Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады “дапамагаюць” абіраць дэлегатаў на новы зьезд Саюзу палякаў


Алег Супрунюк, Берасьце На Берасьцейшчыне пачаліся сходы рэгіянальных суполак Саюзу палякаў у Беларусі, на якіх вылучаюць дэлегатаў на зьезд гэтага грамадзкага аб’яднаньня. Самы актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні падобных сходаў бяруць чыноўнікі зь мясцовай “вэртыкалі”.

Першы сход на Берасьцейшчыне адбыўся позна ўвечары 3 жніўня ў паселішчы Лагішын Пінскага раёну. Людзей польскай нацыянальнасьці — прыблізна 60 чалавек — сабралі з дапамогай кіраўніцтва пасялковага выканкаму. Адмыслова на сход прыехала загадчыца ідэалягічнага аддзелу раённай вэртыкалі Ірына Завадзкая. Пра вынікі мерапрыемства яна распавяла:

(Завадзкая: ) “Добра прайшоў сход, абралі дэлегатаў. Атмасфэра нармальная, ніякіх выказваньняў апалітычных не было. Казалі, што рабіць далей, пра сваю працу, гэта акрамя таго, што абралі дэлегатаў. Усё нармальна, без усялякіх эксцэсаў”.

У бліжэйшы час паводле аналягічнага сцэнару мусяць прайсьці сходы палякаў у Берасьці, Баранавічах, Кобрыні, Бярозе ды іншых гарадах, дзе існуюць суполкі Саюзу палякаў на Беларусі. Пільную ўвагу дзяржаўных ўладаў да правядзеньня сходаў у грамадзкай арганізацыі намесьнік старшыні абласнога савету ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Мурашкін тлумачыць тым, што раней цягам некалькіх гадоў гэтыя сходы не адбываліся ўвогуле. Цяпер, паводле спадара Мурашкіна, папярэдняе кіраўніцтва Саюзу палякаў само шукае дапамогі ў прадстаўнікоў улады дзеля правядзеньня такіх мерапрыемстваў.

(Мурашкін: ) “Паколькі быў зварот да кіраўніцтва і органаў улады ад Саюзу палякаў з просьбай арганізаваць ці садзейнічаць, цяпер дапамагаем памяшканьнямі і ўсім астатнім, што ім патрэбна дзеля правядзеньня сходаў, якія нарэшце адбудуцца. Бо ўжо наступаць на граблі двойчы гэтым людзям не хацелася б”.

Але ня ўсе палякі Берасьцейшчыны згодныя з такім умяшаньнем уладаў у справы сваёй грамадзкай арганізацыі. Прадпрымальнік Міхаіл Кавальчук лічыць ганебным той факт, што сходы ладзяцца пад кантролем дзяржаўных чыноўнікаў.

(Кавальчук: ) “Я стаўлюся да гэтага жахліва адмоўна. Гэта ёсьць ціск адміністрацыйна-каманднага рэсурсу, спэцслужбаў. Я лічу гэта недапушчальным, і калі не ўмяшаецца ўсясьветная грамадзскасьць, ня ведаю, што будзе”.

Што да сытуацыі ў Берасьцейскім аддзяленьні Саюзу палякаў, дык яно фактычна засталося без кіраўніцтва. Старшыня аддзяленьня Аліна Ярашэвіч склала зь сябе паўнамоцтвы кіраўніка, астатнія сябры рады таксама ўхіляюцца ад камэнтароў на тэму цяперашняга стану ў грамадзкім аб’яднаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG