Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Джэм-банк” адстойвае свайго арыштаванага генэральнага дырэктара


Валер Каліноўскі, Менск Калектыў і Савет дырэктараў “Джэм-банку” выказалі салідарнасьць з затрыманым праваахоўнымі органамі генэральным дырэктарам банку Аляксандрам Татарынцавым. Спадар Татарынцаў знаходзіцца цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня, супраць яго заведзена крымінальная справа са зьвінавачаньнем за злоўжываньне службовым становішчам. Тым часам адміністрацыя “Джэм-банку” аднаўляе сваю працу пасьля пэрыяду зьнешняга кіраваньня. Але асноўныя ліцэнзіі “Джэм-банку” прыпынены Нацбанкам.

12 жніўня галоўны офіс “Джэм-банку” працаваў, але не выконваліся апэрацыі з кліентамі, бо завяршаўся прыём справаў ад зьнешняй адміністрацыі, што кіравала банкам паводле пастановы Нацбанку з 27 ліпеня да 8 жніўня. Гэтым часам, паводле Савету дырэктараў, банк быў фактычна паралізаваны. Напалоханыя ўкладчыкі зьнялі больш за мільён даляраў дэпазытаў, і страты банку папярэдне ацэнены 42 мільярдамі рублёў.

На паседжаньні праўленьня Нацбанку 8 жніўня гендырэктар “Джэм-банку” Аляксандар Татарынцаў заявіў аб сваім разуменьні прычын ціску з боку ўлад. Паводле прэс-рэлізу банку, Татарынцаў тады наўпрост зьвінаваціў супрацоўнікаў Дэпартамэнту фінансавых дасьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю за вымаганьне хабару. Супрацоўнікі гэтага дэпартамэнту праз два дні затрымалі спадара Татарынцава паводле ч.3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу: “злоўжываньне службовага становішча”.

Цягам трох дзён да Татарынцавав мусіць быць выстаўлена зьвінавачаньне. У Камітэце дзяржкантролю пакуль не паведамляюць, якія канкрэтна злачынныя дзеяньні Татарынцава імі былі выяўлены. Савет дырэктараў “Джэм-банку” зазначыў, што Татарынцаў быў, нібыта, затрыманы за рассылку прэс-рэлізаў банку праз інтэрнэт, а таксама за невяртаньне ў банк сродкаў ад двух прадпрыемстваў-нерэзыдэнтаў.

Гэтую інфармацыю прадстаўнік КДК Дзяніс Барташ лічыць непраўдзівай: маўляў, за прэс-рэлізы нікога яшчэ не каралі.

(Барташ: ) “Арышт такога чалавека, далёка няпростага, — гэта не раптоўны крок. Да гэтага, напэўна, добра падрыхтаваліся, і зьвінавачаньне да яго будзе выстаўлена дастаткова сур’ёзнае”.

Магчымасьць таго, што нехта з супрацоўнікаў КДК вымагаў хабар у “Джэм-банку”, спадар Барташ цалкам выключае.

Тым часам Нацыянальны банк увёў супраць “Джэм-Банку” шэраг ліцэнзійных абмежаваньняў, — патлумачыў РС прадстаўнік Нацбанку Міхаіл Журавовіч, — прыпынены генэральная ліцэнзія, ліцэнзія на прыцягненьне укладаў насельніцтва. Адзінае, што можа цяпер банк, — праводзіць разьлікова-касавае абслугоўваньне й выдаваць уклады. Нацбанк патрабуе, каб да 3 верасьня “Джэм-банк” вярнуў грошы, укладзеныя ім у шэраг рызыкоўных праектаў у афшорныя кампаніі, што дзейнічаюць у Бішкеку.

У такім выпадку дзеяньне ліцэнзій будзе адноўлена. Размова ідзе пра 16 мільёнаў даляраў (гэта перавышае ўласны капітал банку), пераведзеных сумнеўным, з пункту гледжаньня Нацбанку, фірмам, што, нібыта, пацьвердзілі праваахоўныя органы Кыргызстану.

(Журавовіч: ) “Ува ўсялякім разе ўкладчыкам няма чаго турбавацца, бо не было яшчэ выпадку, каб грошай не вярталі. Будуць шукаць іншыя рэсурсы, як было зь БелБалтыяй. Там жа грошы ўсе вярнулі, акрамя працэнтаў”, — сказаў прадстаўнік Нацбанку Міхаіл Журавовіч.

Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч лічыць, што Нацбанк перавысіў свае паўнамоцтвы, ня маючы дастатковых падставаў для ўвядзеньня зьнешняй адміністрацыі й прыпыненьня ліцэнзій.

(Багданкевіч: ) “Ува ўсялякім разе, мне падаецца, была пасьпешлівасьць і непрадуманасьць з боку Нацбанку. Яны павінны былі дакладна й ясна давесьці, на падставе чаго ўжывалі першую санкцыю, ці адпавядае яна існуючым палажэньням. Не зусім зразумела, што гэта было: вываз капіталу? Ці як яны трактуюць?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG