Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявяцца ў беларускім эфіры польскамоўныя перадачы? (абноўлена)


Алег Супрунюк, Берасьце Паводле рашэньня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі зь верасьня на тэрыторыі Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцей павінны выходзіць перадачы на польскай мове.

Як гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Міністэрства інфармацыі Беларусі, рашэньне наконт выхаду ў эфір польскамоўных праграмаў прынятае дзеля дзяржаўнай падтрымкі польскай дыяспары на Беларусі, якая жыве пераважна ў берасьцейскім і гарадзенскім рэгіёнах. У міністэрстве інфармацыі сьцьвярджаюць, што гэтае рашэньне ніяк не зьвязанае з цяперашнім дыпляматычным канфліктам у беларуска-польскіх дачыненьнях і сытуацыяй вакол Саюзу палякаў Беларусі.

Між тым, у Берасьцейскім тэлерадыёаб’яднаньні са зьдзіўленьнем успрынялі навіну пра тое, што польскамоўныя перадачы мусяць зьявіцца ўжо ў верасьні. Паводле словаў дырэктаркі аб’яднаньня Ларысы Дабрадомавай, дагэтуль невядомы фармат перадачаў і няма журналістаў, якія б у неабходнай ступені валодалі польскай мовай.

Але самае галоўнае, пра што кажа спадарыня Дабрадомава, невядома зь якіх крыніцаў будуць фінансавацца гэтыя праграмы.

(Дабрадомава: ) “Справа ў тым, што нам рэкамэндавана рабіць такія праграмы, дазволена. Кажуць, чаму б вам не рабіць такую праграму. Але ж мы сёньня ня толькі дзяржаўнае, але і камэрцыйнае тэлебачаньне. І працуем пад замову. Таму нам трэба з нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй аформіць дамову на гэтую праграму. Хто будзе за яе плаціць?”

У той час, як абмяркоўваюцца пляны польскамоўнага вяшчаньня, на берасьцейскім тэлебачаньні і радыё апошнім часам істотна скарацілася колькасьць праграмаў на беларускай мове. Берасьцейскі літаратуразнавец Генадзь Праневіч падзяляе думку, што ў рэгіянальным тэлеэфіры адбываецца дыскрымінацыя беларускай мовы.

(Праневіч: ) “Безумоўна, ёсьць дыскрымінацыя выразная, звужэньне эфіру. І гэтая тэндэнцыя ўжо больш за год, мне падаецца, ідзе на звужэньне. Асабліва інфармацыйных праграмаў”.

Цяпер па-беларуску ў Берасьці выходзяць у эфір пераважна толькі выпускі рэгіянальных навінаў на тэлеканале “Лад”, а на мясцовым радыё ў FM-дыяпазоне ўжываецца выключна расейская мова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG