Самыя раньнія ўспаміны Танімота, гэта мноства людзей параненых і зьнявечаных агнём, у тым ліку маладых жанчын, якіх пасьля сталі называць “Дзевамі Хірасімы”. Яна была сьведкам неверагодных пакутаў людзей і ейнай дзіцячай сьвядомасьці ўмацоўвалася жаданьне помсты супраць таго, хто зрабіў гэтае жудаснае злачынства.
У 1955 адбылася падзея, якая зьмяніла ейнае жыцьцё і ейны сьветапогляд. Бацька Танімота спадарожнічаў з 25 японкамі, якія ў ЗША павінны былі прайсьці плястычную апэрацыю. Яго запрасілі да ўдзелу ў папулярнай тэлепраграме “Гэта маё жыцьцё”.
(Танімота-Конда: ) “Я пазнавала ўсіх людзей на экране тэлевізара. Хаця мне было ўсяго 10 гадоў, я была вельмі цікаўная. Я спыталася ў маці: "а хто гэта той мужчына?" Гэта капітан Робэрт Луіс, які быў другім пілётам бамбавіка Б-29 Энола Гэй”.
Танімота чула, як пілёт расказваў падрабязнасьці пра атамную атаку на Хірасіму. Ён меў ўсе падставы лічыць сябе чалавекам, які адыграў важную ролю ў гісторыі, які паскорыў канец вайны, але ў яго не было пачуцьця гонару за свой учынак. Танімота-Конда ўбачыла на экране чалавека прыгнечанага сваім учынкам і поўнага раскаяньня.
(Танімота-Конда: ) “Капітан Луі сказаў, што ён бачыў з самалёту Хірасіму. Калі горад зьнік з поля ягонага зроку ён усклікнуў "Божа, што мы зрабілі?" Я думала, што гэты чалавек – мой вораг. Але калі я пачула ягоныя словы, калі ўбачыла ягоныя сьлёзы, я адчула сябе вінаватай за гэтае асуджэньне. Я прашаптала ў малітве "Божа, даруй мне, што я ненавідзела гэтага чалавека". Калі нехта заслугоўвае нянавісьці, дык гэта сама вайна, а ня гэты чалавек. Даруй мне”.
Танімота-Конда зьяўляецца адной з найбольш вядомых ў сьвеце ахвяраў Хірасімы. Гэтак як іншыя людзі, якія 6 жніўня 1945 году перажылі атамную атаку, яна зьяўляецца гарачай прыхільніцай антыядзернай кампаніі і разбраеньня. Яна часта выяжджае за мяжу, расказвае пра свой досьвед і заклікае да прымірэньня. У дзень, калі яна дала інтэрвію нашаму Радыё яна праводзіла экскурсію амэрыканскіх студэнтаў ў Музэі Хірасімы. “Усё, што я магу зрабіць, гэта заклікаць такіх людзей як яны імкнуцца да міру”.