Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэя Пісальніка пасадзілі на дзесяць сутак (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня На дзесяць сутак пасадзілі Анджэя Пісальніка — галоўнага рэдактара газэты “Głos znad Niemna” пры новым кіраўніцтве Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Тэрмін арышту судзьдзя Валянцін Шэўчык вызначыў з часу пачатковага затрыманьня спадара Пісальніка міліцыянтамі, што адбылося а 14-й гадзіне 1 жніўня. Такім чынам, сядзець яму застаўся тыдзень. Суд адбыўся ў Лідзе. Пасьля яго заканчэньня арыштаванага адразу завялі ў суседні будынак — спэцпрыёмнік РАУС.

Калі мы з польскімі журналістамі увайшлі ў судовую залу, там знаходзіліся сем міліцыянтаў і Анджэй Пісальнік. Судзьдзі яшчэ не было і фотакарэспандэнт “Газэты Выборчэй” Робэрт Кавалеўскі зрабіў здымак Анджэя. Да польскага журналіста кінуўся міліцэйскі капітан і выгнаў з залі.

Тым часам я папрасіў Анджэя Пісальніка распавесьці — чаму ён двое сутак галадаў у шчучынскім ізалятары пасьля таго, як яго першым разам дастаўлялі ў лідзкі суд?

(Пісальнік: ) “Я адмовіўся ад ежы, паколькі яны незаконна трымалі мяне гэтыя два апошнія дні, бо яны ня мелі права. Суд мяне адпусьціў у Горадню, каб я падпісаў дамову з адвакатам, каб прыехаць сюды сёньня разам з адвакатам, як вольны чалавек. А вось спадар маёр напісаў рапарт, вырашыўшы, што яны мяне могуць надалей трымаць, што зьяўляецца парушэньнем. Наконт гэтага я напісаў заяву шчучынскаму пракурору”.

На судзе высьветлілася, што шчучынская міліцыя абвінавачвала Анджэя Пісальніка ў тым, што ён нібыта арганізаваў і правёў цягам 15 хвілінаў несанкцыянаваны сход 3 ліпеня ў Шчучыне каля Дома польскага.

А вось гарадзенскія міліцыянты, затрымаўшы журналіста ў панядзелак, у пратаколе запісалі, што ягоная віна ў тым, што ён проста ўдзельнічаў у шчучынскім несанкцыянаваным сходзе. Нагадаю, што 3 ліпеня Саюзу палякаў мусіў правесьці сьвята польскай песьні на прыступках Дома польскага, куды іх не пусьцілі.

Судзьдзя стаў апытваць міліцыянтаў, якія сьведчылі супраць Анджэя Пісальніка. Адзін зь іх — Юры Храптовіч сказаў, што ўдзельнікі сходу размаўлялі па-польску, і ён нічога не зразумеў. Наступны — Віталь Кавальчук паўтарыў, што ўсе размаўлялі па-польску і прызнаўся, што польскай мовы не разумее, хоць сам паляк. Міліцыянтаў таксама ўразіла, што прысутныя давалі інтэрвію на польскай мове польскаму тэлебачаньню. Прысутным сказалі разысьціся, а яны не паслухаліся.

Анджэй Пісальнік сказаў, што ня можа быць арганізатарам, бо працаваў у той дзень кіроўцам— даставіў мікрааўтобусам людзей з Горадні. Адвакат Аляксандар Бірылаў зьвярнуў увагу суду на разыходжаньні ў міліцэйскіх пратаколах і зазначыў, што не прагучала доказаў таго, што спадар Пісальнік арганізаваў і правёў вулічны сход і што ўвогуле ў ім удзельнічаў. З увагі на гэта адвакат папрасіў спыніць справу.

З прысуду вынікала, што віна Анджэя Пісальніка ў тым, што ён прывёз людзей у Шчучын, тым самым стаўшы арганізатарам сходу.

З судовай залі Анджэя Пісальніка адвялі ў спэцпрыёмнік, дзе ўжо сядзяць тры сябры Саюзу палякаў з Горадні. Двух заўтра пасьля 21 гадзіны павінны выпусьціць, гэта — намесьнік старшыні СПБ Юзаф Пажэцкі і кіраўнік гарадзенскага гарадзкога аддзелу арганізацыі Мечыслаў Яскевіч. Там жа знаходзіцца і журналіст Андрэй Пачобут, якога выпусьцяць толькі 10 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG