Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не далі памяшканьня для Кангрэсу дэмсілаў


Алесь Дашчынскі, Менск Арганізатары Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў не атрымалі ад уладаў дазволу на арэнду памяшканьня для правядзеньня кангрэсу. Аргкамітэт аб’яўляе збор ахвяраваньняў на яго правядзеньне. Ня выключана, што кангрэс пройдзе па-за межамі Беларусі.

Паводле старшыні аргкамітэту Аляксандра Бухвостава, выйшаў тэрмін, калі згодна з адпаведным заканадаўствам, улады павінны былі даць дазвол на арэнду памяшканьня для правядзеньня Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў. Гэтая зала мусіць зьмясьціць каля 800 дэлегатаў.

(Бухвостаў: ) “ Мы атрымалі адмовы ад 10 выканкамаў з 21-го, куды мы накіравалі заяўкі. Мы атрымалі таксама адмовы ад 17 палацаў культуры з 51-го, куды былі накіраваныя заяўкі. Некаторыя тэлефанавалі, некаторыя маўчаць. Але тут жа ясна, што ў Беларусі кангрэс можа прайсьці толькі з дазволу аднаго чалавека. Мы думаем, як сябе весьці цяпер. Мы аб’явілі збор сродкаў для правядзеньня Нацыянальнага кангрэсу, цягам наступнага тыдня будуць апублікаваныя рахункі, на якія можна будзе дасылаць ахвяраваньні. Будзем бачыць, калі нам не дазволяць правесьці яго ў Беларусі, то будзем прасіць Расею, Украіну, Літву ці Польшчу, каб там нам далі магчымасьць правесьці кангрэс і дапамаглі гэта зрабіць”.

Сёньня раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на кангрэс праходзілі ў Віцебску. Усяго ж па Беларусі адбылося больш за 80 сходаў, на якіх абрана больш за 160 дэлегатаў. Значная частка з іх зьяўляюцца беспартыйнымі, далей па колькасьці ідуць сябры АГП, партыі БНФ, партыі камуністаў Беларускай, сацыял-дэмакраты Аляксандра Казуліна маюць каля васьмі дэлегатаў, пяцёра ад партыі працы, па некалькі дэлегатаў маюць Народная грамада і кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

Усяго ў сходах узялі ўдзел каля 3800 чалавек. Завершыць іх плянуецца на пачатку верасьня. Усяго трэба яшчэ правесьці прыкладна 57 сходаў. Яшчэ 11 былі праведзеныя з парушэньнем адмысловай інструкцыі, таму яны мусяць сабрацца паўторна. Найбольш актыўна ідуць сходы ў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях. Арганізатары ўпэўнены, што ўсе плянаваныя сходы па вылучэньні дэлегатаў на кангрэс адбудуцца і гэты працэс завершыцца ў вызначаны тэрмін, на пачатку верасьня.

Паводле арганізатараў, улады крыху памянялі сваю тактыку і ўжо не спрабуюць адкрыта мяшаць правядзеньню сходаў, як гэта было ў Сьветлагорску ці Маладэчна, а найбольш актыўна ўлады супрацьдзейнічалі ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях. Цяпер яны намагаюцца наагул замаўчаць гэты працэс. Паводле Аляксандра Бухвостава, бессэнсоўна прасіць ва ўладаў памяшканьняў для раённых сходаў.

(Бухвостаў: ) “Сходы ў Слуцку ці ў Ваўкавыску прайшлі на адкрытым паветры. Таксама мы праводзім іх у офісах нашых партый, хаця там, канешне, цяжка, некамфортныя ўмовы, у памяшканьні на 30 квадратных мэтраў зьбіраецца каля 100 чалавек, але людзі церпяць, бо яны зацікаўленыя ў працэсах. Калі б мы маглі зьбіраць людзей у нармалёвых залях, маглі павесіць аб’яву, што абіраем адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, які будзе выступаць супраць Лукашэнкі, то я ўпэўнены, народ паваліў бы валам. Гэта бачна па настроях людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG