Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: “Мы не падрыхтаваны да такіх стыхійных зьяваў”


Ганна Соусь, Менск У Беларусі людзі ўсё яшчэ пакутуюць ад наступстваў урагану 9 жніўня. У выніку шквальнага ветру амаль палова беларускай сталіцы засталася без электрычнасьці: было адключана сьвятло ў жылых дамох, паралізаваны рух грамадзкага транспарту, не працавала чыгунка, многія шпіталі засталіся без электрычнасьці. Паводле апошніх дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацый, ад урагану пацярпелі 4.876 населеных пунктаў Беларусі. Чаму сталася так, што энэргетычныя сыстэмы Беларусі аказаліся фактычна неабароненымі ад стыхійнага бедзтва?

Сёньня раніцай каля 4 тысяч населеных пунктаў Беларусі яшчэ заставаліся без электрычнасьці. Як паведаміў Радыё Свабода галоўны спэцыяліст канцэрну “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба, усяго ў выніку ўраганнага ветру пацярпелі каля чвэрці населеных пунктаў краіны. Найбольш сур’ёзна былі пашкоджаны лініі электраперадач у Менску і Менскай, Гарадзенскай ды Віцебскай вобласьцях.

Я запыталася ва Ўладзімера Кардубы, чаму сталася так, што энэргетычная сыстэма Беларусі аказалася фактычна непадрыхтаванай?

(Кардуба: ) “А Вы думаеце, што ў Амэрыцы стыхіі не адбываюцца? Калі дрэва вышыні 25 мэтраў падае на лінію, як ты яе абароніш ад гэтага? Таму, як бы мы ні рыхтаваліся, “падкласьці салому” на выпадак такіх зьяваў мы папросту сёньня яшчэ ня ў стане. На маю думку, ніхто ў сьвеце яшчэ ня здольны на гэта”.

Са спэцыялістам “Белэнэрга” ня згодзен Мечыслаў Грыб, які ў свой час узначальваў Віцебскае абласное Ўпраўленьне ўнутраных справаў і меў досьвед працы ў сыстэме пажарнай службы.

(Грыб: ) “Многа гавораць аб тым, што да ўсяго падрыхтаваны, усюды бясьпека, але на самой справе гэтага няма. Але ж усё сьпішуць на прыроду, і ніхто ня будзе адказваць. Вінаватых ня будзе — у гэтым я ўпэўнены. Мы не падрыхтаваны. Трэба мець аварыйныя падстанцыі, якія працавалі б на мазуце ці на вадкім паліве, якія пры адключэньні электрычнасьці ўключаліся б аўтаматычна. Ніякіх складанасьцяў няма. У іншых краінах усё гэта робіцца”.

Былы начальнік Упраўленьня жыльлёвай гаспадаркі Менгарвыканкаму, а цяпер дырэктар фонду ЭКОН Іван Анташкевіч лічыць, што ўлады павінны былі своечасова паклапаціцца, каб дрэвы, якія могуць уяўляць небясьпеку для ліній электраперадач, былі сьсечаны.

(Анташкевіч: ) “Канечне, маглі прадугледзець, але трэба ўсё ж увесьці каэфіцыент надзвычайнага здарэньня. І трэба сказаць, што ў асноўным гэта лягічнае адключэньне. Я ня думаю, што тут трэба выстаўляць вялікія прэтэнзіі да органаў улады за ненадзейную сыстэму энэргазабесьпячэньня”.

Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на апэратыўнай сэлектарнай нарадзе загадаў органам улады зьліквідаваць наступствы ўрагану да канца заўтрашняга дня, 11 жніўня. Лукашэнка гэтаксама паставіў перад урадам задачу “выратаваць і сабраць ураджай”.

Сёньня ў Беларусі не працавалі многія аўтамабільныя запраўкі, а таксама шмат банкаў і пунктаў абмену валют. Ад стыхіі пацярпелі 27 мэдычных установаў краіны. Як паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве транспарту й камунікацый, на Гарадзеншчыне была размытая дарога на ўчастку Горадня-Ашмяны.

А паводле кіраўніцы прэсавай службы беларускай чыгункі Тацяны Бондаравай, учора быў спынены рух на ўчастках Менск-Маладэчна, Менск-Асіповічы, Менск-Ворша. Былі затрыманы больш за 20 пасажырскіх цягнікоў і 15 электрычак.

***

Усяго падчас урагану, паводле дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацый, было пашкоджана 904 кілямэтры ліній электраперадач. У выніку моцнага ветру павалілася больш за 1,5 тысячы дрэваў. Ёсьць і ахвяры: 9 жніўня ў Віцебскай вобласьці ў выніку падзеньня дрэва загінуў 67-гадовы грамадзянін Расеі.

***

У Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці ў выніку шквальнага ветру пашкоджана было электразабесьпячэньне 45 населеных пунктаў, у тым ліку ў Жыткавічах і Тураве. На 14 гадзінаў 10 жніўня, у 7 населеных пунктах падача электраэнэргіі яшчэ не была адноўленая.

Гл. таксама • Ад стыхіі пацярпелі каля чвэрці населеных пунктаў Беларусі (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG