Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск рэзка адрэагаваў на візыт Дональда Туска


Юры Дракахруст, Прага Учорашнія заявы віцэ-сьпікера польскага Сэйму Дональда Туска, які ўчора наведаў Гародню, і рэзалюцыя польскага парлямэнту аб парушэньнях правоў польскай меншасьці ў Беларусі выклікалі рэзкую рэакцыю беларускіх уладаў. Са зьместам заяваў МЗС і КДБ, а таксама рэакцыяй палаты прадстаўнікоў вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Прэсавая сакратарка МЗС Беларусі Марыя Ваньшына расцаніла заявы Дональда Туска, як наўпроставае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Яна падкрэсьліла, што ў будучыні “паездкі падобных ваяжораў, якія распальваюць нацыянальную варожасьць, будуць рашуча спыняцца”.

Спадарыня Ваньшына заявіла, што партыя “Грамадзянская плятформа”, кіраваная спадаром Тускам, заблякавала прыняцьцё закону Польшчы аб нацыянальных і этнічных меншасьцях. У сувязі з гэтым прадстаўніца беларускага МЗС мяркуе, што заявы спадара Туска няшчырыя і "ня могуць расцэньвацца інакш, як палітычны трук з мэтай абвастрэньня сытуацыі вакол Саюзу палякаў, ужыванага ў якасьці сродку перадвыбарчай барацьбы ў Польшчы".

Начальнік аддзелу абароны канстытуцыйнага ладу і барацьбы з тэрарызмам КДБ Беларусі Аляксандар Талсташаў таксама расцаніў выступы віцэ-маршалка Сэйму у Гародні, як скіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў беларускім грамадзтве, спробу справакаваць канфлікт на міжнацыянальнай глебе і наўпроставае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі. Спадар Талсташаў падкрэсьліў, што КДБ будзе спыняць проціпраўную дзейнасьць гэтакіх польскіх дзеячаў.

Нарэшце, дзьве камісіі палаты прадстаўнікоў – міжнародная і ў правох чалавека і міжнацыянальных зносінах – прынялі супольную заяву ў адказ на нядаўнюю рэзалюцыю польскага Сэйму. У ёй сэймавая рэзалюцыя названая “прыкладам умяшальніцтва ва ўнутраныя справы сувэрэннай беларускай дзяржавы”, выказваецца ўпэўненасьць, што “рэзалюцыя Сэйму, як і дэструктыўныя дзеяньні іншых дзяржаўных органаў Польшчы, сьведчаць пра сьвядомае правядзеньне лініі на абвастрэньне беларуска-польскіх адносінаў і стварэньне кіраванага звонку канфлікту”. Паводле дэпутатаў палаты, “у Беларусі няма ўцісканьня правоў польскай этнічнай меншасьці”, а “дзейнасьць грамадзкіх аб''яднаньняў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца нацыянальным заканадаўствам, якому абавязаны падпарадкоўвацца ўсе бяз выключэньня”.

Камісіі палаты прадстаўнікоў папярэджваюць, што “штучнае распальваньне міжнацыянальнай розьні можа прывесьці да сур''ёзнага абвастрэньня сытуацыі ў рэгіёне”.

Гл. таксама • Віцэ-старшыня польскага Сэйму -- у Горадні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG