і самой Беларусі, і ў інтарэсах Польшчы. Польшча і Эўропа павінны падтрымліваць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Гэта дапамога незалежным мэдыям, стварэньне магчымасьцяў вучыцца ў польскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтах для як мага большай колькасьці беларускай моладзі”.

Браніслаў Герэмак – дэпутат Эўрапейскага парлямэнту. Менавіта дэпутаты ад Польшчы неаднойчы ўздымалі ў Эўрапарлямэнце пытаньні, зьвязаныя з парушэньнямі правоў чалавека. Некалькі разоў парлямэнт прымаў рэзалюцыі ў розных беларускіх справах. А ці ёсьць нейкія шляхі канкрэтнай дапамогі беларускім дэмакратычным арганізацыям, якія разглядаў бы Эўрапейскі парлямэнт?

(Герэмак) “Я лічу вельмі Важным стварэньне эўразьвязаўскага Фонду эўрапейскай дэмакратыі, які паўстае з ініцыятывы Эўрапарлямэнту. Ад самага пачатку мы лічылі, што такі фонд павінен быць дапамогай для грамадзянскіх супольнасьцяў тых краінаў, дзе ўрады парушаюць прынцыпы дэмакратыі. Я цалкам упэўнены, што адной з першых задачаў гэтага фонду, які пачне сваю працу яшчэ сёлета, будзе дапамога грамадзянскай супольнасьці Беларусі”.

Польска-беларускі канфлікт вакол Саюзу палякаў Беларусі адбываецца ў часе, калі дачыненьні паміж Масквой і Варшавай таксама нельга назваць добрымі. Чуваць галасы, што гэта можа быць скаардынаваная палітыка Расеі і Беларусі супраць Польшчы. Я запытаўся ў Браніслава Герэмка, што ён думае пра меркаваны ўдзел Масквы ў канфлікце паміж Менскам і Варшавай.

(Герэмак: ) “Я думаю, што захады Лукашэнкі звычайна ня вельмі добра ацэньвае расейскае палітычнае кіраўніцтва. Цяпер, аднак, мы маем дачыненьне з так бы мовіць спатканьнем у часе: непрыязныя галасы на адрас Польшчы з боку Расеі стварылі для Лукашэнкі магчымасьць актывізаваць сваю антыпольскую пазыцыю, спадзеючыся на тое, што гэта знойдзе падтрымку ў Крамлі. Я, аднак, хацеў бы выказаць надзею, што справа нацыянальных меншасьцяў, гэта адзін з элемэнтаў, які аб’ядноўвае міжнародную супольнасьць. Інтарэсы Расеі таксама палягаюць у тым, каб ахоўваць правы нацыянальных меншасьцяў. Я спадзяюся, што Масква возьме гэта пад увагу і будзе ў гэтай справе ня толькі прыймаць антыпольскую прапаганду беларускага боку, але будзе думаць таксама і пра тое, што тут парушаныя правілы, ад якіх залежыць таксама і лёс тых нацыянальных меншасьцяў, пра якія клапоціцца Расея”.

Год таму, у інтэрвію беларускай "Свабодзе", гаворачы пра “эўрапейскую пэрспэктыву” для Беларусі, Браніслаў Герэмак заявіў, што на ягоную думку, Беларусь можа далучыцца да Эўразьвязу прыкладна праз 15 гадоў. Ці ў сувязі з апошнімі падзеямі гэтая “эўрапейская пэрспэктыва”, на думку прафэсара Герэмка, аддаляецца ад Беларусі?

(Герэмак: ) “Апынуцца ў Эўропе ня толькі геаграфічна, Беларусь можа адразу, але што тычыцца сяброўства ў Эўразьвязе, дык гэтае пытаньне напэўна ня будзе вырашанае ў адзін момант. Тут ёсьць прыклад Украіны. Але вы павінны ведаць, што ў Эўразьвязе рост зацікаўленьня Беларусьсю вельмі адчувальны. Важна, што ў Эўропе ўжо ўсе цьвёрда ведаюць, што Беларусь гэта незалежная самастойная дзяржава, нягледзячы на тое, што цяпер яна знаходзіцца пад уладай дыктатара. Такім чынам, эўрапейская пэрспэктыва Беларусі будзе залежаць ад саміх беларусаў: ад гаспадаркі і пашаны да дэмакратычных свабодаў”.

У Беларусі дзяржаўныя мэдыі нярэдка пішуць пра тое, што “заходняя дэмакратыя” для беларусаў непрымальная, бо беларусы не такія, як палякі ці немцы, таму кіраўніцтва краіны ідзе сваім, так званым трэцім шляхам. Што думае пра гэта прафэсар Герэмак?

(Герэмак: ) “Я перакананы, што дэмакратыя пасуе ўсім і няма лепшай сыстэмы. Напрыклад паводле вядучых эканамістаў, дэмакратыя ў Азіі была тым інструмэнтам, які дапамог спыніць масавы голад, калі паміралі мільёны людзей. І гэта праўда. Пашырыліся ў выніку дэмакратызацыі ня толькі нейкія каштоўнасьці, але й палітыка стала больш эфэктыўнай. Беларускі народ мае права на дэмакратыю, такое самае права, як і іншыя народы. Цяпер, напярэдадні 25-й гадавіны паўстаньня “Салідарнасьці”, мы добра ведаем, што за свабоду трэба змагацца. Але калі змагаесься, дык і атрымліваеш. Польскі прыклад у гэтым сэнсе ёсьць важны, бо мы абышліся бяз гвалту. Ні на хвіліну такі моцны рух, як “Салідарнасьць”, у які ўваходзілі мільёны людзей, не разважаў пра ужываньне сілы, але дамагаўся пашаны для сваіх правоў, грамадзянскіх правоў, правоў чалавека. Думаю, што гэты шлях павінны абраць і Беларусь, і Расея, і Малдова і іншыя постсавецкія краіны. Дэмакратыя – гэта непазьбежнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG