Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Скрабца перавезьлі зь Берасьця ў Менск (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё паведаміла жонка былога дэпутата Аляксандра Скрабец. Паводле яе, спэцыяльны вагон, у якім перавозіліся арыштанты, быў у дарозе амаль пяць сутак.

Жонка экс-парлямэнтара вельмі непакоіцца, як яе муж перанёс сьпякоту. На дарогу ад Берасьця да Менску, якую звычайны пасажырскі цягнік (ня кажучы ўжо пра хуткі) адольвае за пяць гадзін, Сяргей Скрабец мусіў патраціць аж пяць дзён.

(Скрабец: ) “Сяргей ужо тут, у Менску. Але ён у каранціне. Толькі ўчора позна ўвечары мне паведаміў адвакат, што ён ужо тут. Яго ж вывезьлі з Берасьця ў сераду, а ў Менск прывезьлі толькі ў нядзелю. Вагон стаяў у Баранавічах, мабыць, трое сутак”.

Сяргей Скрабец быў затрыманы яшчэ 15 траўня ў Менску, у той жа дзень яго перавезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб’яднала дзьве справы былога дэпутата (выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару) у адну, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавезьці арыштанта ў Менск. Тут інтарэсы экс-парлямэнтара будзе абараняць новы адвакат Алег Дубавец.

Жонка Сяргея Скрабца таксама сказала, што пасьля ператрусу на кватэры бацькоў мужа па вуліцы Шугаева, дзё ён прапісаны, сьледчыя правялі ператрус і ў яе кватэры, і паўторна — у бацькоў.

(Скрабец: ) “Прыехалі да мяне на працу ў шпіталь, забралі як злачынцу ад галоўнага лекара, адзінае, што кайданкі не надзелі. А што тычыцца ператрусу у бацькоў Сяргея, дык мяне выклікалі. Там правялі ператрус і зноў апісалі маёмасьць, хаця там яе апісалі і раней. Я ім пра гэта кажу, а яны мне ў адказ: нічога ня ведаем, усе пытаньні да сьледчага”.

Малодшы брат Сяргея Скрабца Аляксандар, які таксама праходзіць па гэтай справе, гаворыць, што застаецца на свабодзе, але амаль штодня ходзіць на допыты.

***

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджала, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў — нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.

Cяргей Скрабец, нарадзіўся 25 кастрычніка 1963 года ў Лідзе, скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут, завочна – БДУ па спэцыяльнасьці юрыст.

Працаваў камэрцыйным дырэктарам навукова-тэхнічнага цэнтру “Менск-Партнэр”, загадчыкам сэктарам камэрцыі і маркетынгу рэспубліканскага штабу студэнцкіх атрадаў ЦК камсамолу, загадчыкам аддзелам камэрцыі і маркетынгу Службы занятасьці моладзі і студэнтаў, камэрцыйным дырэктарам СП “Тэйкоф”, генэральным дырэктарам ЗАТ “Гандлёвы дом Бел-Бабаеўскі”.

У 2000 годзе быў абраны дэпутатам палаты прадстаўнікоў. Быў сябрам дэпутацкай групы “Рэспубліка”, пэўны час ўзначальваў яе. У 2004 годзе ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў “Рэспублікі”, патрабуючы зьменаў у выбарчы кодэкс.

У 2001 годзе спрабаваў вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі, але не сабраў належную колькасьць подпісаў.

Сяргей Скрабец жанаты, мае сына і дачку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG