Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 16 жніўня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў

“Камунар Магілеўшчыны”, 1935 год. Апублікавана пастанова Магілеўскага РК КП(б)Б:

“Бюро Магілеўскага РК КП(б)Б, прыдаючы велізарнейшае палітычнае значэнне дню авіяцыі, як дню папулярызацыі авіясправы сярод шырокіх колаў працоўных і ўнядрэння авіяспорта, планерызма і парашутызма, пастанаўляе: 1.17.08.35 г. правесці па ўсім прадпрыемствам, арганізацыям і ўстановам агульныя сходы рабочых і служачых, пад знакам паказу поспехаў нашага паветранага флоту, яго лепшых людзей і канструктараў, пад знакам рэалізацыі лозунга, данага т.Сталіным, — “кадры рашаюць усё”.

“Беларус”, 1975 год. Падаецца расповед пра адкрыты ліст прафэсара Янкі Запрудніка ў газэту “Нью-Ёрк Таймс” з нагоды канфэрэнцыі ў Гэльсынках, у якім спадар Запруднік пісаў:

“Няўдзел Беларусі і Ўкраіны на канфэрэнцыі ў Гэльсынках пацьвярджае яшчэ раз, што запраўдныя пастановы, разам з важнымі фармальнасьцямі, што датычаць да Беларусі, становяць вылучную прэрагатыву Масквы. Дзіву даешся, у заключэньне, як могуць разьвязвацца пастановамі справы эўрапейскае бясьпекі й супрацоўніцтва, калі выключаецца зь беспасярэдняга ўдзелу ў гэтых пастановах шэсьцьдзесят міліёнаў быццам-бы незалежных эўрапейцаў”.

“Звязда”, 1995 год. Генадзь Бураўкін піша:

“Пасля выбараў Прэзыдэнта з адным з высокіх чыноўнікаў адбылася размова наконт таго, каб я ўзначаліў Міністэрства культуры або Белтэлерадыёкампанію. Але мая кандыдатура была адхілена на самым версе. Потым тадышні віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар прапанаваў стаць яго саветнікам… Я даў на гэта згоду, разлічваючы, што мае прафесіянальныя веды могуць спатрэбіцца новай, не заўсёды дасведчанай, уладзе. Заўважу: у В.Ганчара была вялікая прага працы, але ён наткнуўся на раўнадушша і неразуменне. Яго праекты, а значыць, у нейкай ступені і мае думкі, адвяргаліся з ходу. Затым адбылася адстаўка Ганчара… Я пачаў заўважаць сваю непатрэбнасць і ўрэшце напісаў заяву аб адстаўцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG