Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніва”: “Спадарыня Анжаліка Борыс, трымайцеся”


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” – значная частка матэрыялаў у нумары прысьвечаная канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі.

У артыкуле “Памятаем пра вас” галоўны рэдактар “Нівы” і старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа адзначае, што беларусы, якія жывуць у Польшчы, добра разумеюць праблемы Саюзу палякаў Беларусі, бо самі неаднойчы спазналі “долю быцьця нацыянальнай меншасьцю”.

Спадар Вапа піша: “Спадарыня Анжаліка Борыс, трымайцеся. Дзеля будучыні трэба ствараць новую якасьць нармальнасьці быцьця нацыянальнай меншасьцю, асабліва на сумежжы, як паўнапраўных грамадзянаў сваіх айчынаў, у якіх мы жывем, выконваючы належныя абавязкі, але і ўмеючы карыстацца законамі... Вядома, на дарозе да нармальнасьці шмат перашкодаў. Заўсёды і ў вас, і ў нас знойдуцца прадажныя людзі, якія гатовыя служыць кожнай уладзе... Але неабыякавай да лёсу польскай меншасьці ў Беларусі засталася дэмакратычная супольнасьць краіны. Гэта абнадзейвае. Нягледзячы на сёньняшняе становішча, у будучым беларуская дзяржава будзе роднай айчынай для беларусаў, палякаў, расейцаў, літоўцаў, габрэяў ды іншых меншых народаў... Абсалютна разумею выказваньні Анжалікі Борыс наконт таго, чым найлепей дапамагчы ў такой сытуацыі, калі яна гаворыць: памятаць пра нас. Ня ведаю, як іншыя, але “Ніва” пра Вас памятае”.

І яшчэ адзін артыкул на гэтую ж тэму. Сталы аўтар “Нівы” Мікола Ваўранюк у матэрыяле “Калектыўная адказнасьць” камэнтуе заклік старшыні беластоцкага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства прафэсара Цэзарага Куклё да беларускіх арганізацыяў у Польшчы выказацца адносна захадаў уладаў Беларусі супраць Саюзу палякаў. Спадар Ваўранюк піша: “Прафэсар Куклё, сорам! Сорам на вас і на вашых калегаў зь беластоцкага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства. Як вы можаце патрабаваць ад польскіх грамадзянаў публічнага асуджэньня дзеяньняў Лукашэнкі? Толькі таму, што яны беларускай нацыянальнасьці? Гэта мае быць акт ляяльнасьці да польскай дзяржавы, ці што? Як вам увогуле прыйшло ў галаву супаставіць польскіх беларусаў з тым, што адбываецца з Саюзам палякаў у Беларусі?”

На думку Міколы Ваўранюка, польскаму прафэсару варта было б зьвярнуцца зь іншым заклікам – да дзяржаўных уладаў, палітычных партыяў, каб зрабілі ў гэты момант усё дзеля стрыманьня нацыяналістычнай рыторыкі ў адносінах да беларускай меншасьці ў Польшчы, “каб ніхто ў Польшчы не спрабаваў рэваншу на польскіх грамадзянах беларускай нацыянальнасьці за тое, што робіць Лукашэнка са сваімі грамадзянамі, “і ня толькі польскага паходжаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG