Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 11 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў за 11 жніўня.

“Полесская правда”, 1925 год:

“6 жніўня блізу Адэсы забіты камандзір 2-га кавалерыйскага корпусу таварыш Катоўскі. У тэлеграме з нагоды забойства Катоўскага штабу 2-га каўкорпусу наркамваенмар Фрунзэ піша: “Рука злачынцы не спынілася перад тым, што яна ўзьнімаецца супраць найлепшага з абаронцаў рэспублікі рабочых і сялян. Яна наважылася на ганебную, гнюсную, найпадлейшую справу, вынік якой будзе на радасьць нашым ворагам. Уся Чырвоная армія перажывае пачуцьцё цяжкай страты і болю”.

“Звязда”, 1955 год:

“Дзяржаўная карцінная галерэя Беларускай ССР папаўняе свае фонды. Нядаўна набыт рад твораў мастакоў ХІХ стаг. Сярод іх — “Месячная ноч” Рэпіна, напісаная выдатным мастаком у Беларусі, на сваёй дачы ў Здраўневе непадалёк ад Віцебска. Па матывах беларускай гісторыі Рэпіным створан у Здраўневе малюнак “Забойства Іясафата Кунцэвіча”. Гэты малюнак таксама набыт галерэяй. Жыццё і быт дарэвалюцыйнай рускай вёскі ярка адлюстраваны ў карціне Макоўскага “Прыезд настаўніка”. Яна паступае ў фонды галерэі... У галерэі ствараюцца новыя аддзелы — беларускага мастацтва ХV — ХVІІІ стагоддзяў, беларускай народнай творчасці і заходнееўрапейскага мастацтва”.

“Звязда”, 1995 год. Анатоль Міхайлаў, рэктар ЭГУ, піша:

“Мы цяпер знаходзімся ў будынку, што быў вернуты Праваслаўнай царкве, які яна на доўгатэрміновае карыстанне перадала Еўрапейскаму універсітэту (Праваслаўная царква Беларусі — адзін з заснавальнікаў ЕГУ). Будынак гэты, які з’яўляецца помнікам культуры, быў адрамантаваны і абсталяваны замежным спонсарам — Дж. Сорасам... На жаль, мы маем яшчэ недастатковыя матэрыяльныя магчымасці, каб арганізаваць навучальны працэс нашых студэнтаў так, як нам хацелася б. Павінна, я думаю, быць пэўнае разуменне з боку і грамадства, і дзяржавы. Гэта ў першую чаргу ім патрэбны спецыялісты, якіх мы рыхтуем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG