Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 жніўня 1913 году адбылася прэм’ера “Паўлінкі”


RFE/RL Каляндар “Свабоды”

Дзень 15 жніўня 1068 году стаў паваротным у жыцьці легендарнага полацкага князя Ўсяслава. Захоплены ў кіеўскі палон, ён сядзеў у вязьніцы, калі акурат 15 жніўня кіяўляне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, скінулі яго з пасаду і абралі на пасад Усяслава. Славуты палачанін княжыў там 7 месяцаў, а ўрэшце вырашыў вярнуцца дадому, у Полацак.

15 жніўня 1913 году ў Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы “Паўлінка”. Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Фларыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар – Янка Купала.

15 жніўня 1972 году ў Менску пры нявысьветленых абставінах быў забіты мастак, лідэр нацыянальна-адраджэнскага руху Лявон Баразна. Беспасярэдне перад забойствам ён рыхтаваў акцыю пратэсту супраць разбурэньня гістарычнага цэнтру Менску.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 15 жніўня, прыгадаем францускага імпэратара Напалеона Банапарта і ангельскага пісьменьніка Вальтэра Скота, беларускага мовазнаўцу Аляксандра Крывіцкага. А яшчэ 15 жніўня ў 1960 годзе нарадзіўся лідэр і вакаліст гурту “Крама” Ігар Варашкевіч.
XS
SM
MD
LG