Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуша Гавіна пасадзілі на пятнаццаць сутак


Сяргей Астраўцоў, Горадня Заснавальніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна пасадзілі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванй акцыі. Другога актывіста Саюзу палякаў —журналіста Анджэя Пісальніка даставілі ў Лідзкі суд. Ён падаў хадайніцтва аб тым, каб мець дапамогу адваката. Таму судзьдзя, задаволіўшы хадайніцтва, перанес паседжаньне на чацьвер. Пасьля гэтага спадара Пісальніка даставілі назад у Шчучынскі райаддзел міліцыі. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі ля Польскага дому ў Шчучыне 3 ліпеня. З падрабязнасьцямі — гарадзенскі карэспандэнт.

Сёньня міліцыянты затрымалі заснавальніка Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна, і сёньня ж суд пакараў яго 15-дзённым арыштам за ўдзел ва ўчорашняй акцыі ля Саюзу палякаў. Ніхто, нават родныя, ня ведалі аб затрыманьні Тадэвуша Гавіна, яму дазволілі патэлефанаваць са спэцпрыёмніка і паведаміць пра гэта. Учора Тадэвуш Гавін выступіў перад сябрамі Саюзу палякаў, якіх сабралося больш за сто чалавек. Ён абвінаваціў улады, што яны не шануюць беларускіх грамадзянаў, а таксама — польскую меншасьць.

Tadeusz Gawin - Тадэвуш Гавін (Гавін:) “Мы, як палякі, як годныя людзі, як людзі, якія маюць свой гонар, не хацелі падпарадкоўвацца ўладам, каб яны пасадзілі нам наступнага Кручкоўскага ці зноўку — яго самога. Каб ён кіраваў незалежнай дэмакратычнай свабоднай арганізацыяй. Яны гэтага хацелі, і дзеля гэтага ўвесь гэты бардэль учынілі — на штыках амону. Ці нармальная ўлада ў нармальнай краіне дазволіла б сабе вартаваць уваход у Дома польскі, які быў пабудаваны за нашыя і польскія грошы? Ганьба такой уладзе!”

Тадэвуш Гавін зазначыў, што Анжаліку Борыс абралі кіраўніком Саюзу палякаў на зьезьдзе, на дэмакратычна праведзеных выбарах. Ён сказаў, што яна зьяўляецца легітымным кіраўніком саюзу і заклікаў прысутных яе падтрымліваць. Спадар Гавін падкрэсьліў, што ўлады імкнуцца запалохаць палякаў, пакараць іх штрафамі, пасадзіць за краты, але гэтай уладзе рана ці позна давядзецца адказваць за свае дзеяньні, сказаў ён.

Журналіст Анджэй Пісальнік лічыць, што яго ўтрымліваюць у міліцэйскім ізалятары ў Шчучыне незаконна і патрабуе сустрэчы з пракурорам. Калі гэтае яго жаданьне ня будзе задаволена, ён абяцае абвесьціць галадоўку.

На суд у Лідзе езьдзілі польскія журналісты і галоўны рэдактар газэты “День” Мікола Маркевіч. Яму ўдалося перадаць ваду і прадукты для рэдактара “Магазына Польскага” Андрэя Пачобута і ягоных калегаў па Саюзу палякаў — Юзафа Пажэцкага і Мечыслава Яскевіча, яны сядзяць у лідзкім спэцпрыёмніку. Сцэнар іхняга затрыманьня і суду быў падобны да выпадку Анджэя Пісальніка. Іх даставілі ў шчучынскі пастарунак, а затым у Лідзкі суд і пакаралі арыштам нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня ў Шчучыне.

***

Анджэя Пісальніка затрымалі ўчора ў Горадні непадалёк ад будынку Саюзу палякаў і даставілі ў Шчучын. Мясцовая міліцыя склала на яго адміністрацыйны пратакол нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня, калі каля шчучынскага Дома польскага адбыўся канцэрт польскай песьні, на які з Горадні прыяжджала кіраўніцтва Саюзу палякаў.

Тадэвуш Гавін, нарадзіўся 3 ліпеня 1951 году ў вёсцы Ласосна Гарадзенскай вобласьці. Скончыў арлоўскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню сувязі і ваенную акадэмію сувязі ў Ленінградзе. Служыў у памежных войсках. Падпалкоўнік запасу.

Старшыня Саюзу палякаў Беларусі (1990 – 2000). Ганаровы сябра Саюзу палякаў Беларусі.

Быў дарадцам старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня ў пытаньні міжнацыянальных зносінаў.

У 2001 годзе быў асуджаны на трое сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі “Хочам ведаць праўду”. У 2004 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў, але ня быў зарэгістраваны.

Тадэвуш Гавін жанаты, мае дваіх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG