Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку паболела шукальнікаў зьніклага залатога скарбу


Вячаслаў Кулік, Менск Будаўнічы бум у Слуцку, выкліканы падрыхтоўкай райцэнтру да фэсту-кірмашу “Дажынкі-2005”, нарадзіў сэнсацыю. Пра яе ўчора паведаміла Радыё Свабода. Нагадаем, наш карэспандэнт Вячаслаў Кулік распавядаў як слуцкая міліцыя ідзе па сьлядох чутак аб разрабаваным скарбу з залатых манэт. Мы ізноў вяртаемся да гэтай тэмы.

Слуцкія журналісты і краязнаўцы далучыліся да пошуку раскрадальнікаў залатога скарбу. Паводле супрацоўніка мясцовай газэты “Інфа-Кур''ер” Сяргея Багдашыца, чуткі аб нібыта знойдзеных залатоўках ХІХ стагодзьдзя спраўджваюцца.

(Багдашыц: ) “На самой справе там было выяўлена ад 10 да 20 манэтаў царскай чаканкі. Гэта мікалаеўскія чырвонцы і пяцірублёўкі. Але ж, як заўсёды адбываецца: калі знайшлі, то манэты схапілі і тут жа разьбегліся”.

Начальнік слуцкай міліцыі Аляксандар Астрэйка паведаміў:

(Астрэйка: ) "Мы апытваем людзей, якія працавалі на гэтым аб''екце, а таксама робім падворны і пакватэрны абыход асобаў, якія пражываюць побач".

Паводле археолягаў, раней у заходнім рэгіёне Меншчыны вялікі залаты скарб зьнік у Клецку. Спэцыялісты гавораць, што зараз у Слуцку можа паўтарыцца тое ж самае. А што здарылася ў Клецку нагадвае тамтэйшая жыхарка Надзея Сухановіч.

(Сухановіч: ) “Вельмі-вельмі шмат было золата ў нас. Гэта вось тут, дзе унівэрмаг цяпер. Каб вы бачылі: як нахлынулі ўсе і хто колькі мог ухапіў! Але ўжо хітрыя былі, калі знаходзілі. Адзін дзядзька бачыць, што нейкая скрынка ўпала, кажа: “Вязіце гэтую зямлю да мяне”. Але асабліва мне запомніўся з машыністам экскаватара. Яго забралі ў міліцыю. Ён некалькі манэтаў каўтнуў. Трымалі-трымалі, а ён кажа: “Усё роўна мае будуць”. Вядро паставілі, але ён нейкім чынам захаваў іх. Вось такое было у нас (сьмяецца)”.

Слуцкі журналіст Сяргей Багдашыц працягвае:

(Багдашыц: ) “На гэтым месцы шмат людзей з граблямі і рыдлёўкамі. Спрабуюць нешта адшукаць”.

Як падкрэсьліў Сяргей Багдашыц, капаюць у Слуцку на месцы былога габрэйскага гета. У лютым 1943 году там фашысцкія карнікі расстралялі больш як тры тысячы чалавек. Гэта, напэўна, той выпадак, калі можна сказаць, што ў Слуцку зьдзекуюцца з магілаў “чорныя капальнікі”. Дарэчы, цяпер на зыходзе сэзон археалягічных раскопак, і спэцыялісты гавораць пра несанкцыянаваныя пошукі скарбаў.

Паводле словаў старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнай акадэміі навук Міхася Чарняўскага, у Беларусі цяпер назіраецца пашырэньне нездаровай цікавасьці людзей з мэталашукальнікамі да тэрыторыяў замкаў, фальваркаў і нават хутароў.

(Чарняўскі: ) “З другога боку, ля Стоўбцаў ёсьць Заямнае, там хутары. Нейкі “сабака” шукаў там па вуглах, бо ёсьць такі звычай класьці пад вугал манэту на шчасьце. Мэталашукальнікам вадзіў па тых вуглах, і калі пад адным зацікала, ён выкапаў ямку і дастаў. Яму не пашанцавала, ён дастаў іржавыя завесы. Можа, там і манэта якая-небудзь была. Такога рабаўніцтва ў Беларусі не было за ўсю яе гісторыю. Ліхадзеі купляюць мэталашукальнікі і рыюць помнікі. Яны шукаюць манэты ці нейкі мэталь, і ўсё рыюць і рыюць. Мы ўздымалі пытаньне раней, але цяпер трэба рабіць гэта кардынальна. Гэта ж беларускае багацьце, наша гісторыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG