Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт забіў чалавека ў медвыцьвярэзьніку ў Сьветлагорску


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск У Сьветлагорску ў мясцовым медвыцьвярэзьніку загінуў начальнік зьмены цеплаэлектрацэнтралі Васіль Шавяленка. Арыштаваны міліцыянт, які падазраецца ў забойстве спадара Шавяленкі. Гэта ня першы выпадак, калі ў медвыцьвярэзьніку ад рук міліцыянтаў гінуць людзі. Тры гады таму ў Менску ад пабояў сканаў начальнік зьмены гадзіньнікавага заводу. Што здарылася ў Сьветлагорскім медвыцьвярэзьніку, высьвятляў наш гомельскі карэспандэнт.

30-гадовага Васіля Шавяленку пахавалі ў мінулыя выхадныя ў вёсцы Печышчы, на радзіме дзеда.

Распавядае адзін з супрацоўнікаў цеплаэлектрацэнтралі, які браў удзел у пахаваньні Васіля Шавяленкі:

(Калега забітага: ) “Мы забіралі яго з трупярні. На віску, на лбе, на барадзе былі сінякі. Горла таксама было сіняе. Бацька Васіля паказваў заключэньне што да прычыны сьмерці. Я чытаў яго. У нябожчыка перабіта гартань. Зьверства натуральнае, забілі маладога хлопца!”

Намесьнік начальніка Сьветлагорскай міліцыі Пётр Зыкун па сутнасьці адмовіўся ад камэнтару інцыдэнту ў медвыцьвярэзьніку:

(Зыкун: ) “Нічога я вам са свайго боку не скажу. Пакуль нічога ня ясна. У мяне няма афіцыйных заключэньняў. Зьвяртайцеся ў пракуратуру, яны вядуць праверку”.

Намесьнік пракурора Сьветлагорскага раёну Дзьмітры Вараб''ёў паведаміў, што арыштаваны міліцыянт – адзін з супрацоўнікаў медвыцьвярэзьніка. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу 426-га – перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў. Імя арыштаванага намесьнік пракурора назваць адмовіўся.

Мне ўдалося зьвязацца з бацькам загіблага ў медвыцьвярэзьніку Васіля Шавяленкі, былым афіцэрам сьветлагорскай міліцыі, які цяпер на пэнсіі:

(Міхаіл Шавялінка: ) “Я быў у пракурора. Ён мне паведаміў, што гэта адбылося 4 жніўня каля першай гадзіны ночы. Сына даставілі ў выцьвярэзьнік аўтамашынай яго супрацоўнікі. Ён ішоў дадому і мэтраў 30 не дайшоў да свайго пад''езду. Яго спынілі. Ён прасіўся: “Я тут жыву!” Не, скруцілі, заламалі, павезьлі ў выцьвярэзьнік”.

Міхаіл Шавялінка распавёў і пра абставіны забойства сына ў медвыцьвярэзьніку:

(Міхаіл Шавялінка: ) “Галава разьбіта, нос паламаны. Пабоі на галаве, на нагах, на шыі. І вязалі яго – рукі сінія, што толькі ні рабілі… Ужо мёртвага ўкінулі ў камэру. Там ёсьць нейкі выканаўца абавязкаў дзяжурнага. Ён і задушыў рукамі майго хлопца. Узяў так пад бараду локцем і тры разы душыў”.

Паводле словаў бацькі забітага Васіля Шавялінкі, фізычны зьдзе з сына ў выцьвярэзьніку міліцыянты пачалі пасьля таго, як той наважыўся патэлефанаваць дадому.

(Міхаіл Шавялінка: ) “Думаю, што такога злачынства ў нашым аддзеле міліцыі не было ніколі. Ня ведаю, можа, і ў Беларусі не было такога, што ўчынілі тут гэтыя міліцыянты”, – лічыць былы афіцэр міліцыі Міхаіл Шавялінка, бацька забітага міліцыянтамі Васіля Шавялінкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG