Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кручкоўскі абвяргае зьвесткі, што на зьезд СПБ дэлегатаў "заганяюць сілай"


Міхал Карневіч, Горадня Сходы для абраньня кандыдатаў на паўторны VI зьезд Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) на Гарадзеншчыне праходзяць пад прымусам, заяўляюць прадстаўнікі польскай меншасьці, але Тадэвуш Кручкоўскі лічыць гэтую інфармацыю непраўдзівай.

Паўторны зьезд мае адбыцца ў Ваўкавыску 27 жніўня. Такое рашэньне было прынятае 27 ліпеня на паседжаньні Галоўнай рады СПБ у Шчучыне на чале з Тадэвушам Кручкоўскім. Нагадаем, што беларускія ўлады не прызнаюць рашэньняў сакавіцкага зьезду арганізацыі і новага кіраўніцтва на чале з Анжалікай Борыс і разглядаюць Тадэвуша Кручкоўскага як законнага кіраўніка.

Прыхільнікі Анжалікі Борыс сьцьвярджаюць, што паўторны VI зьезд Саюзу палякаў рыхтуецца пад прымусам. Тадэвуш Кручкоўскі заяўляе, што ўсё адбываецца дэмакратычна.

Галіна Якаўцэвіч, старшыня Таварыства сібіракоў, якое існуе пры Саюзе палякаў і сябры якога найчасьцей прыходзяць да Дому польскага ў Горадні пратэставаць супраць непрызнаньня рашэньняў VI зьезду арганізацыі, цяпер займаецца зборам інфармацыі аб тым, як адбываюцца на Гарадзеншчыне сходы для вылучэньня кандыдатаў на паўторны зьезд. Ёй шмат тэлефануюць людзі з рэгіёнаў. І вось што яна кажа:

(Якаўцэвіч: ) “Ці можна гэтыя сходы назваць дэмакратычнымі, калі людзей заганяюць на іх сілай? Напрыклад, прыходзяць і кажуць, заўтра ты ўжо не працуеш. Так, адна жанчына мне казала, што яна баіцца, паколькі вучыцца дзіцё, а ў яе да ўсяго няма мужа”.

Мне давялося паразмаўляць з адным дэлегатам, які ўдзельнічаў у такім сходзе ў Горадні. Праўда, ён адразу паставіў мне ўмову: яго прозьвішча не называць і не запісваць на стужку. Дэлегат апавядаў, што на сходзе не было кворуму, у залі сядзелі нават не сябры Саюзу палякаў, а ў большасьці настаўнікі з розных гарадзенскіх школаў, якія абураліся тым, што іх сюды прывезьлі: маўляў, яны ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня.

Па словах майго суразмоўцы, на сходзе былі абраныя за дэлегатаў прыхільнікі Тадэвуша Кручкоўскага, а сам сход працягваўся каля 15 – 20 хвілінаў.

Я зьвярнуўся па камэнтар да спадара Кручкоўскага. Вось што ён мне адказаў:

(Кручкоўскі: ) "Я чуў, што распаўсюджваюць такую інфармацыю, але я пра гэта ня ведаю. Размаўляў зь людзьмі ў Шчучыне, Лідзе, і мне сказалі, што такіх выпадкаў не было. Што да Горадні, то я сам быў на гэтым сходзе, большасьць людзей ведаю, і калі нехта кажа, што гэта былі не сябры СПБ, то папросту сьмешна. Праўда, усіх прысутных я ведаць не магу, але большасьць ведаю асабіста".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы бачыце далейшую пэрспэктыву разьвіцьця падзеяў вакол Саюзу палякаў?"

(Кручкоўскі: ) "Думаю, што новыя людзі, якія прыйдуць у новае кіраўніцтва пасьля зьезду, пачнуць дыялёг зь беларускімі і польскімі ўладамі, і будзе дасягнутае пэўнае паразуменьне. Я ў гэтым упэўнены".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG