Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларускую “сыліконавую даліну”?


Юлія Шарова, Менск Беларускую “сыліконавую даліну” можа напаткаць лёс свабодных эканамічных зонаў, лічаць некаторыя навукоўцы ды эканамісты. Учора Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, дзе абмяркоўваўся праект дэкрэту “Аб Парку высокіх тэхналёгіяў “Інтэлектуальная Беларусь”. Рэзыдэнтам гэтага парку ўжо цяпер абяцаюць беспрэцэдэнтныя падатковыя льготы.

Прадпрыемствы, якія разьмесьцяцца ў Парку высокіх тэхналёгіяў, павінны атрымаць сапраўды значныя прэфэрэнцыі. Ужо цяпер мяркуецца вызваліць іх ад зямельнага падатку, падатку на нерухомасьць. Сплата падаходнага падатку будзе ісьці па стаўцы 9 адсоткаў. Прадугледжваюцца й некаторыя іншыя льготы. Аднак Аляксандар Лукашэнка ўжо цяпер выказвае засьцярогі наконт таго, ці дасьць “сыліконавая даліна” патрэбны плён.

(Лукашэнка: ) “Мне хацелася б пачуць ад ураду, Нацыянальнай акадэміі, ці адпрацавана пытаньне пра разьвіцьцё інфраструктуры Парку. Ці ёсьць рэальныя прапановы патэнцыйных кліентаў альбо рэзыдэнтаў Парку, у тым ліку замежных. І наагул, што зьменіцца пасьля стварэньня Парку высокіх тэхналёгіяў?”

Апрача таго, на ўчорашняй нарадзе кіраўнік краіны заявіў пра тое, што ў Парк высокіх тэхналёгіяў могуць перайсьці на працу спэцыялісты з навукаёмістых прадпрыемстваў кшталту “Інтэграла” й “Агата”. Тады атрымаецца, што на “Агаце” ня будзе каму працаваць.

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі Нацыянальнай акадэміі навук Юры Хадыка ўпэўнены ў тым, што “сыліконавая даліна” можа паўтарыць лёс свабодных эканамічных зонаў. Сем гадоў таму, калі яны толькі пачалі зьяўляцца, было шмат спадзеваў на прыход новых інвэстыцыяў ды наагул на разьвіцьцё бізнэсу, бо гэтыя зоны таксама атрымлівалі шмат прэфэрэнцыяў. Цяпер размова вядзецца пра іх ліквідацыю. Таму, лічыць Юры Хадыка, у беларускіх эканамічных умовах Парк высокіх тэхналёгіяў эфэктыўна працаваць ня здолее.

(Хадыка: ) “Стварыць такія ж умовы, такое ж матэрыяльнае забесьпячэньне, як у сапраўднай “сыліконавай даліне”, нам яшчэ працяглы час ня ўдасца, і падвышэньне матэрыяльнага дабрабыту ў Расеі таксама будзе адрываць нашых спэцыялістаў. І нічога тут ня зробіш, калі ня будзе праведзеная эканамічная рэформа ўва ўсёй краіне, ня будзе ўзьняты ўзровень жыцьця ўва ўсёй краіне, разьлічваць на тое, што адна такая “даліна” зможа памяняць сытуацыю, немагчыма”.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што падтрымліваць беларускіх навукоўцаў трэба, бо тут патэнцыял краіны па-ранейшаму вельмі высокі. Але падыходзіць да стварэньня Парку высокіх тэхналёгіяў гэтаксама, як да свабодных эканамічных зонаў, нельга.

(Залескі: ) “Сыліконавая даліна” – гэта месца вольнага бізнэсу. Гэта месца, дзе шмат кампаніяў банкрутуе, і ніхто за гэта не ляціць на нары, бо яны банкрутуюць паводле правілаў бізнэсу, яны рызыкуюць, і той, хто выйграе, прыносіць плён і сабе, і дзяржаве. Падыход намэнклятурны, праз ільготы і прывілеі, стварае пэўнае кола асобаў, якія атрымліваюць доступ да гэтых прывілеяў, і больш нічога”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG