Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За салідарнасьць з палякамі – дзесяць сутак арышту (фота)


Альгерд Невяроўскі, Менск У Менску за удзел у акцыі салідарнасьці з Саюзам палякаў Беларусі затрыманыя пяць актывістаў “Маладога фронту”. Сябры “Маладога фронту” прыйшлі да амбасады Польшчы ў Менску, каб выказаць сваю салідарнасьць з законна абраным кіраўніцтвам Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У той жа час там адбываўся пікет Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Амонаўцы затрымалі маладафронтаўцаў, але не чапалі пікетоўцаў з БРСМ. Увечары адбыўся суд – актывісты "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч і Артур Фількевіч атрымалі па 10 сутак арышту.

Затрыманых абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярнуліся ў пракуратуру Партызанскага раёну Менску з просьбай распачаць супраць пікетоўцаў з БРСМ крымінальную справу за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

Сёньня да амбасады Польшчы ў цэнтры Менску прыйшлі дзьве групы моладзі. Адна з праўрадавага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (больш за 40 чалавек), другая зь незарэгістраванага апазыцыйнага “Маладога фронту”. Бээрэсэмаўцы з афіцыйнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі і транспарантамі з надпісамі кшталту “Моладзь за мір і сяброўства”. Маладафронтаўцы трымалі плякаты ў падтрымку кіраўніцтва Саюзу палякаў і польска-беларускай салідарнасьці. Вось што сказаў у інтэрвію “Свабодзе” сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Пазыцыя двух ці трох дзясяткаў халуёў рэжыму Лукашэнкі трактуецца як пазыцыя ўсяго беларускага грамадзтва. Няхай улады Польшчы ня лічаць пазыцыю аўтарытарнага кіраўніка беларускай дзяржавы пазыцыяй усяго беларускага народу”.

Паміж актывістамі БРСМ і “Маладога фронту” пачалася спрэчка. Празь некалькі хвілінаў маладафронтаўцаў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Зьмітра Рабчыка, Насту Палажанку і Антаніну Вежнявец затрымалі амонаўцы і завезьлі ў Партызанскую раённую ўправу ўнутраных справаў. Пры гэтым міліцыянты ледзь не затрымалі некалькіх актывістаў БРСМ, але, высьветліўшы, да якой арганізацыі тыя належаць, адпусьцілі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які прысутнічаў на акцыі, так пракамэнтаваў гэтыя дзеяньні АМОНу:

(Лябедзька: ) “Гэта супрацьпраўныя дзеяньні. Незаконная акцыя, без усялякай санкцыі можа праводзіцца толькі калі “алілуя” сьпяваюць Аляксандру Лукашэнку. Як толькі ў людзей ёсьць свая асабістая пазыцыя, АМОН адразу ператвараецца ў бандыцкі легіён”.

Бээрэсэмаўцы сьцьвярджалі, што маюць дазвол уладаў на правядзеньне пікету. Але чыноўнікі Менскага гарвыканкаму не маглі сказаць пэўна, ці даваўся дазвол на правядзеньне БРСМ пікетаваньня амбасады Польшчы.

Пяць сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьвярнуліся сёньня ў пракуратуру Партызанскага раёну з просьбай прыцягнуць актывістаў БРСМ да крымінальнай адказнасьці за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Гаворыць адзін з аўтараў заявы Кірыл Ігнацік:

(Ігнацік: ) “Гэтыя дзеяньні выклікаюць варожасьць да польскай меншасьці ў Беларусі. Нават апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што дзякуючы дзеяньням БРСМ нацыянальная напружанасьць у грамадзтве павялічылася”.

***

Пазьней увечары, у Менску за ўдзел у акцыі салідарнасьці з Саюзам палякаў Беларусі Партызанскім судом Менску асуджаныя на 10 сутак арышту актывісты "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч і Артур Фількевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG