Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму АБСЭ не настолькі ўплывовая як НАТО або Эўразьвяз?


Віталь Цыганкоў, Прага 30 гадоў таму, у сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі кіраўнікамі краінаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі быў падпісаны акт аб бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. Сёньня, праз 30 гадоў пасьля свайго ўтварэньня, АБСЭ стаіць на пэўным гістарычным раздарожжы.

У 1994 годзе стала дзейная Канфэрэнцыя дзяржаваў была пераўтвораная у добрая знаёмую нам цяпер абрэвіятуру – АБСЭ – Арганізацыю па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе, у якую ўваходзяць цяпер 55 краінаў. Аднак, як прызнаюць большасьць палітыкаў, прэстыж і ўплыў АБСЭ на міжнароднай арэне сёньня значна меншы ў параўнаньні з такімі структурамі як НАТО і Эўразьвяз.

Праз 16 гадоў пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, АБСЭ мае патрэбу перагледзець свае падыходы і “спрыяць пабудове новай Эўропы ўздоўж былога падзелу на Захад і Ўсход”, лічыць Юры Груза, кіраўнік венскага дасьледчага цэнтру Дыпляматычная акадэмія.

Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заклікаў АБСЭ зрабіць рэгіён Сярэдняй Азіі сваім прыярытэтам, заявіўшы – “тое, што зараз адбываецца ў гэтай частцы сьвету, гэта фіяска нашай палітыцы”. Ротфэльд таксама лічыць, што АБСЭ павінна пашырыцца на дзяржавы міжземнаморскага рэгіёну. Яго падтрымлівае аўстрыйскі міністар Урсула Пласнік, якая лічыць, што АБСЭ павінна “пераасэнсаваць сваё разуменьне бясьпекі праз працэс пашырэньня”.

Цяперашні старшыня АБСЭ славенскі міністар замежных справаў Дымітры Рупэль, заяўляе, што арганізацыя мусіць спрыяць эканамічнаму разьвіцьцю былых камуністычных краінаў, але гэтую ролю даўно ўзяў на сябе Эўразьвяз. Што ад адносінаў з НАТО, то прэсавы сакратар АБСЭ Ян Эўрэнсэл гэтак вызначыў ролі дзьвюх арганізацыяў. “НАТО выходзіць на вуліцы ў шлемах і бронекамізэльках, а АБСЭ засяроджваецца на адбудове дэмакратыі”.

На думку многіх аналітыкаў, зараз у арганізацыі спаборнічаюць два падыходы наконт таго, якую пазыцыя яна павінна займаць у будучыні. Амэрыканцы жадаюць узмацненьня НАТО і бачаць АБСЭ ў ролі цывільнай падтрымкі ў выпадку ваеннай інтэрвэнцыі альянсу. Іншыя, напрыклад, расейцы, жадаюць абмежаваць уплыў НАТО і кажуць, што АБСЭ павінна кіраваць міратворчымі місіямі. Масква, да таго ж, відавочна, незадаволеная засяроджанасьцю АБСЭ на праблеме правоў чалавека і назіраньні за выбарамі. А недзе пасярод гэтых поглядаў знаходзіцца Эўразьвяз. Такім чынам, сёньня, праз 30 гадоў пасьля свайго ўтварэньня, арганізацыя АБСЭ стаіць на пэўным гістарычным раздарожжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG