Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзнагародзіў Паўлічэнку ордэнам “За службу Радзіме” III ступені


Ганна Соусь, Менск Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў Дзьмітрыя Паўлічэнку ордэнам “За службу Радзіме” III ступені. Як гаворыцца ў падпісаным ім сёньня ўказе аб ўзнагароджаньні вайскоўцаў унутраных войскаў дзяржаўнымі ўзнагародамі, “камандзір вайсковай часткі 3214 палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка ўзнагароджваецца “за высокія паказьнікі ў службова-баявой дзейнасьці, мужнасьць і адвагу пры выкананьні вайсковага абавязку і заслугі ў забесьпячэньні грамадзкага парадку”.

Дзьмтры Паўлічэнка разам з кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктарам Шэйманам, экс-міністрам спорту Юр’ем Сіваковым, міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым ды яшчэ некалькімі асобамі трапіў ў складзены Эўразьвязам сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу.

Паўлічэнка і гэтыя чыноўнікі фігуруюць у дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса і лічацца ключавымі дзейнымі асобамі ў зьнікненьнях Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзскага.

Вось як адрэагавала на ўзнагароду Дзьмітра Паўлічэнкі маці апошняга Вольга Завадзская.

(Завадзская: ) “Нават словаў няма. Прэзыдэнту напэўна больш бачна, каго ўзнагароджваць і за што. Канечне, гэта плявак нам усім”.

А вось што сказала ў інтэрвію Свабодзе жонка зьніклага Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар.

(Ганчар: ) “На сёньняшні дзень Паўлічэнку, як і Лукашэку абвінавачваюць у выкраданьні людзей. І вешаць на сёньняшні дзень адзін аднаму гэтыя ўзнагароды – гэта проста блюзнэрства. Дагэтуль нічога не вядома пра лёс выкрадзеных. Няхай гэта будзе на сумленьні Лукашэнкі”.

Што да асобы Дзьмітрыя Паўлічэнкі, то ад 1999 году ўлады рэгулярна адзначаюць яго ўзнагародамі і пасадамі. Ён быў прызначаны камандаваць брыгадай і ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасьць”. Расейская праваслаўная царква ўзнагародзіла яго ордэнам Сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера.

“Узнагарода Дзьмітрыя Паўлічэнкі царкоўным ордэнам можа быць інтэрпрэтаваная як зьнявага ўсіх, хто быў узнагароджаны ордэнам сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера ў мінулым” – такое меркаваньне тады выказаў адмысловы дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс.

Сёлета ў студзені Паўлічэнку прысвоілі званьне палкоўніка, а ў сакавіку Дзьмітры Паўлічэнка быў прызнаны кіраўніцтвам ўнутраных войскаў найлепшым камандзірам брыгады ў Беларусі.

****

Менавіта Дзьмітры Паўлічэнка ў 1999 годзе, калі зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, камандаваў СОБРам — Спэцыяльным атрадам хуткага рэагаваньня пры брыгадзе №3214, які нібыта і праводзіў апэрацыі зьнішчэньня вядомых апазыцыянэраў. Восеньню 2000 году Паўлічэнка быў затрыманы супрацоўнікамі КГБ паводле падазрэньняў у арганізацыі выкраданьняў і пачаў даваць паказаньні, але пасьля ўмяшальніцтва Аляксандра Лукашэнкі яго неўзабаве вызвалілі. Аляксандар Лукашэнка тады зьняў з пасадаў ініцыятараў арышту Паўлічэнкі, тагачасных старшыню КДБ Уладзімера Мацкевіча і генэральнага пракурора Алега Бажэлку, а праз год сьледзтва па справе зьніклых увогуле было спыненае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG