Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кангрэс дэмакратычных сілаў ужо абрана звыш 160 дэлегатаў


Алесь Дашчынскі, Менск У Беларусі працягваецца вылучэньне дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў. Паводле зьвестак арганізацыйнага камітэту, на раённых сходах ужо абрана звыш 160 дэлегатаў, а гэта больш за палову ад усіх удзельнікаў. Усяго ж на сходах плянуецца вылучыць каля 280 прадстаўнікоў на Кангрэс. Раённыя сходы аргкамітэт мяркуе завяршыць на пачатку верасьня. Усяго ў сходах ужо ўзялі ўдзел каля 3800 чалавек.

У мінулыя выходныя сходы прайшлі ў Віцебску, Клецку, Полацку і Наваполацку. У Нясьвіжы сход не адбыўся з арганізацыйных прычын. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначае павышаную цікавасьць з боку міліцыі.

(Лябедзька: ) “У Клецку я ўпершыню з такім сутыкаюся: аддзел у міграцыйных пытаньнях, здаецца, і мяжа далёка, – нас спынілі, правяралі машыну і дакумэнты ў нас глядзелі. Таксама ў Нясьвіжы аддзел для аховы бясьпекі. Выяжджае аўтамабіль нам насустрач, заварочваецца і пачынаюць... Відавочна, што гэта мэтанакіравана. У Клецку і Нясьвіжы валодалі інфармацыяй. Сачэньне за графікам паездак, за маршрутам аўтамабіля, якім я еду, – гэта ёсьць дакладна”.

Улады, аднак, не перашкаджалі правядзеньню сходаў, як гэта было раней.

(Лябедзька: ) “Апошнім часам мы адзначаем, што рэпрэсіўны мэханізм не такі жорсткі, і гэта прызнаньне таго, што тая тактыка, якую выкарыстоўвала ўлада супраць правядзеньня сходаў, не апраўдала сябе. Яны прайгралі”.

Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі замоўчваюць працэс вылучэньня дэлегатаў на Кангрэс, але на мінулым тыдні зьявілася кароткая інфармацыя БЕЛТА пад загалоўкам: “Адсутнасьць папулярнасьці лідэраў апазыцыі ў насельніцтва прывядзе яе кандыдатаў у прэзыдэнты да паразы, лічыць Юры Хадыка”.

У гэтым паведамленьні ананімны карэспандэнт БЕЛТА апавядаў пра сход у Бярозаўскім раёне, дзе вылучалі дэлегатаў на Кангрэс. Нібыта намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка на сустрэчы з жыхарамі Бярозаўскага раёну прызнаў, што ніводзін з вылуча́ных ад апазыцыі кандыдатаў на сёньняшні дзень ня мае рэальных шанцаў канкураваць з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтае паведамленьне стала поўнай нечаканасьцю для Юр’я Хадыкі.

(Хадыка: ) “Я ня быў на сходзе ў Бярозаўскім раёне наагул. І ніколі такіх думак я нават у сьне ня бачыў. Гэта хлусьня. Нічога я такога не гаварыў, гэта спэцыяльная дэзынфармацыя”.

(Карэспандэнт: ) “А Вы наагул бываеце на гэтых сходах, Вы недзе выступалі?”

(Хадыка: ) “Ніводнага разу не выступаў, бо цяпер, дзякуй Богу, ёсьць маладыя людзі – яны езьдзяць”.

Юры Хадыка тлумачыць, што зьяўляецца вялікім прыхільнікам і адным з аўтараў цяперашняга працэсу. На ягоную думку, калі ўдасца аб’яднаць дэмакратычны актыў, людзей, якія не баяцца адкрытага ўдзелу ў выбарчай кампаніі, тады можна разьлічваць на перамогу.

(Хадыка: ) “Уся рэч у тым, каб аб’яднаць апазыцыйны электарат. Аб’яднаць яго немагчыма, ня маючы адзінага кандыдата. Адзіны кандыдат, як гэта паказаў досьвед са спадаром Ганчарыкам, вокамгненна набывае папулярнасьць – ня менш за 30 працэнтаў. Я спадзяюся, што, паколькі крытыка і незадавальненьне Лукашэнкам у грамадзтве нарастае, гэтая лічба ў нас будзе яшчэ большай. Тым больш, што змагаюцца за першынство цалкам дастойныя людзі. Таму мы глядзім з аптымізмам, галоўнае тут не перасварыцца, не зрабіць такіх крокаў, як нас правакуюць. Я абавязкова пайду гэтае БЕЛТА шукаць, шукаць аўтара, таму што гэта відавочная правакацыя”.

Таксама правакацыяй старшыня АГП Анатоль Лябедзька называе інцыдэнт, які здарыўся падчас сходу ў Салігорску, у якім бралі ўдзел 86 чалавек. Сход адбываўся на ўскраіне гораду, у невялічкім ляску, дзе не было ніякіх тэлекамэр. Спадар Лябедзька завяршаў свой выступ і тут раптам адзін з маладых людзей, прысутных на сходзе, скінуў зь сябе швэдар, пад якім аказалася павязка з сымболікай нацыянал-бальшавіцкай партыі.

(Лябедзька: ) “З крыкамі “Гестапо лучше НАТО” і “Берия – великая империя” ён кінуў у мяне курынае яйка і трапіў у крысо пінжака, а тады, як заяц, кінуўся наўцёкі. За ім пабеглі некалькі маладых чалавек, загналі яго ў балота. Я завяршыў свой выступ, не зьвяртаючы ўвагі на здарэньне, бо я зразумеў, што кінулі не гранату. Але я абсалютна перакананы, што за гэтым учынкам хутчэй за ўсё стаяць рэжысэры са спэцслужбаў, бо, як правіла, усё ж гэтыя сходы адкрытыя”.

Сярод дэлегатаў на Кангрэс, якія ўжо вылучаныя на сходах, самае вялікае прадстаўніцтва маюць беспартыйныя, а сярод партыйцаў – чальцы АГП, якая крыху апярэджвае партыю БНФ. Што можна казаць пра гэтую дынаміку, ці будуць нейкія зьмены? Ці ёсьць увогуле міжпартыйная канкурэнцыя?

Паводле прагнозу Юр’я Хадыкі, БНФ са сваімі прыхільнікамі ўсё ж апярэдзіць АГП, калі лічыць чальцоў “Маладога фронту” і некаторых партыйцаў, блізкіх да плятформы БНФ. Паводле актывіста АГП Сяргея Альфера, пэўная канкурэнцыя пры выбары дэлегатаў ёсьць.

(Альфер: ) “Самі па сабе гэтыя сходы ў пэўнай ступені вырашаюць склад тых людзей, якія будуць на Кангрэсе, і кожны з прэтэндэнтаў зацікаўлены, каб было больш людзей, якія яго падтрымліваюць. Але ўсе людзі, якія будуць удзельнічаць, яны маюць свабодны мандат. Канкурэнцыя канкурэнцыяй, але мы стараемся, каб паразуменьне паміж прэтэндэнтамі і партыямі не парушалася, каб як мага менш канфліктных сытуацыяў, якія маглі б нам перашкодзіць працаваць разам. І мы, калі праводзім сходы, гэта падкрэсьліваем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG