Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар расейскай рэдакцыі: “Нямецкая хваля” ня мае магчымасьці пачаць вяшчаньне на дадатковай мове


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўніца расейскай рэдакцыі радыё “Нямецкая хваля” Карнэлія Рабітц паведаміла, што дамова з Эўракамісіяй на стварэньне радыёпраграмы для Беларусі пакуль не падпісаная.

Як паведамлялася раней, радыёстанцыя “Нямецкая хваля” выйграла тэндэр Эўракамісіі на стварэньне радыёпраграмы для вяшчаньня на Беларусь. Эўракамісія аддала перавагу 30-хвіліннай праграме на расейскай мове з навінамі і інфармацыяй пра Беларусь. На гэты праект Эўракамісія выдаткоўвае 138 тысяч эўра на год. Чакаецца пачатак вяшчаньня гэтай праграмы пасьля летніх канікулаў.

Кіраўніца расейскай рэдакцыі радыё “Нямецкая хваля” Карнэлія Рабітц паведаміла, што дамова з Эўракамісіяй на стварэньне радыёпраграмы для Беларусі пакуль не падпісаная, таму яна адмовілася папярэдне рабіць нейкія камэнтары адносна гэтай праграмы. Чакаецца, што гэтая дамова з абодвух бакоў будзе падпісана днямі.

Спадарыня Рабітц ведае, як успрынятая беларускай грамадзкасьцю ідэя стварэньня расейскамоўнай праграмы для Беларусі. Яна ведае таксама пра дыскусію, якая разгарнулася ў мэдыях. Паводле спадарыні Рабітц, у рэдакцыю “Нямецкай хвалі” прыходзіць вельмі шмат крытычных лістоў, якія тычацца пытаньня мовы, але ніхто не дыскутуе наконт зьместу будучых праграмаў. У гэтым сэнсе выказваюцца нават абвінавачаньні, што гэтая расейскамоўная праграма будзе рабіць тую ж справу, што і Аляксандар Лукашэнка.

(Рабітц: ) “Я знаходжу гэта абсалютна абуральным”.

У сваім камэнтары Ганс-Георг Вік адзначыў, што прынятае Эўракамісіяй рашэньне ня ёсьць рашэньнем супраць беларускай мовы, гэта толькі пытаньне фінансаваньня.

Карнэлія Рабітц сказала, што гэта ўласнае меркаваньне спадара Віка, які сапраўды аказаў вялікую падтрымку.

(Рабітц: ) “Пытаньне мовы цяпер не стаіць, таму што “Нямецкая хваля” не мае магчымасьці пачаць вяшчаньне на дадатковай мове. На гэта ёсьць шэраг розных прычынаў. Гэта наша ўнутранае рашэньне. Канечне, мы хочам беларускую мову прыняць да ўвагі і найперш выкарыстоўваць яе ў інтэрнэт-старонцы. Я ўпэўнена, гэта будзе добрая праграма, і можна будзе тады дыскутаваць аб гэтай перадачы. Але, спасылаючыся толькі на мову, казаць, што той, хто вяшчае на расейскай мове, той недэмакратычны, я знаходжу гэта непрымальным”.

Пра тое, якую мову прапаноўвалі для вяшчаньня канкурэнты “Нямецкай хвалі” — канцэрны “Эўраньюс” і “Бі-бі-сі Ўорлд сэрвіс” — Карнэлія Рабітц ня ведае. Не ўдалося гэта высьветліць і ў прадстаўніцтвах Эўракамісіі ў Менску і ў Кіеве. Там паведамілі, што гэты тэндэр праходзіў па-за рамкамі гэтых прадстаўніцтваў.

Гл. таксама • Частка апазыцыі ўхваліла вяшчаньне “Нямецкай хвалі” па-расейску • Ганс-Георг Вік: Мы ня супраць беларускай мовы, гэта праблема фінансаў • Што думаюць у Беларусі пра вяшчаньне “Нямецкай хвалі”? • Зянон Пазьняк камэнтуе рашэньне Эўракамісіі і "Нямецкай хвалі" • Івонка Сурвіла: “Рашэньне Эўракамісіі сьведчыць аб неразуменьні сытуацыі”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG