Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: "Бамжынкі" па-шчукінску"


Галіна Абакунчык, Менск Агляд незалежнага друку за 5 жніўня.

“Белорусская деловая газета” ў сёньняшнім нумары зьмяшчае некалькі публікацыяў, прысьвечаных аналізу беларуска-польскага дыпляматычнага канфлікту й падзеяў вакол прыезду ў Менск расейскага амбасадара Аяцкава. “Пасьля Завідава польскі крызіс для Менску стаўся картай адгулянай, і склалася ўражаньне, што беларускае кіраўніцтва ня супраць закапаць “сякеру вайны, – піша “БДГ”. – Але аказалася, што Варшава таксама любіць памахаць дыпляматычным “тамагаўкам”. У выніку канфлікт намаганьнямі абодвух бакоў выйшаў з-пад кантролю”.

Тэму беларуска-польскіх дачыненьняў на сваіх старонках абмяркоўвае таксама тыднёвік “Наша ніва”. Апрача таго, сёньня газэта друкуе артыкул пад назваю “Радзіма – гэта не зямля і межы, а правы і свабоды”. “Цяперашні кантэкст нашага жыцьця, – піша “Наша ніва”, – перашкаджае стварэньню грамадзянскай супольнасьці і навязвае зусім іншыя сыстэмы каштоўнасьцяў. Як у пачатку 1990-х, мы павінны ісьці супраць гэтай плыні”.

“Вечерний Бобруйск” у артыкуле “Куды глядзіць міліцыя?” закранае праблему падлеткавага п’янства. Размова ідзе пра тое, што моладзь расьпівае піва ды іншыя алькагольныя напоі на галоўных вуліцах і сквэрах гораду адкрыта й беспакарана.

“Витебский курьер” сёньня друкуе артыкул пад назваю “У беспрацоўя свой конкурс”. У паведамленьні гаворыцца, што ў цэнтры занятасьці Пастаўскага раёну ў першым паўгодзьдзі былі зарэгістраваныя паўтары тысячы беспрацоўных. Пры гэтым вакантных месцаў у раёне налічвалася 85. Такім чынам, на адно працоўнае месца ў Пастаўскім раёне прэтэндуюць 12 чалавек.

Яшчэ адзін артыкул газэты “Витебский курьер” – “Бамжынкi” па-шчукiнску”. У публікацыі паведамляецца пра тое, як вядомы праваабаронца й журналіст Валеры Шчукін адзначаў два гады свайго існаваньня бяз сталага месца жыхарства. Гасьцей ён запрасіў у будынак віцебскага чыгуначнага вакзалу, частаваў сяброў сокам і апавядаў пра свае прыгоды бяздомнага чалавека – палову начэй цягам двух гадоў ён правёў на вакзалах розных гарадоў краіны. Як вядома, Полацкі суд выселіў спадара Шчукіна з інтэрнату мясцовага каледжу, дзе ён пражываў датуль сем гадоў, паведамляе “Витебский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG