Лінкі ўнівэрсальнага доступу

38 студэнтаў ЭГУ атрымалі дыплём Віядрыны


Алена Струвэ, Менск 38 беларускіх былых навучэнцаў менскага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які быў зачынены беларускімі ўладамі, атрымалі сёлета дыплёмы нямецкага ўнівэрсытэту Віядрына ў Франкфурце-на-Одэры. Частка зь іх хуткім часам вернецца дадому ў Беларусь, а частка будзе працягваць сваю адукацыю ў Нямеччыне.

Як піша сёньняшняя "Märkische Oderzeitung", гэтымі днямі ад беларускіх выпускнікоў Віядрыны можна пачуць шмат удзячных словаў. Яны адрасаваныя як нямецкай прафэсуры, так і сябрам– студэнтам, іншым знаёмым франкфуртцам.

“Віядрына дала мне ня толькі дыплём, веды, цікавы жыцьцёвы досьвед. Гэта быў сапраўдны і вельмі важны акт салідарнасьці нямецкай ўстановы з нашым ЭГУ. Віядрына і Франкфурт назаўсёды застануцца ў маёй памяці ”, гаворыць сваім сябрам-немцам менская дзяўчына Кацярына.

Разам са сваёй сяброўкай Сьвятланай яна рыхтуецца да вяртаньня дадому. Абедзьве дзяўчыны хацелі б спадзявацца, што са сваімі бакаляўраскімі дыплёмамі яны змогуць уладкавацца дзе-небудзь у якасьці юрыста і эканаміста. Тэарэтычна дзяўчыны маглі б працягваць сваю вучобу ў Нямеччыне, як гэта зьбіраецца зрабіць іхны аднакурснік Аляксандар, аднак яны, паводле іхных словаў, не гатовыя для гэтага ні фінансава, ні псыхалягічна.

Што да Аляксандра, то ён ад пачатку быў зарыентаваны на далейшую постдыплёмную вучобу ў Віядрыне. На працягу некалькіх месяцаў ён і некаторыя ягоныя сябры па ЭГУ шукалі дзеля гэтага розныя крыніцы фінансаваньня, зьвярталіся па стыпэндыі ў розныя фонды.

(Аляксандар: ) "Мы хочам працягваць адукацыю па курсе магістарскай адукацыі альбо пасьлядыплёмнай адукацыі. Зразумела, мы удзячныя тым франкфуртцам, якія нас падтрымалі. Віядрына – гэта вельмі сучасны ўнівэрсытэт, тут ідэальныя ўмовы для вучобы. Мы жылі ў інтэрнаце, і гэта танна. Я разьлічваю надалей атрымліваць стыпэндыю, а калі яе ня будзе хапаць, то будуць дапамагаць бацькі".

Што да прафэсуры Віядрыны, то яна таксама вельмі станоўча ацэньвае вучобу беларускіх студэнтаў. Гаворыць прэзыдэнт унівэрсытэту Гезінэ Шван.

(Шван: ) “Гэтыя студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца адносна такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі ня могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтае краіны.

Дарэчы, за год іх вучобы ва ўнівэрсытэце зьявілася вельмі актыўная група нямецкіх студэнтаў, якія сталі сымпатызаваць Беларусі. Не яе палітычнай сыстэме, а краіне. Яны зацікаўленыя як у посьпехах гэтае краіны, так і ў посьпехах тых студэнтаў, якія прыехалі да нас, каб атрымаць сёлета дыплёмы Віядрыны альбо вучыцца ў нас надалей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG