Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піць піва на вуліцах, у парках і ў транспарце забароняць


Іна Студзінская, Менск Дзяржава вырашыла зрабіць чарговы крок у барацьбе з алькагалізмам: забараніць расьпіваць піва на вуліцах, у парках і ў грамадзкім транспарце. На восеньскую сэсію Палаты прадстаўнікоў будзе вынесены праект зьменаў і дапаўненьняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Згодна з законам, піва і слабаалькагольныя напоі можна будзе спажываць толькі ў канкрэтных месцах – рэстарацыях, кавярнях, барах. Мяркуецца, што асобны артыкул Кодэксу будзе тычыцца дзяцей і падлеткаў.

Ці паспрыяе гэта зьніжэньню алькагалізацыі беларусаў?

Галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук падаў аптымістычныя лічбы: продаж абсалютнага альгаголю на душу насельніцтва (уключна зь немаўлятамі і дзецьмі) летась склаў 9,4 літра – прыкладна па 40 пляшак гарэлкі за год. 5 гадоў таму было на 3 літры больш: 12 літраў на душу насельніцтва (пад 50 пляшак).

Але відавочна, што краіна паступова сьпіваецца, асабліва вёска. У кожнай краме – дзясяткі найменьняў таннага віна, якое ў народзе называюць чарнілам. Кошт пляшкі паўтары – дзьве тысячы рублёў, менш за даляр. Рэзка вырас алькагалізм жанчын – больш за 30 тысяч афіцыйна лічацца алькагалічкамі.

Гаворыць старшыня Беларускай асацыяцыі працоўных жанчын Марыя Аліева:

(Аліева: ) “Вы паглядзіце, як жанчыны сьпіваюцца! Я думаю, гэта палітыка дзяржавы. Дурнымі, п’янымі людзьмі лягчэй кіраваць, чым разумнымі. А ў вёсках наагул жах: працы няма, заробку няма, а людзі п’юць. Гэта праблема мяне так хвалюе, я так перажываю, калі бачу жанчын п’яных, а побач яшчэ дзеці… У мяне душа баліць. Я ня бачу выйсьця з гэтай сытуацыі. Ня даць у крамы чарніла – будуць самагонку гнаць. Усё адно будуць піць! Беспрацоўя вельмі шмат, людзі не занятыя працай. А што ў нас самае таннае? Чарніла і кавалак хлеба. Колькі чарніла ўсялякага ў крамах, а піва! А рэкляма? Вось рэкляма на дарозе: “Запраўся на ўсю ноч!” І піва стаіць. Скажыце: у нармальнай дзяржаве гэта зрабілі б?!”

Паводле беларускага заканадаўства, піва не зьяўляецца сьпіртным напоем. Нават згодна з дэкрэтам прэзыдэнта, алькагольнымі лічацца напоі, у якіх доля алькаголю складае больш за 7 % – за выключэньнем піва. У дэкрэце і законах так і напісана, чорным на белым. І вось цяпер ўрэшце вырашылі піва і джын-тонік аднесьці да алькаголю.

Што канкрэтна зьменіцца ў заканадаўстве, тлумачыць галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) “Расьпіцьцё ў грамадзкіх месцах непаўналетнімі, у тым ліку слабаалькагольных напояў і піва, будзе строга карацца. Новае ў Кодэксе – менавіта слабаалькагольныя напоі і піва. Раней гэтага ў заканадаўстве не было. Гаворка ідзе пра расьпіваньне на вуліцах, стадыёнах, у сквэрах, парках, транспарце. Міністэрства аховы здароўя было ініцыятарам прыняцьця гэтых зьменаў. Будзе яшчэ і ўказ прэзыдэнта. Ёсьць пэўныя працэдурныя пытаньні. Гэта ня проста зьмены ў нарматыўны акт, а ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях”. Меркаваньні грамадзкасьці, натуральна, падзяліліся. Бальшыня лічыць, што неабходна забараніць расьпіваць піва на вуліцах. Часьцей за ўсё гэта робяць дзеці і падлеткі. На наркалягічным уліку цяпер стаіць амаль 20 тысяч непаўналетніх, зь іх 14-ці тысячам пастаўлены дыягназ “алькагалізм”. І пачынаюць усе яны зь піва, якое каштуе цяпер значна таньней за сок. І хоць штогод да 12 тысяч гандляроў штрафуюць за продаж піва непаўналетнім, купіць піва падлетку ў Беларусі – не праблема. Піўныя кампаніі чым толькі не прывабліваюць спажыўцоў! “Крыніца” абяцае падарожжы ў Аўстрыю, пральныя машыны-аўтаматы, “Аліварыя” – мабільныя тэлефоны.

Але вернемся да грамадзкай думкі. Меркаваньне вялікага аматара піва мастака Артура Клінава:

(Клінаў: ) “Я адным голасам супраць гэтых захадаў, а двума ўсё ж такі – за. Як чалавек дэмакратычных поглядаў я, вядома, супраць. Усё ж такі чалавек павінен мець права выбару, як яму піць піва. З другога боку, як чалавек, які лічыць сябе піўным прафэсіяналам, думаю, што піць піва з гарла – па меншай меры вычварэнства. Піва патрабуе пэўнай цырымоніі. Другі голас “за” – у пэўнай ступені гэтая забарона будзе спрыяць росту так званага “пратэставага электарату” – той жа моладзі і тых жа бабак, якія з гэтых бутэлек жывуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG