Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януш Бугайскі: “Дэмакратызацыя Беларусі можа адбыцца толькі знутры зь вялікай дапамогай Захаду”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць беларускай “Свабоды” – дырэктар праекту Ўсходняй Эўропы вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Януш Бугайскі. Апошняя кніга Януша Бугайскага мае назву “Халодны мір: Новы імпэрыялізм Расеі”. Бугайскі піша, што Расея, адмаўляючыся ад дэмакратызацыі ўнутры краіны, усімі магчымымі спосабамі спрабуе захаваць кантроль над Усходняй Эўропай і вярнуць сабе магчымасьць спаборнічаць з ЗША на міжнароднай арэне.

Адна з кнігаў Януша Бугайскага прысьвечаная этнічным меншасьцям Усходняй Эўропы. Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Захад хоча скарыстаць этнічныя меншасьці, асабліва палякаў, каб дэстабілізаваць становішча ў Беларусі. Я запытаўся ў спадара Бугайскага, ці лічыць ён, што ва Ўсходняй Эўропе, і ў прыватнасьці ў Беларусі, захоўваецца глеба для этнічных канфліктаў.

(Бугайскі: ) “Існуе патэнцыял для маніпуляцыяў этнічнымі канфліктамі. Менавіта такі выпадак быў на Балканах. Я ня думаю, што нейкая меншасьць ў рэгіёне цяпер мае дастаткова сілы, каб наладзіць узброены супраціў дзяржаўным рэпрэсіям. Іншымі словамі, я не чакаю нейкага гвалту. Але выкарыстаньне этнічнай карты будзе працягвацца. Лукашэнка відавочна хоча скарыстацца праблемай меншасьцяў, каб выставіць Польшчу ворагам, каб паказаць польскую меншасьць у якасьці нейкай "пятай калёны". Калі ў некага сканчаюцца ідэі, ён зьвяртаецца да этнічных праблем, унутраных падзелаў і канфліктаў, каб выглядаць абаронцам нацыі. Я думаю, якраз гэта робіць Лукашэнка”.

Некаторыя крытыкі беларускага рэжыму называюць Аляксандра Лукашэнку марыянэткай Расеі. Іншыя кажуць, што Лукашэнка дзейнічае абсалютна самастойна. Вось меркаваньне дырэктара праекту Ўсходняй Эўропы Януша Бугайскага.

(Бугайскі: ) “Я ня згодны з абодвума поглядамі. Я ня думаю, што ён цалкам расейская марыянэтка. Я думаю, што ён асабіста вызначае шмат якія аспэкты сваёй палітыкі. Ня думаю, што Расея ўмешваецца ва ўнутраную палітыку ў тым, што тычыцца культуры, ці нават эканомікі, ці нейкіх палітычных рашэньняў, у тым ліку перасьледу апазыцыі.

Але па вялікім рахунку ён залежыць ад Расеі, бо ён залежыць ад цэнаў на энэрганосьбіты, ад субсыдый, ад палітычнай падтрымкі, ад дыпляматычнай падтрымкі, залежыць ад адсутнасьці ціску на яго, залежыць ад адсутнасьці падтрымкі альтэрнатыўным палітычным сілам. У гэтых адносінах, Лукашэнка вельмі залежыць ад Расеі.

Калі б Пуцін і Масква сьледам за Эўразьвязам і ЗША асудзілі Лукашэнку і спынілі адносіны зь ягоным рэжымам ды падтрымалі апазыцыю, ягоны рэжым доўга б не пратрымаўся”.

У 1990-я гады можна было часта пачуць тэзу аб тым, што дэмакратызацыя ў Беларусь мае прыйсьці праз Расею. За апошнія гады прыхільнікаў гэтай тэзы і на Захадзе, і ў Беларусі значна паменшала. Ці існуе нейкая імавернасьць, што Расея ўсё ж паспрыяе дэмакратычным зьменам у Беларусі?

(Бугайскі: ) “Я ня думаю, што такое адбудзецца. Я не лічу, што Расея хоча дэмакратызаваць Беларусь. Яны б хацелі мець на месцы Лукашэнкі некага, хто быў бы настолькі ж блізкі да Расеі і далёкі ад Захаду, але пры гэтым больш бы адчыніў беларускую эканоміку для расейскіх інвэстыцыяў ды ня быў бы гэткім міжнародным ізгоем, але яны ня хочуць новага Юшчанкі ў Беларусі. Яны ня могуць знайсьці настолькі ж ляяльную замену Лукашэнку. Я думаю, што памылкова лічыць, што дэмакратызацыя Беларусі прыйдзе праз Расею. Дэмакратызацыя Беларусі можа адбыцца толькі знутры зь вялікай дапамогай Захаду.

Я лічу, што мы на Захадзе павінныя больш актыўна дапамагаць апазыцыі, вызначаць слабыя месцы рэжыму, адукоўваць грамадзтва ўсімі магчымымі спосабамі, каб дазволіць людзям выказацца на наступных выбарах, каб Беларусь рухалася наперад, а не стаяла на месцы”.

Апошняя кніга Януша Бугайскага мае назву “Халодны мір: Новы імпэрыялізм Расеі”. Бугайскі піша, што Расея, адмаўляючыся ад дэмакратызацыі ўнутры краіны, усімі магчымымі спосабамі спрабуе захаваць кантроль над Усходняй Эўропай і вярнуць сабе магчымасьць спаборнічаць з ЗША на міжнароднай арэне. На думку Бугайскага, ЗША і Эўропа мусяць супрацьпаставіць гэтаму нешта кшталту “палітыкі стрымліваньня” часоў халоднай вайны.

У апошнім нумары беларускага незалежнага часопісу “ARCHE” надрукаваныя адразу дзьве рэцэнзіі на кнігу Бугайскага. Аўтар адной зь іх, Аляксандар Батура, закідае Бугайскаму перабольшваньне расейскага патэнцыялу. На думку Батуры, апошнія правалы Расеі ў спробах умяшацца ў выбары ва Ўкраіне і Малдове сьведчаць, што Расея ня мае сілаў, каб рэалізаваць свае амбіцыі. Вось што Януш Бугайскі адказвае на такія закіды.

(Бугайскі: ) “Я дагэтуль згодны са сваёй кнігай – Расея мае імпэрскія амбіцыі. Я таксама згодны, што шмат у якіх выпадках Расея занадта слабая, каб ажыцьцявіць некаторыя з гэтых амбіцыяў. Дарэчы, гаворка тут не абавязкова пра тэрытарыяльны кантроль, але хутчэй пра кантроль палітычны. Але я таксама падкрэсьліваю, што слабасьць – гэта адноснае паняцьце. Іншымі словамі, калі твой сусед слабейшы за цябе – ці то гэта Украіна, ці Беларусь, ці Малдова, Каўказ альбо рэспублікі Цэнтральнай Азіі – дык тут Расея адыгрывае ролю мацнейшай краіны, вядучай сілы ў гэтым рэгіёне. Тут можна падсумаваць такім чынам: гэта адносна, якая краіна мацнейшая, якая з краін мае амбіцыі і сродкі для кантролю за іншымі. Гэтыя сродкі не заўсёды эфэктыўныя, але тут можна казаць пра доўгатэрміновую стратэгію. Часам Расея дзейнічае па-за межамі аднаго прэзыдэнцкага цыклю, дзейнічае значна даўжэйшы час, каб аднавіць свой статус вялікай дзяржавы ў рэгіёне і ў глябальным маштабе”.

А вось што Януш Бугайскі кажа пра вынікі леташніх прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне.

(Бугайскі: ) “Відавочна, што ў Расеі не атрымалася правесьці ва Ўкраіне свайго кандыдата. Януковіч мог бы ў большай ступені гарантаваць палітычныя інтарэсы Расеі. Тым ня менш, я лічу, што Расея не адмовілася ад спробаў кантраляваць Украіну. Калі пачытаць расейскія камэнтары, пагутарыць з расейскімі афіцыйнымі асобамі, бачна доўгатэрміновая стратэгія, якая прадугледжвае, што ва Ўкраіны не атрымаецца наблізіцца да Захаду – да НАТО і Эўразьвязу. Гэтаму паспрыялі яшчэ й вынікі нядаўніх рэфэрэндумаў у Францыі і Нідэрляндах, дзе большасьць прагаласавала супраць ратыфікацыі Канстытуцыі Эўразьвязу. Такія вынікі сьведчаць, што працэс пашырэньня Эўразьвязу наўрад ці значна прасунецца далей. Гэта дадало вагі расейскім цьверджаньням, што Ўкраіна папросту ня здолее зблізіцца з Захадам і ёй давядзецца аднаўляць шчыльнае партнэрства з Расеяй. І натуральна, Расея гатовая зноўку ўзяць Украіну ў свае абдымкі. Трэба таксама браць пад ўвагу тое, якімі інструмэнтамі Расея карыстаецца ў сваіх дачыненьнях з Украінай ды іншымі краінамі. Відавочна, што адзін з такіх інструмэнтаў гэта пастаўкі энэрганосьбітаў. Яго выкарыстоўваюць, і, я думаю, у будучыні будуць выкарыстоўваць больш эфэктыўна. Па-другое, гэта эканамічны кантроль. Шмат маёмасьці і актываў ва Ўкраіне адкрытыя для расейскіх інвэстараў, якія часта кантралююцца дзяржавай. Але заходнія інвэстары туды не сьпяшаюцца. У адносінах да Ўкраіны гэтыя інструмэнты відавочна будуць выкарыстоўвацца. Расея не зьмірылася з тым варыянтам, калі Ўкраіна стане часткай НАТО і часткай Эўразьвязу”.

Я запытаўся ў спадар Бугайскага, наколькі у новай украінскай улады атрымліваецца весьці незалежную ад Расеі палітыку.

(Бугайскі: ) “Відавочна, што цяперашнія улады менш залежныя ад Расеі, чым рэжым Кучмы. Але пытаньне ў тым, наколькі ў іх атрымаецца стаць часткай эўрапейскага мэйнстрыму, эўраатлянтычнай супольнасьці – НАТО і гэтак далей. Тут нашмат больш пытаньняў. Гучаць галасы аб тым, што Ўкраіна недастаткова хутка і недастаткова далёка прасунулася ў працэсе рэформаў. Гавораць, што яна не вырашае праблему карупцыі, няправільна вырашае пытаньні прыватызацыі, недастаткова прыцягвае заходнія інвэстыцыі, не выконвае патрабаваньняў адміністрацыйнай рэформы ды іншых рэформаў, неабходных для таго, каб стаць часткай Эўразьвязу. Украіна мае наперадзе доўгі шлях. На пачатку наступнага году адбудуцца парлямэнцкія выбары, якія на маю думку будуць ключавым момантам. Аднак праблема ў тым, што ўсе будуць так сканцэнтраваныя на выбарах, што неабходныя рэформы могуць зацягвацца і адкладацца”.

А вось меркаваньне Януша Бугайскага наконт магчымасьці далучэньня Украіны, а таксама Беларусі і Малдовы, да Эўразьвязу і НАТО.

(Бугайскі: ) “Што тычыцца Эўразьвязу, дык я ня думаю, што ёсьць нейкія хуткія пэрспэктывы далучэньня. У выніку ўнутранага крызысу Эўразьвяз паказвае, што ня будзе далучаць шмат новых краін. Пэрспэктывы маюць тыя, каму сяброўства ў Эўразьвязе ўжо абяцанае – Баўгарыя, Румынія, магчыма Харватыя. Аднак я ня думаю, што Эўразьвяз будзе вітаць у сваім складзе такія вялікія краіны, як Ўкраіна ці Турэччына. І гэта ставіць абедзьве краіны ў цяжкае становішча. Бо чальцоўства ў Эўразьвязе – найважнейшы і найбольш эфэктыўны стымул для рэформаў. Калі ня будзе пэрспэктываў чальцоўства, дык гэта будзе заахвочваць эўраскептыкаў, а таксама пра-расейскія сілы ва Ўкраіне. І гэта можа перашкодзіць далейшаму правядзеньню рэфрормаў. Што тычыцца НАТО, дык у гэтым кірунку Ўкраіна можа рухацца хутчэй. У наступныя два-тры гады, ці нават цягам наступнага году, Украіна можа атрымаць плян дзеяньняў для далучэньня да НАТО. То бок будуць вызначаныя канкрэтныя рэформы, ажыцьцяўленьне якіх можа дазволіць краіне далучыцца да НАТО праз тры-чатыры гады.

Беларусь, натуральна, вельмі адстае ў гэтым працэсе з-за прыроды кіроўнага рэжыму. Выглядае, што найбліжэйшым часам зьменаў там ня будзе. У Беларусі адсутнічае масавая апазыцыя, якая магла б замяніць цяперашні рэжым на больш дэмакратычны і празаходні. І, натуральна, Расея гэтым карыстаецца. Я лічу, што па вялікім рахунку Лукашэнка ня здолеў бы ўтрымацца без расейскай падтрымкі. Але Расея аддае перавагу Лукашэнку, нават калі часам ён стварае нейкія нязручнасьці. У параўнаньні зь ім Пуцін выглядае сапраўдным дэмакратам. Але я лічу, што ўрэшце і ў Беларусі адбудуцца зьмены, асабліва калі яе суседзі наблізяцца да міжнародных інстытутаў.

У Малдове асноўная ўвага цяпер сканцэнтраваная на вырашэньні праблемы Прыднястроўя. Цяперашні малдаўскі ўрад вельмі празаходні, праэўрапейскі і хоча вываду расейскіх войскаў. Тут шмат залежыць ад Украіны. Украіна адыгрывае пазытыўную ролю ў кантролі за мяжой, у ціску на прыднястроўскі рэжым, каб той пагадзіўся быць часткай Малдовы, рэінтэгравацца ў Малдову. Шмат таксама залежыць ад Эўрапейскага Зьвязу. Я думаю, што ў дачыненьні да гэтых краін яму трэба мець ня проста пляны суседзкіх адносінаў, але пляны, якія ў доўгатэрміновай пэрспэктыве прадугледжвалі б іх далучэньне да Эўразьвязу.

Я запытаўся ў спадара Бугайскага ці маюць, на ягоную думку, краіны Ўсходняй Эўропы альтэрнатыву цяперашняй залежнасьці ад паставак расейскага газу і нафты.

(Бугайскі: ) “Няма стопрацэнтнай альтэрнатывы, але некаторыя альтэрнатывы ёсьць. Тут гаворка ня столькі пра пастаўкі з Блізкага Ўсходу, колькі пра Цэнтральную Амэрыку, пастаўкі з Цэнтральнай Азіі, абмінаючы Расею, каб не настолькі залежаць ад магчымага расейскага шантажу. Я думаю, што кожная краіна рэгіёну шукае шляхоў дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў. Гэта будзе доўгатэрміновы працэс, бо існуе вялікая залежнасьць ад Расеі ў пастаўках нафты і газу”.

У сваёй кнізе “Халодны мір: Новы імпэрыялізм Расеі” Януш Бугайскі называе расейскія інвэстыцыі ў краінах Усходняй Эўропы адным з інструмэнтаў кантролю за гэтымі краінамі. Я запытаўся ў спадара Бугайскага, у якой ступені расейскія інвэстыцыі ва Ўсходняй Эўропе накіроўваюцца і кантралююцца расейскімі ўладамі.

(Бугайскі: ) “Ня усе, але значная частка інвэстыцыяў у энэргетыку, інфраструктуру, тэлекамунікацыі, банкаўскі сэктар і некаторыя іншыя асноўныя галіны відавочна маюць наўпроставыя сувязі з Крамлём, ці часам ускосныя сувязі зь асобнымі людзьмі ў Крамлі”.

Расейскія нацыяналісты вінавацяць Захад у жаданьні аслабіць Расею. Паводле Януша Бугайскага, Захаду сапраўды лепей не дапускаць эканамічнага ўзмацненьня Расеі ў цяперашніх умовах, калі яна не адмаўляецца ад імпэрскіх амбіцый. Я запытаўся ў спадара Бугайскага, наколькі такое меркаваньне пашыранае сярод заходніх палітыкаў.

(Бугайскі: ) “Гэта залежыць ад таго, пра якіх палітыкаў гаворка. Ёсьць палітыкі, якія гавораць: "Мы – за моцную і дэмакратычную Расею". Праблема ў тым ці сумяшчальныя гэтыя два паняцьці ў адносінах да Расеі. Калі глядзець на гісторыю Расеі ў апошнія стагодзьдзі, дык словазлучэньне "моцная і дэмакратычная Расея" выглядае як супярэчнасьць, аксюмаран. Я б аддаў перавагу Расеі, якая будзе не настолькі моцнай, але пачне дэмакратызацыю, чым Расеі, якая ўзмацняе эканамічны патэнцыял, у асноўным праз экспарт энэрганосьбітаў, і пры гэтым згортвае дэмакратыю. Ёсьць палітыкі, якія бачаць гэтую небясьпеку для будучыні.

Я думаю, што ў другой адміністрацыі Джорджа Буша крыху болей рэалізму адносна Расеі. Я думаю, што леташнія падзеі ва Ўкраіне паказалі шмат якім палітыкам, што Расея не зусім дэмакратычная знутры і ня ёсьць прагрэсіўнай сілай на міжнароднай сцэне. Я думаю, што шмат каго гэта абудзіла, прадэманстраваўшы, што Расея мае зусім іншыя пляны, адрозныя ад тых, якімі яны здаваліся раней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG