Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У апазыцыю залічваюцца ўсе, хто проста думае інакш"


RFE/RL Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў - 2 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “На Беларусі існуе апазыцыя, зь якой улады і сам Лукашэнка вядуць жорсткую барацьбу насуперак уласнай канстытуцыі. У апазыцыю залічваюцца ўсе, хто проста думае інакш, ня так, як ён, асабіста ён. Вальнадумцаў штрафуюць, зьбіваюць, садзяць у турмы, учыняюць правакацыі, і нават зьнішчаюць. Іх усімі дзяржаўнымі сродкамі дыскрэдытуюць, звальняюць з працы, а потым наракаюць, што яны не працуюць”.

(Спадар: ) “У Беларусі вядзецца самая сапраўдная грамадзянская вайна супраць нацыянальна-сьвядомай часткі грамадзтва. Фактычна, дзейнічае забарона на палітычную дзейнасьць – не абвешчаная, але дзейнічае забарона. Эўропа назірае, а эскаляцыя агрэсмі нарастае. Ужо гэта было”.

(Спадар: ) “Дракахруст і Карбалевіч, іншыя там асобы! Чаго вы там зьбіраеце экспэртаў, у беларускія справы лезеце – што вам трэба ў Беларусі? Чаму вы не гледзіце, што ў вас творыцца там? Чаму не расказваеце, як разагналі ў Чэхаславакіі фэстываль музычны, які там сабралі, як гэтых людзей там, шэсьцьдзесят чалавек, пакалечылі? Вадамётамі, дручкамі разганялі? Чаму вы пра гэта не расказваеце? У вось у Менску там дзесяць чалавек выдалілі пікет, і ўжо 115 хвілін на ўвесь сьвет. Як вам ня сорамна, прадажныя вы людзі!”

(Віктар Мікалаевіч: ) “Шаноўныя сябры! Назваць дзяржаву, зь якой у сёньняшняй Беларусі дрэнныя дачыненьні, няпроста – паколькі ў кіраўніцтва сёньняшняй Беларусі з большасьцю эўрапейскіх дэмакратычных дзяржаваў дрэнныя адносіны. Ніводная дэмакратычная эўрапейская дзяржава не прымае і не запрашае беларускага прэзыдэнта Лукашэнку – і наогул беларускае кіраўніцтва – да сябе, за сталы перамоваў. Выключэньнямі зьяўляюцца Расея, Украіна й некаторыя іншыя постсавецкія азыяцкія дзяржавы – як, напрыклад, Казахстан, Узбэкістан, Кыргызстан, ну і дзяржавы Кітай, Судан. Яны прымаюць сёньня беларускага прэзыдэнта. Прычынай ігнараваньня зьяўляецца недэмакратычны рэжым сёньняшняй Беларусі. Бо прэзыдэнт Лукашэнка сказаў у 2004 годзе, што ён прытрымліваецца аўтарытарных мэтадаў кіраўніцтва дзяржавай. Аўтарытарызм – гэта дыктатура, гэта бліжэй да тыраніі, да дэспатыі. Гэта недэмакратычны рэжым кіраваньня. Адсюль і ўсе нашыя беды”.

(Спадар: ) “Я ўжо стары дзядзька, але ў мяне такое пытаньне ўзьнікла, зьвязанае з маім дзяцінствам, ці што. Быў я ў дзіцячым доме, і нават у калёніі месяцы з тры пабыў – і ў тым асяродзьдзі “блатныя” карысталіся там рознымі словамі – “хмыр”, “чмо”, зь іх жа былі “чувак” і г.д. Дык скажыце мне, калі ласка, у якім асяродзьдзі карыстаюцца – тады было асяродзьдзе “шпаны” – а зараз я чую раптам такія слоўцы, як “адмарозкі”. Дык у якім сацыяльным асяродзьдзі карыстаюцца гэтымі словамі? Я магу здагадацца, калі там гавораць “аддзелім мух ад катлет” ці “мачыць у сарціры” – гэта такая, ну, не блатная, угалоўная лексыка. А вось “адмарозкі” – гэта слоўца якога асяродзьдзя? Адкажыце. Добрага вам здароўя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG