Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 жніўня 1920 году ў Менску пачаў функцыянаваць канцэнтрацыйны лягер «для прадстаўнікоў варожых клясаў»


RFE/RL Каляндар Свабоды – 1 жніўня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 жніўня.

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

31 ліпеня 1920 году была другі раз абвешчаная БССР, якая тады называлася ССРБ. Гісторык Леанід Лойка лічыць, што “ўтварэньне БССР было тактычным манэўрам бальшавікоў і азначала сур’ёзную паразу нацыянальна-дэмакратычнага руху”. А вось як апісвае тыя падзеі гісторык Анатоль Сідарэвіч. Цытую: “Нарэшце 31 ліпеня 1920 году, калі ўрад Вацлава Ластоўскага апынуўся за мяжою, а Найвышэйшая Рада БНР практычна распалася, была абнародаваная Дэклярацыя аб абвяшчэньні незалежнасьці Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі Беларусі. Гэтую рэспубліку прызнала Нямеччына, а яе паўнамоцным прадстаўніком у Бэрліне стаўся бальшавіцкі дзяяч Мікалай Красьцінскі (у 1938 годзе яго асудзяць на расстрэл). Паўпрэд ССРБ зьмяніў у Бэрліне дыпляматычную місію БНР”. Гэта значыць, што БССР рэальна займала дзяржаўныя пляцоўкі, створаныя дзеячамі БНР.

31 ліпеня ў 1944 годзе ў Беларусі пачалася маштабная апэрацыя НКВД з мэтаю ліквідацыі ў заходніх раёнах узброенага падпольля. Усяго за год было арыштавана амаль сто тысячаў чалавек. Забіта пры супраціве тры тысячы дзьвесьце змагароў з савецкаю ўладай.

Дарэчы, у той самы дзень, 31 ліпеня 1944 году загінуў пісьменьнік Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, аўтар сусьветна вядомых “Маленькага прынца” і “Плянэты людзей”. Ваенны пілёт Экзюпэры не вярнуўся з выведнага палёту. Адшукаць яго і ягоны самалёт так і не ўдалося.

І яшчэ 31 ліпеня 1956 году выйшла пастанова ЦК КПСС пра разьвіцьцё жыльлёвага будаўніцтва ў СССР. Гэта значыць, што сёньня – дзень нараджэньня знакамітых “хрушчовак”, якія істотна зьмянілі аблічча беларускіх гарадоў і самой краіны.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

1 жніўня ў 1857 годзе людзі ў Беларусі зьведалі чарговае наступства далучэньня краіны да Расейскай імпэрыі. Выйшаў указ расейскага цара, паводле якога аднадворцы, гэта значыць бедная шляхта, былі аднесеныя да катэгорыі дзяржаўных сялян. Такім чынам былі паніжаныя ў правох 44 тысячы 800 сем’яў.

1 жніўня 1920 году ў Менску пачаў функцыянаваць канцэнтрацыйны лягер «для прадстаўнікоў варожых клясаў», якімі лічыліся былая шляхта, землеўладальнікі, чынавенства і сьвятары. Паводле зьвестак гісторыка Кастуся Тарасава, утрымлівалі ў тым лягеры ня менш за тры сотні чалавек.

І яшчэ адна сумная дата, якую ня можна не прыгадаць. 1 жніўня 1943 году нямецкія карнікі расстралялі ва ўрочышчы Батароўка каля Наваградку 11 манахіняў ордэну сясьцёр Сьвятой сям''і з Назарэту. Чатыры гады таму гэтыя манахіні былі абвешчаныя сьвятымі.
XS
SM
MD
LG