Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З трох пакараных палітыкаў пакуль толькі адзін адбывае пакараньне


Любоў Лунёва, Менск Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьмен прысуд Андрэю Клімаву, вынесены Цэнтральным раённым судом. Апазыцыйнага палітыка пакаралі абмежаваньнем волі на паўтара гады за арганізацыю дэманстрацыі 25 сакавіка, якая праходзіла пад лёзунгамі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Суд улічыў, што ў часе сьледзтва Андрэя Клімава трымалі пад вартай у сьледчым ізалятары. Таму адбываць пакараньне ён будзе год і тры месяцы. З трох асуджаных на “хімію” апазыцыйных палітыкаў за арганізацыю вулічных акцыяў толькі Мікола Статкевіч адбывае пакараньне. Павал Севярынец дагэтуль чакае накіраваньня ў спэцкамэндатуру.

Андрэй Клімаў паведаміў Радыё Свабода, што, падаючы скаргу ў гарадзкі суд, не разьлічваў на зьмякчэньне прысуду.

(Клімаў: ) “Лічу, сёньня я й мае паплечнікі атрымалі пацьверджаньне таго, што рэвалюцыя 2006 году — магчымая. Улада ўсур’ёз успрымае гэтую пагрозу. Сёньняшні прысуд я сустрэў з радасьцю, бо зьмяненьне прысуду ў бок зьмякчэньня сьведчыла б аб тым, што ўлада несур’ёзна паставілася да маіх намаганьняў правесьці адхіленьне Лукашэнкі ад улады ў наступным годзе. Я магу цяпер зь лёгкім сэрцам паехаць на “хімію”. Вярнуся напрыканцы 2006 году, калі ў краіне будзе новы прэзыдэнт”.

Два тыдні таму зьвінавачаньне спыніла крымінальную справу супраць Андрэя Клімава за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Справа знаходзілася ў Першамайскім судзе, і Андрэй Клімаў у красавіку даваў першыя паказаньні.

Павал Севярынец чакае накіраваньня ў спэцкамэндатуру. Ён знаходзіцца ў Віцебску пад падпіскай аб нявыезьдзе. Павал лічыць, што ўлады наўмысна зацягваюць тэрмін накіраваньня.

(Севярынец: ) “Тое, што ўлада зацягвае вырашэньне гэтага пытаньня — адпраўкі на “хімію” — можа быць некалькі тлумачэньняў. Па-першае, гледзячы на тое, што кажуць “месцаў няма”, але была амністыя й месцы вызваліліся, прычына ня ў гэтым. Прычына можа быць хіба ў тым, што такім чынам, чакаючы спаўненьня прысуду выкананьня, улады падаўжаюць тэрмін абмежаваньня волі. Я яшчэ не знаходжуся пад прысудам, але, тым ня менш, без пашпарту, пад падпіскай аб нявыезьдзе, фактычна абмежаваны ў свабодзе”.

Паплечнікі Паўла Севярынца Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч з 5-га жніўня адбываюць 10 сутак арышту ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку за пікет насупраць польскай амбасады пад лёзунгамі беларуска-польскай салідарнасьці. Сябры перадалі ім цёплыя рэчы, газэты й харчаваньне. Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч больш за дзясятак разоў адбывалі арышт у камэрах спэцпрыёмніку. Яны ня скардзяцца адміністрацыі на ўмовы ўтрыманьня. На волю хлопцы выйдуць 15 жніўня. Ім рыхтуецца ўрачыстая сустрэча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG