Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі консул абвяргае заявы беларускага чыноўніка


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнік камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў сёньня абвінаваціў кансулят Польшчы ў Горадні ў візавай дыскрымінацыі групы польскіх дзяцей са Шчучына, якія накіроўваліся на аздараўленьне. Польскі консул Горадні Януш Дамброўскі назваў гэтую заяву глупствам.

Кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Рэспублікі Беларусь Станіслаў Буко, гаворачы пра рэакцыю Польшчы на канфлікт вакол Саюза палякаў Беларусі, прывёў трывожны, паводле ягоных словаў, прыклад дыскрымінацыі дзяцей зь Беларусі польскімі ўладамі.

Спадар Буко паведаміў, што днямі ў Шчучыне былі падрыхтаваныя “дзьве групы дзяцей з польскіх сем’яў на аздараўленьне ў Польшчу”, сярод якіх былі і дзеці-сіроты.

(Буко: ) “І калі ў Гародню, у консульства прыйшлі за афармленьнем групавых віз для дастаўкі гэтых дзяцей са Шчучына на аздараўленьне, ім было адмоўлена ў выдачы віз, ім было сказана, што Шчучын – па-за законам у Польшчы”.

Акрамя таго Станіслаў Буко паведаміў, што дачку кіраўніка Дома польскага са Шчучына Віктара Богдана не перавялі на чацьвёрты курс Мазурскага ўнівэрсытэту. Нагадаю, што ў Шчучыне сканцэнтравалася лаяльная ўладам частка СПБ, і спадар Богдан прадставіў 27 ліпеня памяшканьне мясцовага Дома польскага для паседжаньня старога складу Галоўнай рады Саюза палякаў, якая прызначыла новы зьезд арганізацыі.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў пры гэтым паабяцаў, што гэтыя дзеці са Шчучына змогуць аздаравіцца ў Беларусі, а дачка Віктара Богдана будзе вучыцца ў адной з беларускіх ВНУ.

Аднак інфармацыю прадстаўніка беларускага ўраду аб візавай дыскрымінацыі групы дзяцей са Шчучына абверг польскі консул у Гародні Януш Дамброўскі:

(Дамброўскі: ) “Я не ведаю, аб чым гаворыць спадар Буко, для мяне гэта нейкае глупства, непаразуменьне. Па-першае, няма групавых візаў. Ёсьць толькі індывідуальныя. І не далей, чым учора мы зрабілі візы такой групе дзяцей са Шчучына. Прыехалі іх бацькі і ў той самы дзень візы для дзяцей яны атрымалі”.

Спадар Дамброўскі зазначае, што ўвогуле ніякім групам польскіх дзяцей зь Беларусі ягоны кансулят у выдачы віз не адмаўляў. Акрамя таго, ён ня ведае, што арганізоўваліся нейкія выезды менавіта на аздараўленьне. Былі выезды на запрашэньне польскага харцэрскага руху.

(Дамброўскі: ) “Мы нікога не дыскрымінуем. Яшчэ раз кажу, кожны з бацькоў можа прыехаць да нас індывідуальна, і візу для дзіцяці атрымае.”

Паводле польскага консула ў Гародні, візавыя праблемы сапраўды могуць быць толькі ў тых сябраў СПБ, якія ўзялі ўдзел у перадачах БТ “Хто замовіў Саюза палякаў”, што шакавалі Польшчу.

“З гэтымі спадарамі мы не размаўляем”,– заявіў польскі консул Януш Дамброўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG