Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"International Herald Tribune": Расея можа павысіць цану на газ у тры разы


Юры Дракахруст, Прага “Расея заяўляе, што цана паставак газу ва Ўкраіну можа вырасьці ўтрая” – пра гэта распавядае журналістка Джудзі Дэмпсі ў артыкуле ў "International Herald Tribune". У публікацыі адзначаецца, што ў мінулым Расея выкарыстоўвала газавы рычаг, каб уплываць на палітыку ў суседніх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Са зьместам артыкулу вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Зараз Расея пастаўляе Ўкраіне газ па цане 80 даляраў за тысячу кубамэтраў. Аднак нядаўна старшыня “Газпрому” Аляксей Мілер папярэдзіў, што ў наступным годзе цана паставак можа падвысіцца ў тры разы.

На думку Барыса Нямцова – расейскага палітыка, дарадцы прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньні газавых цэнаў – бакі да канца гэтага году прыйдуць да згоды, аднак скачок цэнаў можа стаць сур''ёзным выпрабаваньнем для ўкраінскай эканомікі.

Істотнае падвышэньне цаны на газ можа наўпрост паўплываць на вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, якія пройдуць ў наступным сакавіку. У адпаведнасьці з палітычнай рэформай, якая адбылася ў сьнежні летась, у разгар "аранжавай" рэвалюцыі, парлямэнт новага скліканьня будзе мець значна больш шырокія ўладныя паўнамоцтвы, адпаведна паўнамоцтвы прэзыдэнта будуць істотна абмежаваныя.

Скачок цэнаў можа быць скарыстаны на выбарах апанэнтамі цяперашняй улады.

Агата Лоскат – экспэрт у пытаньнях энэргазабесьпячэньня з варшаўскага цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў нагадвае, што Ўкраіна атрымлівае з Расеі траціну ўсё патрэбнай ёй энэргіі, яшчэ траціну – з Туркмэністану, астатняе пакрываецца за кошт уласных рэсурсаў.

На думку польскага экспэрта, скачок газавых цэнаў да ўзроўню ўсясьветных, хаця і можа пашкодзіць перадвыбарчай кампаніі прыхільнікаў Віктара Юшчанкі, у пэрспэктыве будзе спрыяць аздараўленьню ўкраінскай эканомікі. Украінскі ўрад выдзяляе вялікія субсыдыі на карыстаньне энэргіяй.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця лічыць, што падтрыманьне нізкіх цэнаў для спажыўцоў спараджае яе неэфэктыўнае выкарыстаньне. Паводле ацэнак банку, скажам, у 2002 годзе спажываньне энэргіі ва Ўкраіне на душу насельніцтва было ўтрая вышэйшым, чым ў сярэднім у краінах Эўразьвязу.

Іван Палтэвец, адмысловец з кіеўскага Інстытуту эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, нагадвае, што значная доля ўкраінскай аплаты за расейскі газ рабілася таварамі, а не грашыма. Падобныя бартэрныя схемы заўсёды вядуць да карупцыі і неэфэктыўнасьці.

Пасьля абраньня прэзыдэнтам Віктар Юшчанка абвясьціў плян манэтызацыі адносінаў з “Газпромам”, пераходу на грашовыя разьлікі. Аднак і дагэтуль гандаль газам і разьлікі за яго ідуць паводле старой непразрыстай схемы.

"International Herald Tribune" адзначае, што Расея і раней выкарыстоўвала газавы рычаг для ціску на суседнія краіны. Летась былі спыненыя пастаўкі газу ў Беларусь. У гэтым годзе Расея пагражала спыніць пастаўкі энэргіі ў Малдову, каб паўплываць на хаду парлямэнцкіх выбараў – піша "International Herald Tribune".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG