Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – 95 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня Ларысе Геніюш споўнілася б 95 гадоў. Выдатная паэтка была актыўнай дзяячкай беларускага замежжа пэрыяду другой усясьветнай вайны. За гэта разам з мужам Янкам была асуджаная на 25 гадоў лягераў. Пасьля сьмерці Сталіна вярнулася ў Беларусь, жыла ў Зэльве. З нагоды 95-х угодкаў Ларысы Геніюш беларуская грамадзкасьць стварыла аргкамітэт для сьвяткаваньня гэтай даты.

Прадстаўнікі грамадзкасьці некалькі разоў зьвярталіся да ўладаў з просьбай аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш, але гэтага так і не было зроблена. Таму ўзьнікаюць складанасьці з правядзеньнем памятных імпрэзаў. І зьявіліся яны яшчэ падчас падрыхтоўкі сьвяткаваньняў. Арганізацыйны камітэт зьвярнуўся да адміністрацыі адной з зэльвенскіх школаў з просьбай даць магчымасьць правесьці прэзэнтацыю кнігі “Каб вы ведалі” – зборніка эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш.

Аднак у школу ўдзельнікаў імпрэзы не пусьцілі, і прэзэнтацыя адбылася ў двары мясцовай царквы. Яна прайшла ў суботу, 6 жніўня. А напярэдадні арганізатары спрабавалі ўстанавіць на помніку Ларысы Геніюш мэмарыяльную шыльду. Нагадаю, помнік таксама стаіць у двары зэльвенскай царквы. Але шыльду пакінуць не дазволілі, кажа аўтар работы скульптар Алесь Шатэрнік.

(Шатэрнік: ) “На ўласныя ахвяраваньні зрабілі гэтую шыльду, паехалі, паставілі, а як адкрыць – няма дазволу. Якая там крамола? Там напісана “Божа, беражы Беларусь. Ларыса Геніюш”. А якога дазволу – ці царкоўных уладаў, ці сьвецкіх – невядома”.

Паводле спадара Шатэрніка, пакуль невядома, хто й калі павінен даць дазвол на ўстанаўленьне мэмарыяльнай шыльды. Тым ня менш у царкве адбылося адмысловае набажэнства ў памяць Ларысы Геніюш, была таксама асьвечаная магіла Геніюшаў. Нагадаю, што імпрэзы ў памяць славутых землякоў у Зэльве сталі традыцыйнымі. Кожны год сюды прыяжджаюць літаратары, сябры й паплечнікі Геніюшаў, грамадзкія й палітычныя дзеячы.

Гэтаксама й мінулымі выходнымі ў Зэльву прыехалі каля сотні чалавек з розных куткоў Беларусі й Польшчы. Але сёлета ўсе гэтыя людзі сталі сьведкамі інцыдэнту, які здарыўся падчас літургіі каля магілы Геніюшаў. Пра гэта паведаміў "Свабодзе" адзін з сустаршыняў аргкамітэту Пятро Краўчанка.

(Краўчанка: ) “На могілках была адна вельмі непрыемная сцэна, калі міліцыя кінулася амаль зьбіваць людзей, вырываць з рук нацыянальныя сьцягі, пагражаць прымусовай ізаляцыяй. Але большасьць людзей не дазволілі гэтага зрабіць, і міліцыя вымушаная была рэціравацца”.

Паводле спадара Краўчанкі, астатняя частка імпрэзы адбылася ўрачыста й годна. Выступалі многія грамадзкія дзеячы, паэты чыталі вершы ў памяць Ларысы Геніюш. Дарэчы, удзел у сьвяткаваньні браў намесьнік амбасадара Чэхіі, які падчас сваёй прамовы паабяцаў паспрыяць таму, каб у Празе на доме, дзе ў часе вайны жыла сям''я Геніюшаў, была ўстаноўленая памятная шыльда. З адпаведнай просьбаю да чэскіх уладаў зьвяртаўся аргкамітэт, і трэба спадзявацца, што яшчэ адна імпрэза наперадзе. Саюз пісьменьнікаў таксама плянуе неўзабаве арганізаваць прэзэнтацыю новай кнігі Ларысы Геніюш “Каб вы ведалі”.

А грамадзкая арганізацыя "Беларуская музычная альтэрнатыва" да 95-годзьдзя паэткі прымеркавала выхад музычнага альбому. Раней такі альбом на вершы Ларысы Геніюш запісаў гурт “Песьняры”, якім кіраваў Уладзімер Мулявін. Але гэтым разам будуць сьпяваць самыя розныя выканаўцы, у тым ліку бард Вольга Цярэшчанка, гурт “План”, польскі гурт “Дэд марш”. Ужо запісана некалькі песьняў – яны будуць на дыску разам з запісамі голасу самой Ларысы Геніюш, якая чытае свае вершы. Вось што з гэтай нагоды кажа ініцыятар праекту Віталь Супрановіч:

(Супрановіч: ) “Самае галоўнае, што мы хочам, – адкрыць для людзей імя Ларысы Геніюш. І гэта будзе яшчэ адзін крок, каб паказаць, што гэтае імя вартае вяртаньня ў беларускую літаратуру. Несправядліва, што імя Ларысы Геніюш застаецца напаўзабароненым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG