Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слуцку зьнесьлі архітэктурны помнік ХІХ стагодзьдзя


Вячаслаў Кулік, Менск У гістарычным цэнтры Слуцку, які рыхтуюць да сёлетніх “Дажынак”, зьнесьлі будынак былой Земскай лякарні. Райцэнтар тым самым страціў каштоўны архітэктурны помнік ХІХ стагодзьдзя. Чаму ад “Дажынак” цярпіць гістарычная спадчына старажытных гарадоў?

У Слуцку сёньня будаўнікі зачышчаюць месца на колішняй Турэмнай вуліцы, дзе ў 1886 годзе пачала працаваць Земская лякарня. Па словах краязнаўца Ігара Ціткоўскага, быў зьнішчаны каштоўны для гораду на Случы помнік.

(Ціткоўскі: ) “Рэч у тым, што ў Слуцку лічаная колькасьць будынкаў дарэвалюцыйных і нават даваенных, бо вельмі моцныя былі баі на пачатку вайны і пры канцы яе. І наагул, наш горад лічыцца старажытным, але яго архітэктура – цалкам ХХ стагодзьдзя. Таму кожны стары будынак павінен разглядацца як рарытэт. Гэта быў бальнічны будынак. Ён цёплы, тоўстыя сьцены, нармальна сплянаваны”.

Двухпавярховы будынак былой Земскай лякарні зьнесены, бо ён нібыта не ўпрыгожваў цэнтру гораду, дзе мае адбыцца фэст-кірмаш “Дажынкі-2005”.

Раней Радыё Свабода паведамляла, што ў Слуцку быў арганізаваны збор подпісаў жыхароў пад зваротам да ўладаў. У абарону старога будынку выступалі таксама журналісты і дзеячы мастацтваў зь Менску. Хто ж пасьля гэтых пратэстаў, зваротаў даў загад зьнесьці гістарычны будынак у Слуцку?

Паводле цяперашняга заканадаўства, помнікі ў Беларусі адсартаваныя па трох сьпісах. У найніжэйшым – помнікі мясцовага значэньня. Сюды якраз аднесьлі будынак былой Земскай бальніцы. Ім меў апекавацца гарадзкі аддзел культуры. Аднак, паводле кіраўніцы гэтай установы Тамары Шахновіч, лёс помніка вырашаўся ў кабінэтах Слуцкага райвыканкаму. Яго, нагадаю, ачольвае Аляксандар Драко.

(Шахновіч: ) “Будынак належаў мэдыкам. А грошай не было ва ўлады і ў іх. Вядома, будынак нікому не замінаў. Але яго трэба было даводзіць да ладу. А тут яшчэ й “Дажынкі”...”

Тамара Шахновіч паведаміла таксама, што да “Дажынак” у Слуцку на месцы разбуранага помніка пабудуюць лазьню.

“Дажынкі” ў Беларусі праводзяцца ад 1996 году. За гэты час яны прайшлі ў такіх старажытных гарадох, як Мазыр, Нясьвіж, Пружаны, Ваўкавыск. Як паўплывала “дажынкавая” рэканструкцыя пляцаў і вуліц на гістарычную спадчыну? Ці былі такія зносы гістарычна каштоўных аб’ектаў, як у Слуцку? Вось меркаваньне старшыні Беларускага фонду культуры гісторыка Ўладзімера Гілепа:

(Гілеп: ) “Дажынкі”, я лічу, робяць добрую справу. Культура паляпшаецца, узоры добраўпарадкаваньня ёсьць некаторыя. Але за гэтым хаваецца велізарная небясьпека. Гэта небясьпека перадусім для гістарычнай нашай спадчыны. Бо што такое “Дажынкі”? Гэта – дата. Назіраецца імкненьне паставіць да гэтай даты ці лазьню, як у Слуцку, ці замасьціць абавязкова гістарычныя месцы. Бо дзе адбываецца гулянка? Звычайна на гістарычнай плошчы. І здарыцца так, як на рынку ў Нясьвіжы, які быў абсалютна іншы. Адным словам, узьнікае шлейф праблем, на якія трэба зьвяртаць увагу загадзя. Вось пройдуць зараз “Дажынкі” у Слуцку і вырашаць, што на наступны год “Дажынкі” будуць праводзіцца дзе? Ва Ўзьдзе, напрыклад. І ўсё – паехала, панеслася. Узду гэтую пералапацяць-перакапаюць да вызначанай даты. Гэта нашая самая велізарная хіба, якая была пры саветах, і яна застаецца па сёньняшні дзень”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG