Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца адправілі на “хімію” (фотарэпартаж)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Каля дома Севярынца ў Віцебску сабраліся яго аднадумцы і сябры, каб разьвітацца зь ім перад ад''ездам на месца пакараньня. Сёньня Павел Севярынец мусіў прыбыць у спэцкамэндатуру гарадзкога пасёлка Ветрына на Полаччыне, дзе павінен адбыць тэрмін два гады, прысуджаны яму за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году – супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Сёньня а палове на адзінаццатую каля дома №12\1 па праспэкце Будаўнікоў у Віцебску сабраліся родныя і сябры Паўла Севярынца, каб правесьці яго на так званую “хімію” у гарадзкі пасёлак Ветрына.



Маці Паўла Севярынца, спадарыня Тацяна, распавяла пра тое, што яе найбольш турбуе цяпер, калі месца пакараньня сына пасьля трох тыдняў чаканьня адпаведнага распараджэньня, нарэшце стала вядомае.

(Тацяна Севярынец: ) "Што мяне цяпер найбольш хвалюе, дык той кантынгент. Якія там будуць людзі побач? Ці ня будзе крадзяжоў, ці ня будзе гвалту? Ведаю, што сын пастаіць за сябе. Не, біцца ён ня будзе, гэта для яго прынцыпова, ён умее ладзіць зь людзьмі. Спадзяюся, што там ня будзе такіх ужо правакацыяў, але, як і любая маці, я вельмі хвалююся".

Сам Павал Севярынец выглядаў спакойным, і, разьвітваючыся зь сябрамі, гаварыў пра тое, што два наступныя гады ў зьняволеньні ніяк ня ёсьць для яго прычынай для засмучэньня.



(Павал Севярынец: ) "Настрой у мяне добры. Як напісана ў Эвангельлі, “шчасьлівыя тыя, хто церпіць перасьлед за праўду, бо іхнае ёсьць Царства Нябеснае”. Калі Бог дае такое выпрабаваньне, значыць, гэта нагода для самаўдасканаленьня. І я спадзяюся вярнуцца з “хіміі” лепшым, чымсьці ёсьць цяпер. Але найбольш мяне хвалюе ня Ветрына, і што там ды як складзецца, а што застаецца тут, на волі. Спадзяюся, што ў 2006-м годзе мы здолеем зьмяніць сытуацыю, а таму зычу ўсім, хто застаецца на волі, трываласьці і веры".

У наступныя два гады Павал Севярынец мяркуе завяршыць сваю чарговую кнігу, а таксама працаваць з новымі сябрамі, якіх ён спадзяецца сустрэць.

(Павал Севярынец: ) "Апазыцыя ўвесь час працавала то ў Менску, то ў Вільні, то ў Вашынгтоне. Трэба ж і ў Ветрыне папрацаваць камусьці! З гэтай місіяй і накіроўваюся".

Як ён сам прызнаўся, для працы зь людзьмі ў Ветрыне Павал Севярынец узяў некалькі падручнікаў беларускай мовы, шмат кніг рэлігійнага зьместу для вернікаў каталіцкай, праваслаўнай ды пратэстанцкіх канфэсіяў, а таксама дапаможнікі па гісторыі Беларусі, – спадзеючыся, што ўсе гэта на новым месцы будзе запатрабаваным.

***

Пазьней сёньня Павал Севярынец прыбыў у Ветрына (ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG