(Пчолкін: ) “Было паляваньне толькі для гасьцей Нацыянальнага парку, а менавіта канкрэтнага чалавека. Былі расейцы. А вось мясцовыя паляўнічыя й выйсьці не маглі”.
Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” быў створаны роўна дзесяць гадоў таму – у жніўні 1995 году. Мясцовае насельніцтва мала ведае пра рэальную сытуацыю ў Нацыянальным парку, пра тое, чым займаюцца яго супрацоўнікі. “Браслаўскія азёры” сталі зонай, закрытай для грамадзкага кантролю. Як лічаць жыхары, якраз гэта й прычынілася да падзеяў крымінальнага характару, зьвязаных з парушэньнем прыродаахоўчага заканадаўства.
Назіраньнямі дзеліцца браслаўскі паляўнічы Віктар Міналта:
(Мінолта: ) “Парк рабочаму беларускаму чалавеку нічога не дае. Абсалютна. Вось я старшыня паляўнічага калектыву. І ў мяне ніводзін чалавек – ні пэнсіянэр, ні ўдзельнік вайны – ня можа выйсьці на паляваньне”.
(Карэспандэнт: ) “Чаму?”
(Мінолта: ) “Таму што мне трэба заплаціць за дзень, за тое што я выйшаў на паляваньне, прыкладна 15 тысяч рублёў. Вясною ніводзін мясцовы паляўнічы не выехаў на паляваньне. Стварэньне парку – гэта толькі для “вялікіх” людзей, у каго кашалькі вялізныя. У каго грошы ёсьць, той можа прыехаць і паляваць. Мясцовы рабочы чалавек на паляваньне ня выйдзе, нават калі б ён хацеў выйсьці дзеля цікавасьці. Нам нельга ў лес, нікуды нельга. Яны лічаць гэта дзяржаўным, таму за гэта трэба грошы. А дзе браць гэтыя грошы? Хто будзе паляваць? Начальства. Госьці з Расеі, госьці зь Менску, іншаземцы”.
Што да апошняга кадравага рашэньня Аляксандра Лукашэнкі, такое не навіна – беларускі прэзыдэнт час ад часу карыстаецца гэтым прыёмам – звальняе высокапастаўленых чыноўнікаў. Жыхары Браслаўшчыны пакуль што даволі стрымана расцэньваюць гэтую кадравую чыстку. Рэч у тым, што сыгналы адсюль пра шматлікія правапарушэньні, паступалі й раней. Аднак Лукашэнка чамусьці не рэагаваў.
Як лічыць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі, цяперашняя кадравая чыстка – усяго толькі элемэнт традыцыйнай кадравай палітыкі Лукашэнкі.
(Дабравольскі: ) “Нэгатыўныя тэндэнцыі былі закладзеныя з самага пачатку, калі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ўзначаліў Іван Ціцянкоў. Калі людзі памятаюць, там яны пачалі ствараць нейкія фірмы накшталт “Торгэкспа”, якія займаліся кантрабандай праз расейскую мяжу алькаголю, тытуню і г.д. – пад выглядам забесьпячэньня людзей прадуктамі харчаваньня. Я магу прывесьці такі прыклад. Гэтае Кіраўніцтва справаў адабрала ад усялякіх арганізацыяў, дзяржаўных і недзяржаўных, такіх, напрыклад, як Саюз пісьменьнікаў, самыя лепшыя будынкі па ўсёй краіне ў сваё апэратыўнае кіраваньне. І пачалі яны гэтым кіраваць і плаціць падаткі. Але, прабачце мне, калі гэта дзяржаўная маёмасьць, то ўсе даходы ад яе павінны ісьці ў дзяржаўны бюджэт. А яны паводзілі сябе як абсалютна камэрцыйная структура. І гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка прыватызаваў дзяржаву і цягне зь яе ўсе сокі. У мяне такое меркаваньне, што прыстойныя людзі не ідуць працаваць у каманду Лукашэнкі”.
Кадравыя скандалы карупцыйнага характару ў апошнія гады здараліся ў дзяржаўным апараце беларускім ня раз. Вінаватымі ў правапарушэньнях і злоўжываньнях былі прызнаныя, у прыватнасьці, ранейшая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, былы прэзыдэнт канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека.