Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніку “Джэм-банку” пагражае 4 гады (абноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Да генэральнага дырэктара "Джэм-банку" Аляксандра Татарынцава выстаўлена зьвінавачаньне за легалізацыю нарабаванай маёмасьці й злоўжываньне службовага становішча, што караецца — максымальна — 4 гадамі зьняволеньня. Між тым, застаецца дакладна невядомай пазыцыя самога банкіра што да гэтых зьвінавачаньняў.

У Камітэце дзяржкантролю, дзе расьсьледуюць справу супраць генэральнага дырэктара “Джэм-банку”, ня кажуць, ці прызнае ён сябе вінаватым. Супрацоўнік прэсавай службы КДК Дзяніс Барташ ня здолеў патлумачыць гэта для Радыё Свабода.

(Барташ: ) “Мне невядомыя такія пытаньні. Я мяркую, сьледчы мне пра гэта й ня скажа. Бо гэта ж таямніца сьледзтва”.

Між тым, паводле крыніц з атачэньня Аляксандра Татарынцава, ён аспрэчвае зьвінавачаньні й заяўляе пра сваю невінаватасьць.

Супрацоўнікі “Джэм-банку” выказваюць падтрымку генэральнаму дырэктару й асуджаюць дзеяньні службовых асобаў з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту Дзяржкантролю. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе на сайце “Джэм-банку”. Між тым, 16 жніўня ў банку адмовіліся ўдакладніць, якія незаконныя дзеяньні маюцца на ўвазе й хто тыя падазраваныя людзі.

Што ж дакладна вядома пра справу Татарынцава й суму грошай, якой вымяраюць ягоную, нібыта, незаконную дзейнасьць? У Камітэце дзяржкантролю гэтае сумы не называюць нават прыблізна, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Там толькі кажуць, што збор доказаў супраць Татарынцава працягваецца, але цяпер ужо ягоная віна відавочная.

Праз інтэрнэт “Джэм-банк” паведаміў, што сьледчыя мелі прэтэнзіі да генэральнага дырэктара з прычыны невяртаньня сродкаў двума прадпрыемствамі — замежнымі кліентамі банку. І гэта пры тым, што памянёныя запазычанасьці былі вернуты яшчэ ў сакавіку. У іншых крыніцах зьявіліся зьвесткі, што сьледчых зацікавілі фінансавыя апэрацыі банку ў афшорнай зоне Кыргызстану.

Дэпутат беларускага парлямэнту Віктар Кучынскі лічыць арышт Аляксандра Татарынцава “неабгрунтаваным”, а падзеі вакол “Джэм-банку”, паводле Кучынскага, ня маюць адносінаў да заканадаўства. Вядомы парлямэнтар заявіў у інтэрвію агенцыі “Белапан”, што зьвярнуўся ў пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу супраць супрацоўнікаў КДК, якія, нібыта, перавысілі свае паўнамоцтвы й “сфальшавалі некаторыя матэрыялы”.

Нагадаю: Аляксандар Татарынцаў быў памочнікам дэпутата Віктара Кучынскага.

Незалежныя беларускія мэдыі не выключаюць, што гендырэктар “Джэм-банку” стаў ахвярай закуліснай барацьбы найбольш магутных кланаў у вышнім кіраўніцтве Беларусі.

Са слоў супрацоўніка КДК, Аляксандар Татарынцаў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня МУС. Падрабязнасьці пра ўмовы ўтрыманьня фінансіста невядомыя.

***

“Джэм-банк” быў заснаваны ў 1991 годзе шэрагам фізычных і юрыдычных асобаў. Большасьць ягоных кліентаў знаходзяцца не ў Беларусі. Сёлета ў ліпені Нацыянальны банк Беларусі адклікаў ліцэнзіі “Джэм-банка” на некаторыя банкаўскія апэрацыі і увёў ў банку часовую адміністрацыю, якая была зьнятая 9 жніўня. Праз тры дні Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі распачаў справу па скарзе “Джэм-банка” на дзеяньні Нацыянальнага банка Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG