Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці палеглага ў Іраку вайскоўца дабіваецца сустрэчы з Бушам


Віталь Цыганкоў, Менск Ад пачатку сваіх вакацыяў на ранча Кроўфард у Тэхасе прэзыдэнт ЗША Джордж Буш мае аднаго няпрошанага госьця. Сіндзі Шыан, якая жыве за тры тысячы кілямэтраў у Каліфорніі, разьбіла лягер каля ранча прэзыдэнта, патрабуючы зь ім асабістай сустрэчы. Сын Шыян, амэрыканскі салдат, загінуў летась у Іраку.

Пасьля сьмерці сына Сіндзі стварыла антываенную групу “Сем’і залатых зорак за мір”. У ЗША “сем''ямі залатых зорак” называюць родных вайскоўцаў, палеглых у войнах. Некалькі памочнікаў Буша ўжо выходзілі пагутарыць з Шыян, але яна заяўляе, што ня пакіне свой лягер, пакуль да яе ня прыйдзе сам прэзыдэнт. Паводле Шыян, яна хоча пачуць Джорджа Буша, чаму ЗША пачалі вайну з Іракам два гады таму. Яна таксама хоча ведаць, чаму Буш заяўляе, што сьмерці звыш 1800 амэрыканскіх вайскоўцаў у Іраку не былі дарэмнымі.

Калі ёй удасца дабіцца свайго, то гэта будзе ня першая сустрэча Шыян з Бушам. Яна была ў ліку тых некалькіх сем’яў загіблых у Іраку, што летась сустракаліся з прэзыдэнтам на ваеннай базе каля Сыэтлу. Гэта было праз два месяцы пасьля сьмерці яе сына і ў разгар прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Буша. У інтэрвію "Свабодзе" Шыян заявіла, што Буш тады выглядаў адстароненым ад іхніх праблемаў. “Яму важна было сказаць – “бачыце, я сустрэўся з сем''ямі палеглых у Іраку, я адчуваю іхні боль” – сьцьвярджае Шыян. Жанчына кажа, што тады яна нічога ня ведала наконт таго, ці меў Садам Хусэйн зброю масавага зьнішчэньня – а гэта менавіта тая прычына, якую выкарыстоўваў Буш для апраўданьня нападу на Ірак. Шыян кажа, што тады яна была занадта траўмаваная сьмерцю сына, каб пярэчыць прэзыдэнту.

(Шыян: ) “Першы раз, калі я сустрэлася з Бушам, я была ў глыбокім шоку і жалобе, і не была настолькі інфармаванай, як цяпер. Але цяпер я ўжо больш не шакаваная маці. Я ўсё яшчэ маці ў смутку, але цяпер я абураная маці”.

Цяпер, аднак, Шыян упэўненая, што яе сын загінуў бессэнсоўна. Яе місія ўжо прыцягнула ўвагу грамадзтва і СМІ. Шыян кажа, што калі ёй ня ўдасца сустрэцца з Бушам падчас ягонага адпачынку ў Кроўфардзе, яна паедзе ў Вашынгтон і там будзе дабівацца сустрэчы з прэзыдэнтам.

Але пратэсты Шыян вельмі моцна кантрастуюць з масавай падтрымкай многімі сем''ямі ваенных апэрацыі ў Іраку – нават тых, хто страціў сваіх дзяцей на гэтай вайне. Многія зь іх згодныя з аргумэнтамі Буша аб неабходнасьці выканаць да канца сваю місію ў Іраку.
XS
SM
MD
LG