Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску забаронены канцэрт гурту “Палац”


Галіна Абакунчык, Менск У Менску забароненае выступленьне папулярнага фольк-гурту “Палац”. Канцэрт мусіў адбыцца ў клюбе “Белая вежа” 18 жніўня з ініцыятывы ўладальнікаў гэтай установы. Аднак кіраўніцтва ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму адмовіла арганізатарам ў выдачы гастрольнага пасьведчаньня, якое дае права на правядзеньне імпрэзы. Чыноўнікі гэты факт адмаўляюць, а музыкі заяўляюць, што прадстаўнікі ўлады хаваюць праўду й моўчкі пашыраюць сьпіс “забароненых” гуртоў.

Гэта мусіў быць першы канцэрт пасьля мінулагодняга выступленьня “Палацу” на мітынгу на пляцы Бангалор – кажа лідэр гурта Алег Хаменка.

(Хаменка: ) “Білетныя канцэрты мы ня гралі цягам году. Прайшоў год, і мы паспрабавалі арганізаваць вось такі невялічкі канцэрт у адным з прыватных клюбаў Менску. Мы зьбіраліся на Спаса, як гэта звычайна бывае, прапанаваць пару новых песьняў, якія падрыхтавалі для новага альбома. Але ў гэтым выступе нам адмовілі. Гэта робіцца на словах, без папераў. Проста не дазваляюць і ўсё”.

Паводле спадара Хаменкі, арганізатары адмянілі канцэрт з тае прычыны, што ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму адмовіліся выдаць гастрольнае пасьведчаньне. Прычыны забароны чыноўнікі не тлумачаць ні арганізатарам імпрэзы, ні журналістам. Да прыкладу, вось што сказаў у інтэрвію Свабодзе намесьнік кіраўніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Ўладзімер Хамянкоў.

(Хамянкоў: ) “Я ня бачыў ніякіх дакумэнтаў, і ніхто да мяне не зьвяртаўся. Што вы ўсе карыстаецеся радыё “АБС” – адна бабця сказала?”

Гаварыў намесьнік кіраўніка ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Ўладзімер Хамянкоў. Аналягічны выпадак нядаўна здарыўся з канцэртам “Крамбамбулі” у менскім клюбе “Рэактар”, калі арганізатарам забаранілі ягонае правядзеньне таксама без тлумачэньня прычынаў. Вось як гэта камэнтуе адзін са стваральнікаў праекту Лявон Вольскі.

(Вольскі: ) “Забароны й раней з намі стала здараліся. Але пасьля таго канцэрту зьявіліся “чорныя сьпісы” і шмат гуртоў зараз увогуле нідзе не фігуруюць. Пэўна, ўзьнікла нейкая генэральная лінія і зараз вельмі цяжка правесьці канцэрт. А калі гэты канцэрт гэты не адбываецца, то вельмі цяжка нешта даказаць, што ён забаронены. Таму што зараз вельмі добра адладжаная гэтая бюракратычная камандная сыстэма”.

Нагадаю, што негалосная забарона на арганізацыю канцэртаў і выступленьне шэрагу папулярных беларускіх музыкаў у тэле- і радыёэфіры пачалася пасьля іхнага выступленьня на пляцы Бангалор у часе мітынгу, арганізаванага дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Скрабцом, Уладзімерам Парфяновічам і Валерыям Фраловым з нагоды 10-годзьдзя кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Акцыя прайшла летась 21 ліпеня пад лёзунгамі: "Не – трэцяму тэрміну", "Свабода Марынічу" й была дазволеная гарадзкой адміністрацыяй. Сярод іншых удзел у канцэрце ўзялі гурты “N.R.M.”, "Нэйра дзюбель", "Палац" Аляксандр Памідораў ды іншыя. Аднак незадаволенасьць імпрэзай выказаў Аляксандр Лукашэнка й неўзабаве ўлады распачалі перасьлед усіх удзельнікаў, які доўжыцца й цяпер. Вось што з гэтай нагоды кажа адзін з забароненых музыкаў Аляксандр Памідораў.

(Памідораў: ) “За прайшоўшы год і месяц ліст гэты пашырыўся. Стала проста відавочна, што ўвогуле, калі ты сьпяваеш па-беларуску, ці проста робіш нешта яскравае, ты адразу патрапляеш у катэгорыю непатрэбных. Бо ані “Саша і Сірожа”, ані “Крамбамбуля” не выступаюць. А літаральна месяц да таго, намесьнік міністра культуры ледзь ня кляўся й бажыўся, што ніякіх забаронаў няма. Гэта крывадушша гэтых людзей. Гэта можна абазваць альбо татальным глупствам, альбо сыстэмнымі памылкамі з боку ўладаў, якіх штотыдзень мы назіраем усё больш і больш”.

***

Алег Хаменка быў аўтарам і вядучым праграмы “Настаўніцкая” на канале “Лад” Беларускага тэлебачаньня. Аднак пасьля выступу “Палаца” на пляцы Бангалор, праграму забаранілі. А калектыў гурту ў поўным складзе звольнілі з працы ў "Белканцэрце". Яшчэ аднаго ўдзельніка канцэрту на Бангалоры, Аляксандра Памідорава, звольнілі з тэлеканалу “СТВ”, дзе ён вёў праграму “Тэхналёгія”. Сёлета ў менскім клюбе “Рэактар” былі забароненыя два канцэрты: гуртоў “N.R.M.” і "Нэйра дзюбель". Музыкі распаўсюдзілі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваньнем патлумачыць, зь якіх прычынаў вядзецца іхны перасьлед, аднак адказу яны не атрымалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG